У рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекту “Урок у музеі” чарговы занятак па гісторыі Беларусі на тэму “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны” для вучняў 11 класа Ізабелінскай сярэдняй школы прайшоў у ваенна-гістарычным музеі імя П. І. Баграціёна
05.02.2025У рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекту “Урок у музеі” чарговы занятак па гісторыі Беларусі на тэму “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны” для вучняў 11 класа Ізабелінскай сярэдняй школы прайшоў у ваенна-гістарычным музеі імя П. І. Баграціёна
Яго праводзіў старэйшы навуковы супрацоўнік музея Мікалай Талюк. Урок, на якім вучні атрымалі многа цікавых і карысных ведаў, праводзіўся з апорай на мясцовы краязнаўчы матэрыял. Асаблівая ўвага супрацоўнікам музея была звернута на палітыку генацыду фашысцкага рэжыму на Ваўкавышчыне ў гады войны. Для навядзення свайго “новага парадку” фашысты сканцэнтравалі ў раёне шматлікія карныя арганізацыі і спецыяльныя часці: службы бяспекі, зондэркаманды, фельдкамендатуры, паліцыю, жандармерыю, ахоўныя паліцэйскія часці, войскі СС і іншыя службы.
Так, у Ізабеліне ў часы вайны стаяў гарнізон, у складзе якога было каля 800 паліцэйскіх і жандармаў. Усяго ў Ваўкавыскім раёне для ўстанаўлення “новага парадку” было створана больш за 40 гарнізонаў і ўмацаваных кропак. Уся паўната ўлады належыла фашысцкім ваенным і грамадзянскім акупацыйным уладам. Галоўным сродкам устанаўлення “новага парадку” стаў масавы тэрор супраць мірных жыхароў. Кожны дзень прыходзілі звесткі аб пакараннях, расстрэлах, пажарах. Людская кроў лілася ракою. Масаваму арышту падвяргаліся тысячы людзей. Аб жудасным фашысцкім рэжыме сведчыць лёс вёскі Шавулічы, якая была спалена разам з жыхарамі. Актам праяўлення палітыкі генацыду з’яўляўся масавы вываз беларусаў, у першую чаргу моладзі, на прымусовыя работы ў Германію. З Ваўкавыскага раёна за гады вайны ў Германію былі вывезены 3 391 чалавек, з іх — 150 дзяцей. Вярнуліся назад на Радзіму толькі 1 320 чалавек.
Расказ Мікалая Талюка суправаджаўся дэманстрацыяй архіўных дакументаў і фотаматэрыялаў. Вучні былі пад вялікім інфармацыйна-пазнавальным і эмацыянальным уражаннем ад урока, які надоўга застанецца ў іх памяці.
Уладзімір Луговіч, настаўнік гісторыі Ізабелінскай СШ.
Источник: https://volkovysknews.by