РУС БЕЛ ENG 中文

«Дызайн гукавога асяроддзя»: сёлета ў Гуманітарным каледжы ГрДУ адкрываецца новая спецыяльнасць

05.02.2025

Як зрабіць так, каб на канцэрце ці спектаклі гарманічна гучаў і спявак альбо акцёр, і музычны рад, будуць ведаць выпускнікі новай спецыяльнасці “Дызайн гукавога асяроддзя”, што сёлета адкрываецца ў Гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гуманітарны каледж мае багатыя педагагічныя традыцыі, унікальны выкладчыцкі склад, а таксама інавацыйныя лабараторыі, што дае магчы­масць рыхтаваць спецыялістаў самага высокага ўзроўню.

— Сёння існуе вострая патрэба ў прафесіяналах, якія валодаюць міжгаліновымі кампетэнцыямі і ўмеюць працаваць з моладдзю. Менавіта таму адкрыццё спецыяльнасці “Дызайн гукавога асяроддзя” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-гукааператар. Настаўнік” — своечасовы і неабходны крок, — заявіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа Юлія Булутава.

На спецыяльнасць “Дызайн гукавога асяроддзя” будуць набіраць выпускнікоў 9-х класаў на дзённае навучанне тэрмінам 3 гады 10 месяцаў.

Адукацыйная праграма па гэтай спецыяльнасці арганічна спалучае ў сабе розныя модулі па вывучэнні музычнага мастацтва, аўдыярэдактараў і іншых камп’ютарных праграм па рабоце з гукам, па асваенні гукатэхнічнага абсталявання (устаноўцы, настройцы, абслугоўванні). Акрамя таго, навучэнцы будуць знаёміцца з асновамі педдзейнасці ў дзіцячых садах, установах адукацыі і культуры. Усё гэта дазволіць ім набыць комплекс кампетэнцый, якія немагчыма атрымаць пры класічнай адукацыі.

— Нашы гукааператары будуць умець працаваць з гукавым абсталяваннем і гукавымі рэдактарамі, валодаць метадамі запісу, звядзення і мастэрынгу, ра­біць аранжыроўку, спяваць і іграць на музычным інструменце (фартэпіяна, баяне, акардэоне). Усё гэта важныя навыкі для работы ў сістэме адукацыі, бо ад іх залежаць паспяховасць мерапрыемстваў, эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, развіццё творчага патэнцыялу навучэнцаў, — пераканана Юлія Вячаславаўна.

Акрамя гэтага, пералічаныя кампетэнцыі будучых спецыя­лістаў спатрэбяцца пры распрацоўцы якаснага гукавога кантэнту для розных медыя, уключаючы кінаіндустрыю, геймдызайн і віртуальную рэальнасць, што выкарыстоўваецца ў сучасным адукацыйным працэсе і, адпаведна, робіць іх важнай часткай крэатыўнай эканомікі.

— Выпускнікі змогуць працаваць у сферы кіно, тэлебачання і радыё, адказваючы за запіс і міксаванне гуку для фільмаў, тэле- і радыёперадач. Яны таксама будуць запатрабаваны ў тэатрах, студыях гуказапісу, творчых калектывах, клубах, на канцэртах і фестывалях, дзе будуць займацца жывым гучаннем і настройкай абсталявання. А яшчэ гука­аператары запатрабаваны ў сферы відэагульняў і віртуальнай рэальнасці, дзе неабходна ствараць якасны гукавы кантэнт, — адзна­чыла прадстаўніца каледжа.

Варта падкрэсліць, што будучыя спецыялісты атрымаюць яшчэ і педагагічную кваліфікацыю, а таму ўсе пералічаныя навыкі змогуць укараніць і ў сферу адукацыі, у тым ліку дашкольнай і дадатковай. Такім чынам здвоеная кваліфікацыя дазволіць вырашыць праблему з кадрамі ў малых населеных пунктах і невялікіх гарадах, бо спецыяліст зможа працаваць ва ўстановах адукацыі і культуры адначасова.

Дарэчы, асноўнымі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў новых спецыялістаў выступаюць упраўленне культуры і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага гарвыканкама, аддзелы адукацыі спорту і турызму розных раёнаў Гродна і інш.

— Мы прааналізавалі заяўкі патэнцыяльных заказчыкаў кад­раў, і аказалася, што перспектыўная штогадовая запатрабава­насць у такіх спецыялістах складае ад 70 чалавек толькі па Гродзенскай вобласці. У гэтым годзе мы будзем набі­раць адну групу з 25 чалавек, — дадала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гуманітарнага каледжа.

Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што ў каледжы працуюць выдатныя педагогі, якія пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, у тым ліку і на адукацыйных анлайн-пляцоўках, у сферы сучасных музычных тэхналогій. Атрыманыя імі падчас навучання кампетэнцыі актыўна ўкараняюцца ў адукацыйны працэс. Ацэнкай узроўню падрыхтоўкі ў гро­дзенскім каледжы сталі 1-е месца і залаты медаль у кампетэнцыі “Музычная адукацыя” на V Рэспуб­ліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2023.

Для таго каб паступіць на спецыяльнасць “Дызайн гукавога асяроддзя”, неабходна мець не толькі добры сярэдні бал дакумента аб адукацыі, але і годна вытрымаць уступны іспыт, які складаецца з двух этапаў. На першым ацэняць музыкальна-слыхавыя і вакальныя даныя абітурыента, а на другім падчас размовы вызначаць яго ўзровень эрудыцыі і правераць, наколькі свядомы выбар гэтай прафесіі.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: