VI Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus пройдзе ў Мінску з 23 па 26 мая
04.02.2025Сістэма беларускай прафесійнай адукацыі запатрабавана далёка за межамі нашай краіны. Міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў пра гэта падчас святочнага мерапрыемства “Гордасць прафесіі, гордасць краіны!”, якое адбылося ў Каледжы сучаных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе ў межах падрыхтоўкі да VI Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Дзяржава падтрымлівала і заўсёды будзе падтрымліваць развіццё прафесійнай адукацыі ў краіне, — падкрэсліў А.Іванец. — Пра гэта заявіў Прэзідэнт на Рэспубліканскім педагагічным савеце ў жніўні мінулага года.
Міністр адукацыі справядліва заўважыў, што развіццё прафесійнага майстэрства немагчыма без конкурснага руху.
— Мы ганарымся тымі перамогамі, якіх дасягаюць нашы навучэнцы як на рэспубліканскіх, так і на міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, — адзначыў Андрэй Іванавіч. — Усё гэта сведчыць аб тым, што якасць падрыхтоўкі спецыялістаў рабочых прафесій, спецыялістаў сярэдняга звяна знаходзіцца на самым высокім узроўні. Сёння наша сістэма прафесійнай адукацыі запатрабавана далёка за межамі краіны. Мы бачым зацікаўленасць у нашых калег з Расіі, Узбекістана, Зімбабвэ, Пакістана, Азербайджана, Таджыкістана і інш. Хачу падзякаваць за справу, якую робіце, і за высакакласных спецыялістаў, якіх рыхтуеце ў нашых установах прафесійнай адукацыі.
Прыемнай часткай святочнага мерапрыемства стала ўзнагароджанне галоўных экспертаў, якія на працягу многіх гадоў уносілі свой уклад у развіццё конкурснага руху. Падзякі Міністэрства адукацыі былі ўручаны майстру вытворчага навучання Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа Людміле Грук (кампетэнцыя “Малярныя і дэкаратыўныя работы (для асоб з АПФР)”, старшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута ядзерных праблем БДУ Андрэю Дунцу (“Мабільная робататэхніка”), члену Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па аграрнай палітыцы Юрыю Корсіку (“Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”), дырэктару таварыства з абмежаванай адказнасцю “Маскота” Аляксандру Радзюкову (“Малярныя і дэкаратыўныя работы”), дырэктару вучэбна-метадычнага цэнтра Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Тамары Сень (“Аграномія”).
VI Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus пройдзе ў Мінску з 23 па 26 мая. Ён аб’яднае спаборніцтвы сярод маладых рабочых, спецыялістаў і навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі па прафесійных кампетэнцыях у галіне вытворчых, інфармацыйных, будаўнічых, транспартных тэхналогій, сацыяльных і персанальных паслуг, моды і дызайну.
Мэта ProfSkills Belarus — павышэнне прэстыжу сучасных рабочых прафесій і спецыяльнасцей, абмен перадавым вопытам у паляпшэнні прафесійных стандартаў і ўзроўню кваліфікацый, кансалідацыя педагагічных і прафесійных супольнасцей па павышэнні ролі сістэмы прафесійнай адукацыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
Источник: https://nastgaz.by