РУС БЕЛ ENG 中文

А мы жыта жалі, дажынкі святкавалі

24.09.2020

 

Адшумелі калоссямі нівы, скончылі працу камбайны, і новым, залатым дажджом пасыпалася збожжа ў засекі нашай краіны. Надыйшоў час свята ўраджаю, ушанавання хлеба. Каравай хлеба новага ўраджаю ўвабраў у сябе ўсё: і ласкавы позірк нашых бацькоў, і шчаслівы смех дзіцяці, і нашы клопаты, і нашу радасць, і нашу працу.

Каб нашы выхаванцы маглі з ранняга дзяцінства ведаць аб сваёй краіне, аб яе працавітым народзе, умелі разумець пявучую і меладычную беларускую мову, у дзяржаўнай установе адукацыі «Сольскі яслі-сад» з вясёлымі песнямі, танцамі і сапраўдным караваем адбылося фальклорнае свята «Дажынкі».

У гэты дзень на свяце прыгожыя дзяўчынкі-жнеі спявалі, жніво жалі, збіралі каласкі, а хлапчукі рабілі снапы. Алеся і Жыцень, якія завіталі на свята, дапамаглі апрануць жытнюю бабу (дажынкавы сноп) у кашулю, спадніцу, каласы павязаць хусткай і ўпрыгожыць рознакаляровымі стужкамі.

На пряцягу ўсяго свята гучалі беларускія песні “А мы жыта жалі”, “Вяночак”, “Ураджайная”. Разам з Алесяй і Жыценем нашы маленькія выхаванцы гулялі ў беларускія народныя гульні “Пекар”, “Збяры каласок”, адгадвалі загадкі, разглядвалі зерне і чыталі вершы. 

Самым цудоўным, яскравым  і доўгачаканым момантам свята стала частаванне духмяным караваем з новага ўраджаю!

поделиться в: