В Кореличах открылась передвижная экспозиция «Кто ты, народ рома?..»
13.11.202412 лістапада ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося адкрыццё выставачнай экспазіцыі “Хто ты, народ рома?…”, якую наведалі старшакласнікі школ раёна.
Прэзентавалі перасоўную экспазіцыю кіраўнік праекта “Памяць аб генацыдзе рома ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі” Артур Гоманаў і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра нацыянальнай культуры Алена Госцева.
Рабочая група праекта, якая складаецца з прадстаўнікоў нямецкага і беларускага бакоў, пабывала ва ўсіх абласцях Беларусі і запісала ўспаміны цыганскіх сем’яў, якія былі сведкамі генацыду, накіраванага супраць рома. Інфармацыя, атрыманая падчас паездак, прадстаўлена ў выглядзе інтэрв’ю, размешчаных на банэрах.
У выставачную экспазіцыю ўваходзяць інфармацыйныя банэры: “Гісторыя рома”, “Жыццё рома да 1941 года”, ”Генацыд рома падчас нацысцкай акупацыі Беларусі (1941-1944 гг.)”, “Карта Беларусі”, з нанесенымі пазначэннямі месцаў нацысцкіх лагераў смерці і масавага знішчэння насельніцтва, “Гісторыя ў асобах (архіўныя фота)”, “Жыццё рома ў сучасным свеце на тэрыторыі Беларусі”. Для ілюстрацыйнай часткі банэраў былі ўзяты фотаматэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Музея Вялікай Айчыннай вайны, асабістых архіваў цыганскіх сем’яў і грамадскага аб’яднання “Беларуская цыганская дыяспара”, адкрытых крыніц інтэрнэт-рэсурсаў.
Выстава ўжо экспанавалася ў 17 гарадах нашай рэспублікі, а таксама ў знак прызнання генацыду нямецкім бокам у гарадах Берлін і Нюрнберг. Карэліччане таксама змаглі дакрануцца да страшнай праўды ваенных часоў. Выстава не пакінула абыякавым ніводнага гледача.
Дзякуючы прэзентацыі, наведвальнікі даведаліся пра тое, як народ рома пацярпеў у гады вайны. Алена Госцева распавяла пра генацыд народа рома на тэрыторыі многіх краін, пра лагеры смерці ў Беларусі, масавыя акцыі знішчэння людзей у ваенны час.
Артур Гоманаў адзначыў, што наша гісторыя – гэта найлепшы настаўнік. Кожны павінен засвоіць трагічныя ўрокі гісторыі і ніколі не паўтараць іх. Гэта ў нашых сілах.
– Сапраўды няма тэрміна даўнасці ў злачынстваў, якія ўпісалі трагічныя старонкі ў гісторыю розных народаў. Усё далей у мінулае сыходзяць гады вайны, і ўсё менш застаецца людзей, якія памятаюць яе трагічныя старонкі. Сёння важна захаваць праўду пра гэтыя падзеі і данесці яе да вас, маладое пакаленне, – звярнулася да старшакласнікаў дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік.
У сваёй прамове яна таксама звярнулася да арганізатараў выставы і выказала словы падзякі за дэтальна праведзеную працу і цудоўную выставу.
–Дзякуй вам за тое, што белых плям у гісторыі нашай краіны становіцца менш, –заключыла Наталля Мікалаеўна.
З выставай “Хто ты, народ рома?..” можна пазнаёміцца да 14 лістапада 2024 года.
Вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Юлія Чыж адзначае:
– Генацыд – гэта адно з найстрашнейшых злачынстваў. Яно ўсё больш і больш здзіўляе сваёй жорсткасцю, бо гэта нават не забойства, гэта знішчэнне. Што казаць ужо пра матывы! Цяжка ўявіць, што рухае людзьмі, прымушаючы іх падзяляць людзей па розных прыкметах і жадаць ім смерці. Над намі ж адно неба, пад намі адна зямля. Мы ўсе роўныя пад небам і на зямлі, незалежна ад колеру скуры, рэлігіі, нацыі.
Сёння вядуцца пошукі і расследаванні ўсіх фактаў генацыду савецкага народа. Лічу, гэта правільна. Тэрміну даўнасці ў падобных зверствах супраць вялікай колькасці людзей не павінна быць. Прыклады генацыду, якія сустракаюцца ў свеце, вельмі страшныя і бязлітасныя, а матэрыялы, прадэманстраваныя сёння на выставе, з’яўляюцца яскравым пацверджаннем зверскага стаўлення да людзей, трагізму ўсяго перажытага.
Источник: http://www.polymia.by/2024/11/v-korelichax-otkrylas-peredvizhnaya-ekspoziciya-kto-ty-narod-roma/