Эксперыментальная фізіка матывуе і дэманструе прыгажосць прадмета, упэўнены настаўнік Дзмітрый Тэжык
12.11.2024Эксперыментам настаўнік фізікі сярэдняй школы № 17 Ліды Дзмітрый Тэжык заўсёды ўдзяляе шмат увагі. Наша з ім знаёмства таксама праходзіла пры ўсталяванні элементаў для чарговага эксперыментальнага працэсу. Упэўненыя рухі дзесяцікласнікаў засведчылі наяўнасць вопыту ў гэтай цікавай справе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пакуль яны вывучалі чарговую фізічную з’яву, маю ўвагу прыцягнуў куток педагагічнай гордасці. На сценах віселі шматлікія падзякі Дзмітрыю Аляксандравічу ад універсітэтаў за выдатную падрыхтоўку навучэнцаў, а таксама вучнёўскія дыпломы з алімпіяд, турніраў.
Агульная пераможная скарбонка ўражвае. За час работы ў школе (з 2007 года) настаўнік падрыхтаваў 66 пераможцаў другога этапу, 39 пераможцаў трэцяга этапу, 11 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.
У навучальнай установе вельмі ганарацца перамогамі вучняў і на міжнароднай арэне. Якаў Бакуновіч, калі быў дзевяцікласнікам, у 2020 годзе стаў сярэбраным прызёрам Кубка па фізіцы і інфарматыцы ў Сербіі. Акрамя таго, гэты хлопец стаў сярэбраным прызёрам 7-й і 8-й Міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы ў Віцебску. Яшчэ адзін выпускнік Сяргей Лаза стаў сярэбраным прызёрам 25-й Міжнароднай алімпіяды школьнікаў “Туймаада”, якая праводзілася ў Рэспубліцы Саха (Якуція), бронзавым прызёрам 6-й Міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы ў Віцебску, бронзавым прызёрам Жаўтыкаўскай алімпіяды ў Казахстане. Яшчэ на рахунку педагога 100-бальны сертыфікат па выніках удзелу выпускніка школы ў ЦТ па фізіцы і паспяховы ўдзел вучняў у турніры юных фізікаў.
У сярэдняй школе № 17 Ліды арганізавана дапрофільная падрыхтоўка на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі і профільнае навучанне на трэцяй ступені. Д.А.Тэжык працуе ў класах, дзе вучэбны прадмет “Фізіка” вывучаецца на павышаным узроўні. З году ў год яго вучні займаюць прызавыя месцы на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі.
Дзмітрый Аляксандравіч — прыхільнік класічнага ўрока. Па яго меркаванні, такая арганізацыя вучэбных заняткаў дазваляе даць максімум ведаў і ўменняў. У балансе паміж тэорыяй і практыкай настаўнік імкнецца ўлюбіць кожнага ў свой прадмет. Вынікі ў алімпіядным руху дэманструюць яго паспяховасць у гэтым кірунку. А эксперыменты даюць магчымасць выявіць здольнага вучня, бо пры рашэнні эксперыментальных задач школьнік дэманструе ўменне разважаць, прапануе нестандартныя падыходы ў рашэнні або нават можа скласці сваю эксперыментальную задачу.
Безумоўна, работа з адоранымі дзецьмі патрабуе асаблівай увагі і часу. Як заўважыў педагог, дзвюх-трохгадзінныя заняткі з такімі вучнямі — гэта мінімум. Вялікія перамогі патрабуюць адпаведнай самааддачы. Да таго ж навучэнцы Дзмітрыя Аляксандравіча ведаюць, што калі і не атрымаюць жаданы дыплом на алімпіядзе, то гадзіны, затрачаныя на эксперыментальную фізіку ў школе, абавязкова акупяцца падчас навучання ва ўніверсітэце. Былыя вучні настаўніка заўсёды прыметныя студэнты.
З 2023/2024 навучальнага года на базе 10-га профільнага класа школы, дзе фізіка і матэматыка вывучаюцца на павышаным узроўні, адкрыта профільная група інжынернай накіраванасці. Тут на працягу двух гадоў старшакласнікі асвойваюць праграму факультатыўных заняткаў “У свеце тэхнікі і тэхналогій. Выбіраем інжынерную прафесію”. Факультатыў вядзе Дзмітрый Аляксандравіч.
Навучэнцы інжынернай групы ўжо станавіліся пераможцамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды, даследчых канферэнцый. Для павышэння эфектыўнасці яе дзейнасці арганізавана супрацоўніцтва з БНТУ і прадпрыемствамі Лідчыны, якія Дзмітрый Аляксандравіч наведвае разам з вучнямі ў рамках вывучэння розных модуляў факультатыўнай праграмы.
Настаўнік перакананы, што такое ўзаемадзеянне дапаможа ў фарміраванні ў вучняў тэхналагічнай культуры, гатоўнасці да ўсвядомленага выбару інжынернай адукацыі. Дарэчы, па выніках першага года навучання (згодна з вынікамі анкетавання) 100% навучэнцаў інжынернай групы плануюць паступаць ва ўніверсітэты на інжынерныя спецыяльнасці.
Источник: https://nastgaz.by