Вчерашние выпускники Мирского государственного колледжа пришли преподавать в свою альма-матер
11.11.2024Восенню пачынаецца новы навучальны год не толькі для вучняў і студэнтаў, але і для маладых педагогаў, якія ўпершыню пераступаюць парогі вучэбных устаноў у новай для сябе якасці. Сёлета перадаваць навучэнцам УА “Мірскі дзяржаўны каледж” свае ўменні і навыкі прыйшлі чацвёра маладых майстроў, былых выпускнікоў каледжа.
Майстар вытворчага навучання мастак роспісу па дрэве Вікторыя Шпакоўская на трэцім курсе каледжа зразумела, што хоча паспрабаваць сябе ў ролі майстра-педагога:
— Тады здавалася, што ўсё проста: ты даеш веды, а навучэнцы працуюць. Хацелася рэалізаваць свае веды на практыцы, асабліва паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка, каб вучыць усім сакрэтам і прыёмам, навыкам мастацкага роспісу, рэстаўрацыйнага мастацтва, ствараць яркія і запамінальныя вобразы.
Немалую ролю ў самавызначэнні дзяўчыны на шляху педагагічнай работы аказала майстар вытворчага навучання Святлана Мікалаеўна Браніцкая, якая заўжды здзіўляла Вікторыю сваім уменнем растлумачыць прафесійныя моманты простай даступнай мовай, з нязменнай дабрынёй.
— Імкнуся, як і яна, знайсці свой шлях да сэрцаў і розумаў рабят, — дзеліцца Вікторыя. — Тым больш, што вопытныя калегі заўжды побач. Мне падабаецца працаваць з навучэнцамі, спрыяць развіццю творчага мыслення. Таксама сваёй важнай задачай лічу захаванне традыцый і сумяшчэнне іх з сучаснасцю.
Мінчанка Ксенія Міхайлава працуе ў каледжы майстрам вытворчага навучання па спецыяльнасці “Вытворчасць мастацкіх вырабаў з керамікі”. Дзяўчына прызнаецца, што калі б на першых двух курсах прафтэх-навучання нехта сказаў, што яна будзе працаваць майстрам вытворчага навучання — яна б палічыла гэта добрым жартам. Аднак усё змянілася, калі яна вучылася на другой ступені па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” і звярнула ўвагу, з якім захапленнем і натхненнем выкладаюць педагогі:
— Я назірала за працай майстра вытворчага навучання Таццяны Аляксандраўны Іванцовай і ўбачыла, як малады педагог можа і суперажываць за агульную працу, і быць патрабавальным у плане засваення спецыяльнасці. Лічу, што гэтыя якасці вельмі важныя ў рабоце з моладдзю. Таксама мне вельмі падабаецца ўдзельнічаць у разнастайных конкурсах і я разумею, як многа значыць быць усебакова развітым спецыялістам, бо гэта дазваляе зацікавіць моладзь.
Майстар вытворчага навучання мантажнік каркасна-абшыўных канструкцый сухога будаўніцтва Мікіта Сіцько прыехаў у Мір з г. Клецка Мінскай вобласці. Юнак расказвае, што вырашыў звязаць жыццё з такой спецыяльнасцю, бо яму падабаецца працаваць з дзецьмі і ён можа перадаць сваім вучням свае ўменні і навыкі:
— Хочацца раскрыць іх патаемныя здольнасці, дапамагчы ім даведацца нешта новае, вучыцца новаму, каб яны дасягалі пэўных вышынь у сваёй справе і даказвалі самі сабе, што яны будучыя прафесіяналы, для якіх не існуе перашкод. Галоўнае, каб яны імкнуліся развівацца.
Прыкладам для самога сябе Мікіта лічыць сваіх выкладчыкаў, якія ў свой час дапамаглі юнаку ўдасканаліць свае ўменні, падказалі, у якім накірунку рухацца, над чым неабходна папрацаваць:
— Маё жаданне паспрабаваць свае сілы ў ролі майстра вытворчага навучання ўзнікла пад уплывам нашых майстроў-педагогаў, сапраўдных профі сваёй справы Івана Іванавіча Лясько і Яўгена Аляксандравіча Чэрніка. Тым больш, што мне давялося паўдзельнічаць у фінальных спаборніцтвах рэспубліканскага конкурсу “ProfSkills Belarus 2023”. Падрыхтоўка ў рамках гэтага конкурсу, цеснае супрацоўніцтва з педагогамі, прызнанымі карыфеямі ў сваёй прафесіі, прывялі мяне да пераканання, што я змагу рэалізаваць атрыманыя ўменні не толькі як высакакласны рабочы, але і як педагог, які таксама зможа падрыхтаваць годных канкурсантаў, а ў будучым і спецыялістаў-прафесіяналаў.
Калега Мікіты Алена Нагаева таксама лічыць, што яе місія не проста перадаваць веды, але і дапамагаць студэнтам паверыць у сябе. Для яе яны не проста вучні, а творцы сваёй будучыні.
— Навучанне — гэта не толькі тэорыя, але і практыка, таму я стараюся стварыць атмасферу, у якой навучэнцы маглі б адчуваць сябе ўтульна і рэалізаваць свае ідэі.
Дзяўчына спрабавала сябе ў іншай сферы, але вырашыла вярнуцца працаваць у каледж:
— Тут пануе атмасфера творчасці. Да таго ж, за гады навучання я сапраўды пасябравала з выкладчыкамі, якія цяпер сталі маімі калегамі. Калектыў сустрэў вельмі цёпла і прыязна, таму ніякага хвалявання ў першыя дні не было.
Кожны ўрок для маладога педагога — магчымасць натхніць рабят, дапамагчы ім раскрыць свае таленты і навучыць працаваць у камандзе.
— Заўжды прыемна назіраць, як навучэнцы ствараюць нешта новае, і ў іх вачах ззяе агеньчык натхнення, як яны карпатліва працуюць над сваёй задумай, хвалююцца, калі паказваюць яе іншым, і радуюцца, калі атрымліваюць пахвалу.
Источник: http://www.polymia.by