РУС БЕЛ ENG 中文

Дранікі анлайн: у гродзенскім дзіцячым садзе прайшоў кулінарны майстар-клас для расійскіх сяброў

11.11.2024

Госці з розных куткоў Расіі “завіталі” ў гродзенскі дзіцячы сад № 35 на анлайн­-майстар-­клас па беларускай кухні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 У майстар-класе “Гатуем разам — кухня Расіі і Беларусі”, які прайшоў у анлайн-фармаце, прынялі ўдзел педагогі, дашкаляты і іх бацькі з Новасібірскай, Калінінградскай, Свярдлоўскай, Пензенскай абласцей, Іркуцка, Тагіла, Пярмі і іншых гарадоў і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі — усяго 30 удзельнікаў! Усе яны сабраліся ў Гродне, каб даведацца пра сакрэты нашай нацыянальнай кухні: праслухалі міні-экскурс “Стравы беларускай кухні”, праглядзелі кулінарныя відэаролікі, якія падрыхтавалі сем’і гродзенскіх дашкалят. А таксама паспрабавалі сябе ў моўным інтэрактыве і на літаратурным “Фуд-квізе”. Ніхто не застаўся ў баку і ад захапляльнага майстар-класа па складанні папяровых сурвэтак для сервіроўкі стала.

— Было весела! — расказала загадчыца дзіцячага сада № 35 Гродна Алена Жэгала. — Сумесныя анлайн-мерапрыемствы з дашкольнымі ўстановамі Расіі мы право­дзім ужо не першы год, выбіраем цікавыя тэмы, таму ў нас заўсёды аншлаг. Самым запамінальным момантам на гэты раз стала практычная частка — гатаванне бліноў і дранікаў па-сялянску. Удзельнікі спрытна чысцілі і надзіралі бульбу, змешвалі яе з іншымі інгрэдыентамі і ператваралі ў духмяныя залацістыя аладкі. Здавалася, паветра праз экран напаўняецца апетытным пахам. У канцы сустрэчы ўсе расійскія госці адзначылі ўнікальнасць і прыгажосць беларускай народнай кухні.

— Кулінарная сустрэча не толькі падарыла нам каштоўныя веды і навыкі, але і замацавала сяброўскія сувязі паміж дзіцячымі садамі Расіі і Беларусі, — заўважыла Таццяна Энс, кіраўнік Калінінградскага кампуса “Універсітэт дзяцінства”. — Гэта яскравы прыклад таго, як сумесныя культурныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей праз межы і адлегласці. Мы з нецярплівасцю чакаем наступных сустрэч.

Педагог-дэфектолаг 35-га сада Іна Кароль разам з сынам-дашкольнікам Мішам у прамым эфіры гатавалі дра-
нікі.

— Вядома, хваляваліся, — падзя­лілася яна. — Але атмасфера была такая сяброўская, дамашняя, што ўсё прайшло лёгка. Сын прымаў удзел ва ўсіх этапах гатавання — ад замешвання цеста да ўпрыгожвання гатовай стравы. А з расійскімі калегамі мы паспелі пагаварыць не толькі пра ежу, але і на прафесійныя тэмы.

Сям’я Ашмяна — маці Юлія і дзеткі Мікіта і Кацярына — гатавалі блінцы.

— Мы ўжо не першы раз прымаем удзел у анлайн-праектах з Расіяй, — адзначыла Юлія. — І заўсёды гэта эмоцыі, якія запомняцца на ўсё жыццё! Вялікі дзякуй нашаму саду за такую цудоўную ініцыятыву.

 Даведка

Майстар-клас “Гатуем разам — кухня Расіі і Беларусі” адбыўся ў рамках міжнароднага праекта “Садружнасць” пры падтрымцы дабрачыннага фонду развіцця дашкольнай адукацыі “Універсітэт дзяцінства” Масквы і Калініградскага кампуса “Універсітэт дзяцінства”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: