Прававы з паглыбленым вывучэннем пракурорскай дзейнасці і медыцынскі класы адкрылі ў шчучынскай школе № 2
05.11.2024Першыя на Шчучыншчыне прававы з паглыбленым вывучэннем пракурорскай дзейнасці і медыцынскі класы адкрылі ў сярэдняй школе № 2 Шчучына імя В.Я.Пярвушына. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Установа адукацыі ўжо не першы год супрацоўнічае з сілавымі ведамствамі раёна: аддзеламі ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, пракуратурай. Кожны год пяцікласнікі, якія маюць і сярэдні бал, і па англійскай мове не ніжэй за 7, маюць магчымасць вучыцца ў прававым класе. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з РАУС, а афіцэры з педагагічнай адукацыяй вядуць факультатыў “Асновы права”. Таксама ў школе ёсць інжынерны клас.
Ганаровым госцем прававога класа з паглыбленым вывучэннем пракурорскай дзейнасці ў Дзень народнага адзінства стаў пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка
— Лагічным працягам прафарыентацыйнай работы нашай установы, якая мае статус школы прававой культуры, стала адкрыццё прававога з паглыбленым вывучэннем пракурорскай дзейнасці класа ва ўзаемадзеянні з пракуратурай Шчучынскага раёна, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 2 Шчучына імя В.Я.Пярвушына Жанна Генрыхаўна Гайда. — Вучыцца ў гэтым класе выказалі жаданне 8 дзесяцікласнікаў. Яны на павышаным узроўні вывучаюць грамадазнаўства і англійскую мову. Прадугледжаны факультатыўныя заняткі, адзін дзень з пракурорам і іншыя мерапрыемствы з удзелам супрацоўнікаў нагляднага ведамства. Дарэчы, гэта першы клас з паглыбленым вывучэннем пракурорскай дзейнасці ў нашым раёне, як і медыцынскі.
Арына Міцянец і Ігнат Сосна свядома выбралі вучобу ў прававым класе. Старшакласнікі займаюцца ў праваслаўным ваенна-патрыятычным клубе “Дружына” на базе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, актыўныя ўдзельнікі школьнага ваенна-патрыятычныга клуба “Экстрым”. Арына плануе звязаць сваё жыццё з ваеннай справай.
— Я прыйшоў у гэты клас, таму што мне падабаецца ваенная тэматыка, — расказаў Ігнат. — Усе мае сваякі: дзядзькі, цёткі, браты — патомныя вайскоўцы. А я хачу стаць юрыстам. Гэты клас дае мне магчымасць на паглыбленым узроўні вывучаць грамадазнаўства і англійскую мову, наведваць факультатыў па вывучэнні гуманітарнага права. Лічу, што так лепш падрыхтуюся да будучай прафесіі.
Пракурор Шчучынскага раёна Алег Валер’евіч Вялічка — часты госць у школе, і не толькі таму, што тут вучыцца яго малодшы сын, а старэйшы — сёлетні выпускнік школы, які паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Цесныя ўзаемасувязі з раённай пракуратурай і сталі перадумовай для адкрыцця ва ўстанове адукацыі прававога класа з паглыбленым вывучэннем пракурорскай дзейнасці. У верасні бягучага года А.В.Вялічка правёў у класе першы прававы ўрок.
— Будзем рады бачыць выпускнікоў 2-й школы сярод супрацоўнікаў органаў пракуратуры, — падкрэсліў Алег Вялічка. — Каб навучыць дзяцей прававой свядомасці, і патрэбны профільныя класы прававой, у прыватнасці пракурорскай, накіраванасці. Мы будзем расказваць пра сваю дзейнасць, і школьнікі зразумеюць, ці свой кірунак у будучую прафесію яны выбралі. Пачытаць тэорыю — гэта адно, важна на практыцы паказаць, як працуюць нашы службы, як расследуюцца крымінальныя справы, у прыватнасці па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, як збіраюцца матэрыялы праверак. Плануем арганізаваць наведванне школьнікамі суда, запросім іх таксама ў пракуратуру. Такія сустрэчы важныя не толькі для дзяцей, але і для нас, бо мы зацікаўлены ў падрыхтоўцы добрых спецыялістаў.
Заняткі ў медыцынскім класе праводзіць Вольга Карасевіч
Падобныя ўзаемаадносіны ва ўстановы адукацыі склаліся і са Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцай, што дазволіла адкрыць медыцынскі клас. У ім таксама вучыцца 8 чалавек.
Вучаніца 10 “Б” класа Лізавета Рэмко прызналася, што выбрала медыцынскі клас таму, што хоча стаць стаматолагам:
— Мне падабаецца хімія і біялогія, а тут гэтыя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. Можна больш раскрыць свае магчымасці, ды і вучыцца тут вельмі цікава.
Вопыт работы ў профільным класе ўжо накоплены ў педагога Таццяны Ігараўны Пекар. Яна класны кіраўнік класа прававой накіраванасці, у якім вучацца 25 сямікласнікаў. Першы выпуск быў у 2021 годзе.
— Праз усе вучэбныя заняткі, усю выхаваўчую работу чырвонай ніткай праходзіць тэма прававой культуры, выхавання патрыятызму, грамадзянскасці, — падкрэсліла Т.І.Пекар. — Заўважыла вялікую цікавасць трапіць у клас прававой накіраванасці з боку дзяцей, падтрымку іх бацькоў. Сямікласнікі — удзельнікі многіх мерапрыемстваў у школе, і мяне радуе, што гэта знаходзіць водгук у іх сэрцах. Дзеці вельмі ганарацца сваімі знакамі адрознення. Адчуваю падтрымку з боку Шчучынскага РАУС, адміністрацыі школы і бацькоў.
Увогуле, у Шчучынскім раёне вядзецца планамерная, штогадовая прафарыентацыйная работа сярод школьнікаў.
— Стараемся выкарыстоўваць магчымасці, якія нам дае дзяржава, Міністэрства адукацыі, — адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. — Летась мы адкрылі інжынерныя класы, сталі актыўна ўзаемадзейнічаць з прадпрыемствамі “Аўтаправод”, “Праймілк”, дзеці паглыбіліся ў прафесійнае асяроддзе. У гэтым годзе вырасла колькасць жадаючых вучыцца ў інжынерных класах. Сёлета ў розных школах раёна ў такіх класах займаецца 37 чалавек.
Папулярызацыі профільных класаў спрыяе і тое, што кожны год праводзяцца раённыя тэматычныя алімпіяды: для агракласаў — “Аграгіяда”, для педагагічных — “Педагагіяда”. Летась для інжынерных класаў арганізавалі “Тэхнагіяду”. Дзеці ўважліва слухалі галоўных інжынераў прадпрыемстваў, маладых спецыялістаў, задавалі пытанні.
— Мы зыходзім з таго, якія кадры запатрабаваны ў нашым раёне, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Віктаравіч Тарчынскі. — Профільныя класы адкрываем пры падтрымцы кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў. І калі раней абмяжоўваліся прафарыентацыйнымі экскурсіямі, то сёння заключаем дагаворы аб супрацоўніцтве на пастаяннай аснове, арганізоўваем факультатыўныя заняткі. Было прыемна, калі Шчучынскі РЭС сам стаў ініцыятарам супрацоўніцтва з гімназіяй і нават даў выпускнікам мэтавыя накіраванні.
Значная колькасць выпускнікоў пры паступленні аддае перавагу выбранаму профілю. Хтосьці выбірае іншы шлях, і добра, калі зразумець сваё прызначэнне дапамаглі прафарыентацыйныя заняткі і мерапрыемствы, сустрэчы з работнікамі прадпрыемстваў, сілавых ведамстваў, з урачамі і інжынерамі.
Источник: https://nastgaz.by