Як у Карэлічах дапамагае адаптавацца маладым спецыялістам Наталія Скок
08.10.2024Маладым спецыялістам дзіцячага сада № 1 Карэліч пашчасціла, бо яны трапілі пад апеку Наталіі Яўгеньяўны Скок, кіраўніка раённай школы станаўлення для маладога спецыяліста-педагога. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёлета калектыў дзіцячага сада папоўніўся трыма маладымі педагогамі. Усе яны вярнуліся працаваць на малую радзіму. Ганна Кузьміч і Настасся Жарко — выпускніцы Ваўкавыскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а Настасся Ламака — Лідскага каледжа таго ж універсітэта.
Калектыў рады такому папаўненню. Кіраўніцтва і кожны выхавальнік гатовы, як кажуць, падставіць сваё плячо, падзяліцца вопытам, дапамагчы адаптавацца. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 1 Карэліч Н.Я.Скок, як звычайна, узяла над моладдзю шэфства. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе калектыў папоўніўся чатырма спецыялістамі.
— Яны нібыта мая група, толькі не дашкольнікаў, а маладых людзей ад 18 да 20 гадоў, — расказала Наталія Яўгеньяўна. — Для іх тут усё новае: і калегі, і дзеці. А летась маладым людзям прыйшлося асвойвацца на новым месцы жыхарства. Не дзіўна, што адаптавацца ім складана. Мне здаецца, галоўнае — усяліць у маладых спецыялістаў веру ў свае сілы, у добразычлівасць калектыву і жаданне кожнага дапамагчы ім, каб яны пераканаліся, што знаходзяцца на сваім месцы. Заўсёды гавару ім: “Не хвалюйцеся, калі нешта не атрымліваецца, я дапамагу”. Галоўнае — мець жаданне авалодаць ведамі. Я вучу іх не замыкацца ў сабе, не баяцца цяжкасцей, памылак. Бо хто не працуе, той і не памыляецца. Праводжу індывідуальныя кансультацыі, калі патрэбна.
Наталія Скок другі год з’яўляецца кіраўніком раённай школы станаўлення для маладога спецыяліста-педагога. На базе дзіцячага сада № 1 Карэліч праходзяць пасяджэнні школы, тут збіраюцца маладыя педагогі — выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі.
У пачатку новага навучальнага года Наталія Яўгеньяўна праводзіць анкетаванне, каб бліжэй пазнаёміцца з маладымі спецыялістамі і з’яднаць іх. На занятках разглядаюцца пытанні планавання, нарматыўна-прававыя дакументы. Педагог з багатым вопытам заўсёды гатова адказаць на пытанні моладзі, накіраваць яе, даць параду.
— Нацэльваю сябе на тое, што трэба зацікавіць маладых калег, дапамагчы ім ва ўсім, каб яны раскрыліся. У кожнага ж ёсць нейкі талент, трэба толькі падштурхнуць чалавека, каб ён праявіў сябе. Думаю, калі гэта атрымаецца, сфарміруецца каманда, з якой мы зможам стварыць для дзяцей найлепшыя ўмовы для выхавання і развіцця, — паведаміла суразмоўніца.
У свой час Наталія Яўгеньяўна маладым спецыялістам прыйшла ў дзіцячы сад № 1 пасля заканчэння факультэта дашкольнага выхавання Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Так і засталася на малой радзіме назаўжды. Яна з дзяцінства марыла быць настаўнікам. У дзіцячы сад не хадзіла, таму не разумела, як там усё ўладкавана. Але з узростам адчула, што хоча працаваць менавіта з маленькімі дзецьмі, магчыма, таму, што сама з мнагадзетнай сям’і.
— Я ўвесь час працую ў адной установе, што сведчыць: гэта маё, — адзначыла педагог. — Да 2014 года працавала выхавальнікам, потым мне прапанавалі пасаду намесніка загадчыка дзіцячага сада: напэўна, прыйшоў час дзяліцца вопытам з маладымі. Нягледзячы на тое, што я перайшла на кіруючую пасаду, вельмі люблю займацца з дзецьмі, хочацца як мага больш увагі ўдзяляць ім. Доўгі час калектыў быў стабільным, а потым людзі пачалі сыходзіць на пенсію, прыйшла моладзь. Адразу была нейкая насцярожанасць, як моладзь справіцца. А цяпер я разумею, што мы самі расцём следам за маладымі. Вучым іх, а ў чымсьці і яны нас. Гэта вельмі добрая ўзаемасувязь.
Доўгі час выкарыстоўвала ў сваёй рабоце ТРВЗ (тэорыю рашэння вынаходніцкіх задач), прымяняла яе амаль на ўсіх занятках, у любую вольную хвілінку магла прапанаваць дзецям гульню, што развівала іх мысленне і логіку. Прайшла аўтарскія курсы, была кіраўніком раённай творчай группы па ТРВЗ. Сёння і іншыя педагогі дзіцячага сада выкарыстоўваюць ТРВЗ. Створана шмат дапаможнікаў, табліц. Цяпер ужо Наталія Яўгеньяўна дапамагае педагогам у гэтай справе.
На базе дзіцячага сада № 1 Карэліч працуе раённы рэсурсны цэнтр па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці. Н.Я.Скок з’яўляецца яго кіраўніком. Назапашана шмат напрацовак, дапаможнікаў, ёсць вопыт правядзення семінараў. Аўтарскія гульні Наталіі Скок “Кола бяспекі”, “Палянка бяспекі” выкарыстоўваюцца на занятках з дзецьмі. У студзені 2024 года выйшаў дапаможнік “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне: сцэнарыі, канспекты, гульні”.
— Мы ў дзіцячым садзе стараемся ісці ў нагу з часам, удзельнічаем у канферэнцыях, напрыклад, у раённай “Шлях да пазнання”, і ў нас заўсёды ёсць дыпломы. Прымаем удзел у канферэнцыі педагагічных работнікаў “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дзе педагогі таксама адзначаюцца дыпломамі аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама. Далучыліся да праекта “Інфарматыка без разеткі”, вяду заняткі з дзецьмі. Усё гэта вельмі цікава, — расказала суразмоўніца.
Педагагічны стаж Наталіі Яўгеньяўны — 34 гады.
— Гэта маё жыццё, мой дом. Усё, што звязана з маім усвядомленым жыццём, — дзіцячы сад, — прызналася педагог.
Источник: https://nastgaz.by