Па сцяжынцы да школьнага парога Жукойне-Жалядскай школы прайшліся яе былыя вучаніцы і настаўніцы Валянціна Крэміс і Лілія Сініца
07.10.2024Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
Па сцяжынцы да школьнага парога Жукойне-Жалядскай школы прайшліся яе былыя вучаніцы і настаўніцы Валянціна Крэміс і Лілія Сініца.
З гісторыі
Па сведчаннях старажылаў пачатковая школа ў Жукойнях Жалядскіх працавала з 1920 года. Памяшканне здымалі ў доме Памецькі. Займала школа правы бок хаты. З 1951 года ўстанова стала сямігадовай. Месцілася яна ў трох будынках: былога магазіна, доме арганіста і былой плябаніі.
Расказвае былая вучаніца, а затым настаўніца Жукойне-Жалядскай школы Валянціна Ільяшаўна Крэміс:
– Час вучобы ў Жукойне-Жалядскай сямігадовай школе я заўсёды ўспамінаю з удзячнасцю – у першую чаргу да настаўнікаў, якія тут працавалі.
У першы клас мяне прывялі бацькі ў 1951 годзе. На ўсё жыццё запомніўся гэты дзень. Настаўнікі і старэйшыя вучні сустрэлі нас ветліва. Пасля першай школьнай лінейкі прывялі ў памяшканне, дзе ўжо сядзелі вучні 3 класа, і пасадзілі за парты. А потым было знаёмства з нашай настаўніцай Вольгай Віктараўнай Пац.
Канешне, ніхто з дзяцей да школы не быў падрыхтаваны. І першая настаўніца прыклала шмат сіл і намаганняў, каб навучыць нас чытаць і пісаць – а пісалі ж тады пёравымі ручкамі і чарніламі. Настаўніца наша была добрая, справядлівая і ў меру строгая.
Дырэктарам школы ў той час з’яўляўся Рыгор Андрэевіч Якаўлеў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені. Выкладаў ён рускую мову і літаратуру. А яго жонка Ганна Рыгораўна Катлярова была настаўніцай нямецкай мовы.
У 5-м класе маім класным кіраўніком стала Вера Сямёнаўна.
Жукойне-Жалядскую школу я скончыла ў 1958-м і пайшла далей вучыцца ў Жукойнінскую сярэднюю. Яе дырэктарам быў Іван Паўлавіч Журовіч. Сярэднюю адукацыю атрымала ў 1961 годзе. Пасля заканчэння вучобы ў Полацкім педвучылішчы загадчык РАНА Расціслаў Арсенцьевіч Герт даў накіраванне ў родную васьмігадовую школу ў Жукойнях Жалядскіх. Так, я ў 1965 годзе зноў вярнулася ў сваю любімую школу.
У гэты час яе дырэктарам быў Віктар Гаўрылавіч Сібірцаў, які выкладаў рускую мову і літаратуру. Мне ж даручылі весці хімію, біялогію і маляванне.
Каля будынкаў школы размяшчаўся малады сад, быў агарод, у якім вырошчвалі гародніну – восенню яе прадавалі. Мне як настаўніцы біялогіі давялося разбіваць кветнікі паміж двума будынкамі. Працавалі разам з вучнямі – работа ішла хутка і атрымлівалася, здаецца, нядрэнна.
Каля першага будынка школы размяшчалася пляцоўка з самым простым спартыўным інвентаром, побач былі валейбольнае і футбольнае палі.
У нас працавалі цудоўныя настаўнікі, якія поўнасцю сябе прысвячалі вучням: пачатковых класаў – Зофія Карпаўна Валадкевіч і Галіна Раманаўна Паўловіч, матэматыкі – Эльвіра Францаўна Лобач, фізкультуры – Аляксей Мацвеевіч Шыман, гісторыі – Іван Мікітавіч Мартынаў, фізікі – Іосіф Іосіфавіч Дворак, рускай мовы і літаратуры – Галіна Сігізмундаўна Памецька, беларускай мовы і літаратуры – Вера Лявонцьеўна Конан, якая з 1966 года ўзначальвала школу.
Вера Лявонцьеўна была вельмі добразычлівым, патрабавальным, добрым, мудрым настаўнікам і кіраўніком. Яна заўсёды вучыла нас адстойваць сваю жыццёвую пазіцыю.
У школе адзначалі ўсе дзяржаўныя і каляндарныя святы, асабліва рыхтаваліся да прыёму ў акцябраты і піянеры.
Цудоўныя мерапрыемствы ў нас праходзілі на Новы год. Пад маім кіраўніцтвам вучні рыхтавалі карнавальныя касцюмы, абавязкова на свята запрашалі бацькоў і жыхароў вёскі. Усім было цікава, весела і радасна. Ладзілі канцэрты, з якімі выступалі ў Спондаўскім клубе.
Для ўсёй вёскі 1 верасня з’яўлялася важным святам: на першую лінейку збіраліся не толькі школьнікі, але і іх бацькі, і проста жыхары.
Насычаным было і пазакласнае жыццё: настаўнікі ладзілі для дзяцей экскурсіі на кардонную фабрыку ў Альхоўку, на малаказавод у Міхалішках, на цагляны завод ў Вераб’ях, на Каймінскія азёры.
З першых гадоў працы я вяла сшытак, у які запісвала ўсіх выпускнікоў з іх класнымі кіраўнікамі. І сёння цудоўна помню кожнага свайго вучня. Хтосьці стаў настаўнікам, працаўніком лясной і сельскай гаспадаркі, ветэрынарам, урачом, медсястрой ці бухгалтарам. Жыццё некаторых закінула ў іншыя раёны і вобласці краіны. Але кожны пакінуў след у маім сэрцы і памяці: Галіна Міхновіч, Здзіслаў Віткевіч, Тадэвуш Ствол, Аліна Юркевіч, Іаланта Валуевіч, Генадзь Субач, Моніка Дзевялтоўская, Леакадзія Сусвіла, Зофія Драздоўская, Фёдар Лапцеў, Антаніна Лапцева, Тамара Русалоўская, Тамара Субач, Людміла Шурпіцкая, Лілія Конан, Марыя Субач, Часлаў Шурпіцкі, Тамара Багдановіч, Вацлаў Пятроўскі, Аліцыя Субач і многія іншыя – іх было вельмі шмат. Усе мае вучні ўжо дарослыя, многія нават на пенсіі. Часам сустракаю іх у Астраўцы, Спондах, Міхалішках, размаўляю з імі па тэлефоне. І радуюся, што яны выраслі годнымі людзьмі.
Атмасфера паміж вучнямі ў класах была сяброўскай. Добрыя адносіны складваліся і з бацькамі – яны заўсёды прыходзілі на бацькоўскія сходы і святы, дапамагалі, чым маглі.
У Жукойне-Жалядскай сярэдняй школе было ўсяго 4 выпускі: першы ў 1969 годзе – 13 вучняў, другі – 10, трэці – 8 і апошні – 12. А пасля, калі ў Спондах пабудавалі школу, усе вучні і некаторыя настаўнікі, я ў тым ліку, перайшлі ў яе.
Сёння я рада, што мая дзіцячая мара стаць настаўніцай калісьці ажыццявілася. Ніколі не расчаравалася ў зробленым выбары і штодзень з радасцю бегла ў школу. Я вельмі любіла сваю работу. Люблю яе і цяпер. І хоць ужо шмат гадоў на пенсіі, заўсёды з удзячнасцю успамінаю тых, з кім працавала і каго вучыла. Усім жадаю моцнага здароўя, міру ў сэрцах, радасці, жыць без смутку і турбот.
Расказвае былая вучаніца Жукойне-Жалядскай школы, былая настаўніца Спондаўскай школы Лілія Сяргееўна Сініца:
– У школу я пайшла ў 6 гадоў. Гэта быў 1962 год. Першай настаўніцай была Зофія Антонаўна Голубева. Яна вучыла нас першыя два класы. Затым нас узяла Зофія Карпаўна Валадкевіч – і вяла нас 3 і 4 класы.
У сярэдніх класах маімі настаўнікамі былі Яўгенія Рыгораўна Урбановіч – яна вяла матэматыку, Іван Андрэевіч Дарашэвіч выкладаў геаграфію. Класным кіраўніком быў Іван Мікітавіч Мартынаў, які выкладаў гісторыю і грамадазнаўства, потым ён адкрыў у Спондаўскай школе музей. Беларускую мову і літаратуру выкладала мама – Вера Лявонцьеўна Конан, а з 1966 года яна змяніла Віктара Гаўрылавіча Сібірцава і стала дырэктарам школы. Рускую мову і літаратуру ў нас вяла Галіна Аляксандраўна Коваль, настаўнікам фізкультуры быў Аляксей Мацвеевіч Шыман, нямецкай мовы – Ганна Іванаўна Шураева, фізікі – Іосіф Іосіфавіч Дворак, біялогіі і хіміі – Валянціна Ільяшаўна Драздоўская.
Школа размяшчалася ў трох будынках. У драўляным доме вучыліся старэйшыя класы, а ў глінабітным, пабеленым вапнай, займаліся малодшыя класы. Калі месца не хапала, то вучыліся ў трэцім доме, у якім у адной палове быў клас, у другой жыў дырэктар (спачатку Сібірцаў, а потым наша сям’я).
Не ўсе вучні заканчвалі 10 класаў, некаторыя паступалі пасля восьмага. Наш клас быў апошнім выпускам у Жукойне-Жалядскай школе.
За адной партай я сядзела з Марыяй Субач, і сёння падтрымліваю з ёй адносіны, жывём у адной вёсцы. Яна стала ветэрынарным урачом, а я настаўнікам.
Дарэчы, калі прыйшла ў школу, ведала ўсе літары і магла складваць іх у склады. Гэта і зразумела: мама была настаўніцай, таму займалася з намі яшчэ да школы. Многія дзеці ў 1-м класе не ведалі літар – дзіцячых садкоў тады не было, бацькі працавалі. Але настаўніца вельмі хутка навучыла нас усіх і чытаць, і пісаць.
Добра помню, як мы рыхтавалі канцэрты. У нас была піянерважатая Ганна Лісавец. З ёй развучвалі вершы і песні, а Валянціна Ільяшаўна ставіла з намі танцы. Я і сёння помню танец «Малдаванеска». Свае канцэрты мы паказвалі ў Спондаўскім клубе. На кожнае свята рыхтавалі літмантаж.
Быў гарманіст Раман Кулда. Пэўна, яго наймалі настаўнікі і ён падыгрываў, а мы спявалі песні і танцавалі. Людзей на нашы канцэрты прыходзіла шмат. Вечарыны ладзілі і ў школе, але гэта былі не проста танцы: спачатку было мерапрыемства, а потым гадзін да 10 вечара нам дазвалялі патанцаваць.
А яшчэ бацька нашай аднакласніцы Эдуард Шурпіцкі прывозіў кіно. Асабліва часта яго круцілі да розных святаў. Напрыклад, да Дня Перамогі заўсёды паказвалі фільмы пра вайну. Помню, хтосьці сядзеў на крэслах, але многія і на падлозе – усім было цікава. Вядома, тады ж не было такой раскошы, як цяпер у кожным доме.
У школе мы не толькі вучыліся, але і працавалі: з 5 класа хадзілі дапамагаць калгасу капаць бульбу – тады гэта рабілі пад каня, падымалі лён – усе стараліся.
Школу я заўсёды ўспамінаю з цеплынёй. У нас былі добрыя настаўнікі, якія да ўсіх дзяцей адносіліся аднолькава, патуранняў не было нікому. І я старалася вучыцца. Школу скончыла з Пахвальнай граматай па рускай мове і літаратуры, паступіла спачатку ў Полацкае педвучылішча, потым скончыла Мінскі педінстытут імя Максіма Горкага.
Уся мая сям’я – педагогі: мама, сястра, я і дзве мае дачкі. А кім яшчэ магла стаць, калі перад вачыма быў прыклад мамы, яна стала для нас эталонам, на які мы раўняліся. І сёння я шчаслівая, што пражыла цікавае настаўніцкае жыццё.
Источник: https://www.ostrovets.by