Больш за 700 маладых спецыялістаў сёлета папоўнілі педагагічную сям’ю Гродзенскай вобласці
29.08.2024Далейшае павышэнне якасці рэгіянальнай сістэмы адукацыі абмеркавалі прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці Гродзенскай вобласці на традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі. У абласной філармоніі яна аб’яднала больш за 800 чалавек, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Якасная адукацыя — цэнтральная тэма дзейнасці органаў кіравання адукацыі на кожным узроўні. Шляхі яе паляпшэння — трэнд пастаянны, чаму садзейнічае ўвага дзяржавы да гэтага пытання, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.
Ён адзначыў, што ў 300 школах Гродзенскай вобласці новы навучальны год пачнецца больш як для 120 тысяч дзяцей, амаль 12 тысяч з якіх — першакласнікі. Установы адукацыі прымуць навучэнцаў у абноўленых сучасных будынках. А галоўнае — бяспечных. Усе ўстановы адукацыі вобласці забяспечаны пажарнай сігналізацыяй і сістэмай пажаратушэння ў патрэбных аб’ёмах.
Каледжы вобласці будаваць работу стануць у адпаведнасці з цэнтралізавана распрацаванай праграмай павышэння якасці адукацыі. Яна прадугледжвае ўдасканаленне сістэмы ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, павышэнне колькасці навучэнцаў, залічаных на мэтавай аснове.
У частцы дашкольнай адукацыі ўвага традыцыйна будзе ўдзелена яе даступнасці. У адпаведнасці з заяўкамі бацькоў, на Гродзеншчыне прапрацоўваецца пытанне адкрыцця большай колькасці груп з працягласцю работы 12 гадзін. Стане больш такіх, напрыклад, у Слоніме, Астраўцы, Мастах, Смаргоні і Дзятлаўскім раёне.
Больш за 700 маладых спецыялістаў сёлета папоўнілі педагагічную сям’ю вобласці. Пераважная іх большасць пачынае шлях у прафесіі ў раёнах Гродзеншчыны і каля 10% — ва ўстановах абласной формы ўласнасці. У цэлым жа ў галіне адукацыі рэгіёна працуюць 38,4 тысячы чалавек, з іх педагагічных работнікаў — больш за 19 тысяч.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік выказаў словы падзякі педагогам вобласці за тое, што сістэма адукацыі Гродзеншчыны па выніках мінулага года прызнана лепшай у Беларусі, і адзначыў, што гэта не нагода спачываць на лаўрах:
— Цяжка дасягнуць вяршыні, але яшчэ цяжэй на ёй утрымацца. Наша задача — прааналізаваць, што можам палепшыць. На сёння мы забяспечылі якасную падрыхтоўку дзяцей, бяспечныя ўмовы знаходжання падрастаючага пакалення. Пры гэтым важна гарантаваць роўны доступ да якаснай адукацыі ўсім, незалежна ад таго, пражывае дзіця ў абласным цэнтры або ў невялікім населеным пункце. У алімпіядным руху, колькасці максімальных вынікаў па ЦТ і ЦЭ стабільна лідзіруюць адны і тыя ж раёны. Стандартныя лідары — гэта добра і сведчыць аб сістэмна арганізаванай рабоце. Але не павінна быць стандартных аўтсайдараў.
У ходзе пленарнага пасяджэння абмяркоўваліся ключавыя напрамкі развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі, пытанні эфектыўнага ўзаемадзеяння са структурамі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і БРСМ з установамі адукацыі.
Традыцыйна на канферэнцыі прайшло ўзнагароджанне педагагічных работнікаў. Узнагароды атрымалі 43 прадстаўнікі рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Дзесяці педагагічным работнікам уручаны нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Сярод іх намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Ліды Алена Белік, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Святлана Бычек, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 3 імя В.М. Усава Гродна Алена Ермашкевіч, дырэктар сярэдняй школа № 1 Скідзеля імя В.Р. Пяшко Таццяна Казлова, дырэктар Скідзельскага дзяржаўнага каледжа Сяргей Літвін, намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Савіцкі, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя І. Шчаснага Ігар Сталяроў, дырэктар Вензавецкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Ганна Франюк, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза І. Шарамета Мастоўскага раёна Алена Чэрнік.
— Сёлета 15 гадоў, як працую ў сістэме адукацыі Шчучынскага раёна намеснікам начальніка. Да гэтага прафесійнага юбілею мы падышлі з добрымі вынікамі. Удзячная кіраўнікам і педагогам, якія не проста падтрымліваюць нашы ініцыятывы, але і развіваюць і ўдасканальваюць іх. Прыемна апынуцца ў ліку выдатнікаў адукацыі і яшчэ з адной прычыны. Я родам з педагагічнай сям’і. У свой час мая маці таксама была ўдастоена гэтага высокага звання. Рада дацягнуцца да яе планкі, — падзялілася намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько.
Нельга не адзначыць, што жнівеньская канферэнцыя ў Гродзенскай вобласці была пабудавана не толькі з акцэнтам на педагогах вобласці. Падчас праграмы словы падзякі былі адрасаваны ўсім, хто ўнёс свой уклад у перамогу вобласці ў рэйтынгу сістэм адукацыі Беларусі. Гэта грамадскія аб’яднанні і спонсары, праваахоўныя органы і органы прафілактыкі, прафсаюзы, арганізацыі аховы здароўя і спорту і не толькі. Сваё месца ў гэтым пераліку было адведзена ў тым ліку сродкам масавай інфармацыі.
Источник: https://nastgaz.by