Выдатнік адукацыі Сяргей Савіцкі з Гродна – пра формулу пераможнай падрыхтоўкі навучэнцаў
27.08.2024Сярод тых, чыя праца ў дзень правядзення на Гродзеншчыне традыцыйнай жнівеньскай педагагічнай нарады была адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, — дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Савіцкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пачаў шлях у прафесіі больш за 30 гадоў назад і даўно вывеў формулу пераможнай падрыхтоўкі школьнікаў у галоўных рэспубліканскіх стартах. У гісторыі цэнтра Сяргей Аляксеевіч — другі кіраўнік, узначальвае сістэму фізвыхавання вобласці ўжо больш за дзесяць гадоў. Увесь гэты час выхаванцы — у тройцы лідараў штогадовай спартакіяды школьнікаў і не толькі.
— Кожны поспех — гэта заўсёды камандны вынік. І ў маім выпадку гэтая каманда вельмі шырока прадстаўлена. Канечне, гэта супрацоўнікі нашага цэнтра, дзе кожны на сваім месцы. Важная частка каманды — трэнеры спартыўных школ і школьныя настаўнікі фізкультуры, — гаворыць Сяргей Аляксеевіч.
Ён упэўнены, што поспех Гродзеншчыны ў Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў шмат у чым вызначаецца цесным супрацоўніцтвам з абласным упраўленнем спорту і турызму. Дзякуючы такому тандэму, юныя спартсмены трапляюць у рукі лепшых у сваёй сферы трэнераў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.
Зноў жа сумесна з упраўленнем спорту і турызму абласны цэнтр фізвыхавання штогод аналізуе вынікі выступлення хлопчыкаў і дзяўчынак у спартакіядзе і каардынуе працу паміж установамі адукацыі і ўстановамі спорту. І гэта тычыцца не толькі выяўлення перспектыўных дзяцей і залічэння іх у спартыўныя школы.
— Узаемадзеянне з установамі спорту — гэта яшчэ і арганізацыя вучэбна-трэніровачнага працэсу на базе школ і гімназій. У цэлым жа ў мінулым навучальным годзе амаль палова школьнікаў і практычна чвэрць навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці наведвалі аб’яднанні па інтарэсах фізкультурна-спартыўнага профілю. Акрамя таго, у спецыялізаваных па спорце класах займаліся 1525 дзяцей. Вялікая ўвага стварэнню спартыўных класаў удзяляецца ў Гродне, а таксама ў Мастоўскім раёне, — адзначыў Сяргей Савіцкі.
Цэнтр фізвыхавання — гэта яшчэ і галоўны адрас, дзе канцэнтруецца лепшы педагагічны вопыт. На працягу навучальнага года ён трансліруецца падчас семінараў і сустрэч. Два гады запар арганізуюцца ў вобласці і рэгіянальныя метадаб’яднанні настаўнікаў фізічнай культуры і спорту з запрашэннем прадстаўнікоў найбліжэйшых раёнаў. Толькі сёлета такія адбыліся ў Ваўкавыску, Гродне і Лідзе.
— На лідзіруючых пазіцыях вобласць і па колькасці прызёраў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. У 2023 годзе з дзесяці ўдзельнікаў фінальнага этапу восем вярнуліся з дыпломамі. Годам раней такіх было шасцёра. Работу ў межах алімпіяднага руху будуем у цеснай сувязі з абласным інстытутам развіцця адукацыі. Частку заняткаў з алімпіяднікамі праводзяць у тым ліку работнікі нашага цэнтра, запрашаем супрацоўнікаў універсітэта, — працягвае Сяргей Савіцкі.
Што да працоўнага шляху героя публікацыі, то ён пачаўся для яго ў 1993 годзе ў Гродне. Пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута Сяргей Аляксеевіч прыйшоў працаваць настаўнікам фізкультуры ў сярэднюю школу № 13 Гродна. Паралельна быў трэнерам па баскетболе ў спартыўнай школе.
— Для мяне гэта быў вельмі цікавы і дынамічны час. Часта ездзіў з дзецьмі на спаборніцтвы, і кожная новая перамога лепш за ўсякія словы матывавала дзяцей на яшчэ большы вынік, — гаворыць Сяргей Аляксеевіч.
Гартаючы ва ўспамінах школьныя старонкі сваёй працоўнай біяграфіі, ён адразу называе нямала прозвішчаў сваіх тады яшчэ юных спартсменаў. Суразмоўнік упэўнены, што вопыт непасрэднага ўзаемадзеяння з дзецьмі і сёння дапамагае яму ў арганізацыі работы сістэмы фізвыхавання вобласці. Зрэшты, усё пра работу цэнтра ведаў задоўга да прызначэння на пасаду кіраўніка. Пачынаў метадыстам, працаваў загадчыкам аддзела.
— На любым этапе прафесійнага шляху імкнуся да максімальнага выніку. Падчас работы ў школе мае вучні нязменна былі на вядучых ролях у гарадской спартакіядзе, — успамінае Сяргей Аляксеевіч.
Сёння ж на вядучых ролях разам з ім і школьнікі вобласці, і навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Два гады запар безумоўным лідарам Гродзеншчына з’яўляецца і ў спартакіядзе сярод навучэнцаў каледжаў.
— Імкненнем да спартыўных вышынь у нас ахоплена вялікая колькасць дзяцей усіх узростаў. Іх шлях да перамог у спартакіядах пачынаецца яшчэ з пачатковай школы, напрыклад, праз удзел у спаборніцтвах “300 талентаў для Каралевы”. З году ў год утрымліваем лідарства і тут. Апошнія гады ў агульнакамандным заліку абыходзіць нас толькі Гомель. Але за намі моцная каманда педагогаў. Думаю, наперадзе яшчэ нямала абсалютных перамог, — падводзячы вынік размовы, адзначыў Сяргей Аляксеевіч.
Источник: https://nastgaz.by