З лепшай камандай: Руслан Абрамчык — аб арганізацыі адукацыйнага працэсу на Гродзеншчыне
26.08.2024Аб тым, з якім настроем сфера адукацыі рэгіёна пачынае новы навучальны год, аб арганізацыі адукацыйнага працэсу і прыярытэтных задачах карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык.
— Лета — гарачая пара, калі адным з галоўных становіцца пытанне аздараўлення школьнікаў. Як у вобласці была арганізавана гэтая работа?
— Летнім аздараўленнем у лагерах рознай формы і накіраванасці сёлета былі ахоплены больш за 47 тысяч школьнікаў. Ва ўстановах адукацыі гэтая работа была арганізавана дакладна і зладжана.
Прынцыпова новай стала пазіцыя органаў упраўлення адукацыі па прывядзенні да адзінага выканання заканадаўства аб арганізацыі аздараўленчых лагераў усімі суб’ектамі гаспадарання. Размова тут аб юрыдычных асобах, за выключэннем устаноў адукацыі, статут якіх гэта прадугледжвае. Яшчэ да пачатку аздараўленчага сезона з імі было наладжана ўзаемадзеянне, выпрацаваны алгарытмы ўзгаднення праграм і не толькі. Ёсць добрыя прыклады арганізацыі такіх лагераў. Але на працягу лета выяўляліся і несанкцыянаваныя, дзейнасць якіх спынялася. Адной з задач у наступным годзе будзе правядзенне своечасовай растлумачальнай работы сярод бацькоў і арганізатараў дзіцячага адпачынку.
— Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года — не менш гарачая летняя тэма.
— Прыёмка ўстаноў адукацыі ў гэтым годзе праходзіла па новых правілах. Яшчэ ў красавіку спецыяльныя міжведамасныя камісіі пабывалі ва ўсіх школах і гімназіях вобласці і выявілі недахопы, якія неабходна было выправіць на працягу лета. У трох сотнях устаноў агульнай сярэдняй адукацыі такіх было 840. З пастаўленымі задачамі справіліся. На сённяшні дзень пашпарты гатоўнасці атрымалі 299 устаноў.
Адна школа на Гродзеншчыне ў гэтым навучальным годзе адчыніць дзверы для школьнікаў пасля восеньскіх канікул. Размова ідзе аб сярэдняй школе № 7 Навагрудка. Каб не дапусціць падаражання кошту работ, прынялі рашэнне не разбіваць запланаваны аб’ём па капітальным рамонце з мадэрнізацыяй будынка на некалькі чэргаў. Упраўленне адукацыі райвыканкама своечасова праінфармавала ўсіх зацікаўленых, як будзе арганізаваны вучэбны працэс у іншых установах адукацыі. Прычым хачу падкрэсліць: выконвацца ён будзе ў поўным аб’ёме, уключаючы работу груп прадоўжанага дня і арганізацыю дзённага сну навучэнцаў малодшых класаў.
Адметнай асаблівасцю гэтага лета сталі няпростыя ўмовы надвор’я. Тры школы Гродзеншчыны былі пашкоджаны моцным шквалістым ветрам. Гэта Лукская сярэдняя школа ў Карэліцкім раёне і Галынкаўская — у Зэльвенскім, а таксама пачатковая школа ў Іўі. Ва ўсіх выпадках мы гаворым аб пашкоджанні даху ў той ці іншай ступені. Гродзенская вобласць выканала даручэнне кіраўніка дзяржавы справіцца з гэтым незапланаваным аб’ёмам работы да 23 жніўня.
— Як ацэньваеце арганізацыю правядзення ўступнай кампаніі?
— Гродзеншчына сёлета паставіла рэкорд па колькасці пададзеных заяў на адно бюджэтнае месца ва ўніверсітэты краіны. Найбольшы конкурс пры паступленні ў ГрДУ імя Янкі Купалы склаўся па спецыяльнасці “Графічны дызайн і мультымедыядызайн” — больш за 20 чалавек на месца. Увогуле, можна адзначыць павышэнне канкурэнцыі за бюджэтныя месцы. Гэта звязана не толькі з павелічэннем патоку абітурыентаў. Траекторый, па якіх дзеці могуць стаць студэнтамі без уступных іспытаў, стала больш.
Што тычыцца ўступнай кампаніі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то ўсе каледжы справіліся з планамі ў поўным аб’ёме. Прыемна, што на шэраг спецыяльнасцей конкурсы не саступаюць універсітэцкім — 3—5 чалавек на месца.
Адзначу, што новыя спецыяльнасці тут адкрываюцца ў адпаведнасці з патрэбамі рэальнага сектара эканомікі нашага рэгіёна. І ў Скідзельскім дзяржаўным каледжы з гэтага года будзем рыхтаваць кадры ў тым ліку для сябе — пачынаем падрыхтоўку майстроў вытворчага навучання з прысваеннем адпаведнай кваліфікацыі.
— А калі засяродзіць увагу на рабоце з мэтавікамі ў тым ліку па педагагічных спецыяльнасцях?
— У цэлым колькасць заявак на мэтавую падрыхтоўку па розных спецыяльнасцях на ўзроўні ССА за апошнія пяць гадоў павялічылася ў 1,5 разу. Калі ў 2020 годзе мы апелявалі тут лічбай каля 600 чалавек, то ў 2024-м гаворым ужо пра 884 чалавекі толькі на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
На педагагічныя спецыяльнасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ва ўніверсітэты і каледжы сёлета ў нас паступілі 284 маладыя чалавекі. І тут таксама адзначаем добрую дынаміку. Для параўнання: годам раней такіх абітурыентаў было 209.
— Колькі маладых педагогаў сёлета накіравана ва ўстановы адукацыі вобласці?
— Педагагічную грамадскасць папоўнілі 703 маладыя спецыялісты. У параўнанні з мінулым годам іх колькасць павялічылася больш чым на паўсотні. Прычым 127 маладых спецыялістаў прыбылі ў адпаведнасці з дагаворамі мэтавай падрыхтоўкі.
Аднак не гэтыя лічбы вызначальныя ў такім кірунку. Працэнт замацавання педагагічнай моладзі пасля абавязковай адпрацоўкі сёлета склаў 76 супраць 74 у мінулым годзе. Прыемна, што з чатырох маладых спецыялістаў трое працягваюць сваю прафесійную траекторыю там, дзе пачалі шлях у прафесіі.
— Якія галоўныя задачы стаяць у новым навучальным годзе перад адукацыйнай галіной Гродзеншчыны?
— Галоўныя задачы вызначае тое, што 2025-ы завяршальны ў пяцігодцы. Яе ключавым момантам вызначана, што залогам дабрабыту і росквіту нашай краіны з’яўляецца павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай сістэмы адукацыі. Мы бачым, што гэтая канкурэнтаздольнасць расце. Усё большая колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак пасля заканчэння школы выбірае для свайго жыццеўладкавання ўстановы адукацыі нашай краіны. І гэта не данасць, а вынік вялікай працы з абітурыентамі і бацькамі.
Яшчэ адзін аспект, які фармулюе галоўныя задачы для нас, — завяршэнне ў наступным каляндарным годзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”.
Вельмі важным з’яўляецца далейшае ўдасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі. За апошнія некалькі гадоў тут прыняты шэраг прынцыповых рашэнняў, якія рэалізоўваюцца нашымі педкалектывамі. Мы бачым, што гэтая праца прыносіць вынікі. Адзін з паказчыкаў — колькасць здзейсненых непаўналетнімі правапарушэнняў у Гродзенскай вобласці зніжаецца.
— Да якіх навінак рыхтуецца сістэма адукацыі рэгіёна?
— Галоўным чынам да тых, якія будуць актуальныя для ўсёй краіны. Так, з 1 верасня класам прафесійнай накіраванасці будзе ўдзелена больш увагі з боку арганізацый — заказчыкаў кадраў. Абавязковым для ўсіх профільных класаў стане штомесячнае наведванне ў шосты школьны дзень адпаведных іх профілю прадпрыемстваў і арганізацый. Дзеці будуць знаёміцца з прафесіяй у так званым вочным фармаце.
Разам з тым кожны клас прафесійнай накіраванасці ў гэтым годзе атрымае свайго шэфа ў асобе рэгіянальнага або сталічнага ўніверсітэта нашай краіны. І такога кшталту ўзаемадзеянне плануем будаваць зноў жа ў інтарэсах дзяцей. Яны змогуць глыбей азнаёміцца з выбранай прафесіяй.
— Як гэта, накіроўваць работу лепшай каманды краіны?
— Так, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў гэтым годзе прызнана лепшым у рэспубліцы сярод структурных падраздзяленняў абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, якія рэалізуюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі.
Такая высокая ацэнка — вынік калектыўнай работы ўсёй сістэмы адукацыі Гродзеншчыны. Што важна — на працягу многіх гадоў. І мы працягваем планамерны рух па намечаным шляху без аглядкі на ўзнагароду, але з апраўданым пачуццём гордасці за ўсіх, хто ідзе побач з намі.
Источник: https://nastgaz.by