Лунненскі дзіцячы сад больш за дзесяць гадоў прызнаецца лепшым у Мастоўскім раёне
20.08.2024Лунненскі дзіцячы сад у Мастоўскім раёне сёння наведваюць каля трыццаці выхаванцаў. З першага верасня кампанію ім складуць яшчэ крыху больш за дзесяць першакласнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Работу з дзецьмі тут ажыццяўляюць шэсць выхавальнікаў дашкольнай адукацыі і чатыры памочнікі. І робяць яны гэта вельмі якасна. У групавых памяшканнях створаны тэматычныя куткі, а на тэрыторыі сада абсталявана экасцежка з домам для насякомых, займальнай метэастанцыяй і не толькі.
Тэрыторыя дашкольнай установы прасякнута любоўю да Беларусі. На фоне намаляванай карты краіны, якая ўпрыгожвае будынак дзіцячага сада, зіхаціць пунсовымі фарбамі клумба ў форме сэрца.
— З вялікім задавальненнем і адказнасцю нашы малышы сумесна з педагогамі даглядаюць кветкі, высаджваюць і вырошчваюць сельскагаспадарчыя культуры на агародзе і назіраюць, як на працягу лета наліваецца зерне кукурузы, жыта, трыцікале, — расказвае загадчыца дашкольнай установы Алена Калецінская.
Дарэчы, агарод са звыклымі культурамі — морквай, буракамі і памідорамі — вельмі арыгінальна аформлены ў форме паўліна. Кожная клумба — асобны элемент пышнага хваста гэтай птушкі.
— Любая дзейнасць з дашкалятамі павінна будавацца ў цікавай для іх форме. Ідэй нам не займаць, — з усмешкай адзначае кіраўнік установы дашкольнай адукацыі.
Пераконваешся ў гэтым, нават не заходзячы ў дашкольную ўстанову. На тэрыторыі дзіцячага сада арыгінальна аформлены шматпавярховік для насякомых з розным напаўненнем “кватэр” для самых маленькіх насельнікаў лесу, пабудаваны “птушыны квартал”, зроблены кармушкі для падкормкі птушак у зімовы перыяд.
На працягу дзесяці гадоў Лунненскі дзіцячы сад быў лідарам у раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў дашкольнай адукацыі Мастоўскага раёна, размешчаных у сельскай мясцовасці. Гэта вынік зладжанай работы педагагічнага калектыву пад кіраўніцтвам Алены Васільеўны.
Прафесійны шлях кіраўніка пачаўся больш за трыццаць пяць гадоў назад, а дзіцячы сад у Лунна яна ўзначальвае ўжо звыш 10 гадоў. З цеплынёй Алена Васільеўна расказвае пра сваіх калег, якія працуюць побач з ёй увесь гэты час:
— За плячыма кожнага педагога вялікі вопыт работы і адданасць любімай справе, а ў руках — дзіцячыя сэрцы. Педагагічны калектыў прыкладае максімум намаганняў, каб абудзіць у сваіх выхаванцах самае лепшае і светлае.
На працягу дзевяці гадоў ва ўстанове дашкольнай адукацыі рэалізоўваліся інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа. За перыяд работы ў інавацыйным рэжыме педагогі-наватары распрацавалі дыдактычныя гульні, цыкл гутарак “Размовы пра важнае”, сцэнарыі пастановак ценявога тэатра і батлейкі, інтэрактыўныя плакаты, прысвечаныя праваслаўным святам.
Да таго ж з 2019 года на базе ўстановы дашкольнай адукацыі працуе раённы рэсурсны цэнтр “Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. Педагогі дзеляцца сваім станоўчым вопытам работы ў гэтым напрамку з калегамі з усёй Мастоўшчыны.
— На працягу дзевяці гадоў з’яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый “Майстэрства без меж”, які праводзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Сёлета наш памочнік выхавальніка Кацярына Трахімовіч была адзначана дыпломам ІІІ ступені. У мінулым годзе Юзэфа Сільвон стала пераможцай у намінацыі “Лепшы педагог дадатковай адукацыі”. У цэлым праявілі сябе ў гэтым спаборніцтве педагагічных ідэй ужо ўсе нашы калегі, — дадае Алена Калецінская.
Значную ўвагу ўдзяляюць у садзе пытанням патрыятычнага выхавання. Размова тут не толькі пра стварэнне тэматычных куткоў у групах. Сумесна з бацькамі распрацавалі ва ўстанове дашкольнай адукацыі Кнігу памяці, якая прысвечана вядомым людзям, ветэранам і памятным мясцінам малой радзімы. З задавальненнем дашкаляты з Лунна наведваюць Народны музей баявой славы Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета.
— Пра ўстанову дашкольнай адукацыі нярэдка гавораць, выкарыстоўваючы фармулёўку “адрас дзіцячага шчасця”. І ў выпадку з нашым дзіцячым садам гэта сапраўды так, — прызнаецца Алена Калецінская.
Источник: https://nastgaz.by