РУС БЕЛ ENG 中文

Новы МАЗ – для школьнікаў і дашкалят

20.08.2024

Напярэдадні навучальнага года аўтапарк Дзятлаўшчыны папоўніўся новым школьным мікрааўтобусам.

Ключы ад транспартнага сродка намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка ўручыў  работнікам Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый.

Мікрааўтобус МАЗ на 19 пасажырскіх месцаў быў набыты за сродкі раённага бюджэту. З 1 верасня яго задзейнічаюць на маршруце “Гезгалы – Жукоўшчына – Засецце”, кіраваць транспартам будзе вадзіцель Дзмітрый Белы.

– Аўтобусы для падвозу дзяцей з тэрмінам службы больш за 10 гадоў падлягаюць замене, – тлумачыць дырэктар Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Святлана Панасюк. – Спісваем самы “пажылы” аўтобус з раготнаўскай зоны. Тым не менш, ён таксама сёлета прайшоў тэхагляд, будзе выкарыстоўвацца як рэзервны транспарт. У бліжэйшых планах – атрыманне яшчэ аднаго аўтобуса з рэспубліканскага бюджэту.

Ад імя навучэнцаў раёна і іх бацькоў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама  Марына Лашкоўская выказала словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна ў асобе старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму за падтрымку сістэмы адукацыі.

– На Дзятлаўшчыне пастаянна надаецца вялікая ўвага паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных установаў, – адзначыў Вадзім Бялятка. – Акрамя  набыцця транспарту для падвозу школьнікаў і дашкольнікаў, значныя сродкі ўкладваюцца ў капітальны рамонт установаў адукацыі. Напрыклад, цяпер прадаўжаецца рамонт даху ў Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук, у бліжэйшы час прыступім да капітальнага рамонту даху ў сярэдняй школе № 3 імя І. Ю. Філідовіча. Працягваецца рамонт харчблока дзіцячага сада № 2. Да навучальнага года ў многіх навучальных установах абноўлена мэбля, набыты дыдактычныя матэрыялы.

Источник: https://diatlovonews.by

поделиться в: