РУС БЕЛ ENG 中文

Дырэктар Дварэцкай сярэдняй школы Наталля Болтач на працягу шэрага гадоў летам станавілася памочнікам камбайнера

19.08.2024

Дырэктар Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Наталля Болтач не па чутках ведае, што значыць гарачая пара жніва. На працягу шэрага гадоў падчас летняга водпуску яна станавілася памочнікам камбайнера. Спецыяльна для гэтага атрымала правы трактарыста-­машыніста, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сёння з цікавасцю і веданнем справы яна расказвае школьнікам аб перавагах і перспектывах навучання ў групе аграрнай накіраванасці.

— Памятаю, пасля першай сваёй уборачнай у адным экіпажы з мужам на хлеб у магазіне глядзела зусім іншымі вачамі. Працоўны дзень падчас жніва пачынаўся на досвітку. Гэта ў поле мы выходзілі, як толькі сыдзе раса, аднак спачатку рыхтавалі камбайн да доўгага працоўнага дня. У добрае надвор’е завяршалі працу ўжо зацемна, а з першымі пеўнямі — зноў у поле, — гаворыць Наталля Болтач і раз-пораз пазірае на падрыхтаваныя спецыяльна для карэспандэнта газетныя публікацыі мінулых гадоў.

Сярод іх на адным з фота з лёгкасцю пазнаю суразмоўніцу. Але там яна не ў строгай дырэктарскай кашулі, а ў майцы і кепцы на фоне залатога поля і з букетам у руках. Усё растлумачыў газетны загаловак публікацыі раённай газеты: “Першая 1000 у Гродзенскай вобласці”.

Аграрная прафарыентацыя

На працягу пяці гадоў Наталля Болтач уносіла свой уклад у агульнарэспубліканскі каравай.

— Пасля прызначэння на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце стала цяжэй усё паспяваць. З таго часу гарачая пара ў полі для мяне — добрыя ўспаміны і цікавы вопыт на ўсё жыццё, — прызнаецца суразмоўніца.

Дарэчы, яе ўзаемадзеянне з аграрнай галіной не спыняецца і сёння. У школе створана група аграрнай накіраванасці. І не толькі.

Не першы год сярод вучняў летам фарміруецца студатрад для работы ў мясцовай гаспадарцы — праполкі збожжавых культур і работы на зернесушылцы. Толькі сёлета яго ўдзельнікамі сталі 10 чалавек. Летні адпачынак хлопцам і дзяўчатам запомніўся і карыснай справай, і магчымасцю зарабіць свае першыя грошы.

— Такога кшталту супрацоўніцтва з гаспадаркай — гэта фактычна круглагадовая практыка для нас. У верасні, напрыклад, старэйшыя за 14 гадоў школьнікі ў вольны ад вучобы час былі заняты на ўборцы бульбы. На мой погляд, гэта лепшая прафарыентацыя на аграрныя спецыяльнасці, бо такая занятасць дапамагае паглядзець на прафесію знутры, — адзначае Наталля Болтач.

Дарога ў прафесію

На заканамернае пытанне аб шляху ў прафесію Наталля Мікалаеўна пачынае адказ з лірычнага адступлення: “Я выбрала профессию такую, // Что лучше мне на свете не найти. // И с каждым годом убеждаюсь, // Что я иду по верному пути!”

А пасля непрацяглай, але вельмі шматзначнай паўзы яна дадае:

— Скончыўшы дзесяць класаў Новаяльнянскай сярэдняй школы без ценю сумненняў паступіла ў Баранавіцкі педагагічны каледж. На гэтае рашэнне паўплываў прыклад педагога. Заўсёды хацела быць падобнай да сваёй першай настаўніцы Ірыны Уладзіміраўны Маліка. Падтрымалі мой выбар і блізкія. Бацька адразу адзначыў: “Настаўнік будзе заўсёды!” Тут не паспрачаешся.

Упершыню пераступіла школьны парог у якасці настаўніцы пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна ў 19 гадоў. Яе стаж у прафесіі перасягнуў адзнаку ў чвэрць стагоддзя. Прычым 16 гадоў на гэтым шляху быў звязаны з адной установай адукацыі — Круцілавіцкай сярэдняй школай.

— З мінулага года ўзначальваю педкалектыў Дварэцкай сярэдняй школы. Цікава і сімвалічна, што пасаду кіраўніка ўстановы адукацыі мне прапанавалі ў дзень юбілею. А ад падарункаў адмаўляцца нядобра. Так што, прытрымліваючыся правіл добрага тону, згоду дала адразу, — з усмешкай прыгадвае суразмоўніца. — Дарэчы і наша школа ў гэтым годзе юбіляр: у верасні адзначыць 45-годдзе. Лічу сімвалічным і яшчэ адзін момант — я тут дзясяты кіраўнік.

З цеплынёй Наталля Мікалаеўна гаворыць аб сваіх калегах. Яна ўпэўнена, што галоўнае ў любым калектыве — добрае стаўленне да людзей.

— Лічу, што мае веды і ідэі застануцца незапатрабаванымі, калі не знойдуць водгук у сэрцах педагогаў установы. Зыходзячы з гэтага прынцыпу і імкнуся будаваць узаема­адносіны з калегамі, — дадае кіраўнік.

Стаўка на педагогаў

На пытанне, якія якасці вызначаюць паспяховасць педагога, Наталля Мікалаеўна адразу адказвае: “Адпаведнасць месцу, якое займаеш, і часу, у які жывеш”. У пастаянным імкненні да актуальнасці гэтай фармулёўкі дырэктар школы ў Дварцы працуе сама і заклікае да гэтага калег. Дарэчы, педкалектыў Дварэцкай сярэдняй школы сёння — каля 25 чалавек. З іх двое — з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і 16 — з першай.

— Стараемся ствараць максімальна камфортныя ўмовы і для моладзі. У мінулым навучальным годзе ў статусе маладых спецыя­лістаў свой шлях у прафесіі ў нас пачалі два маладыя настаўнікі, яшчэ адзін далучыцца сёлета, — працягвае суразмоўніца.

Дапамагае пачынаючым настаўнікам і словам, і справай фактычна ўвесь калектыў. Прычым амаль на чвэрць ён прадстаўлены выпускнікамі Дварэцкай сярэдняй школы.

— Клапоцімся мы і пра сваю будучыню. У мінулым годзе ўсе тры выпускнікі нашай школы па мэтавых накіраваннях паступілі на педспецыяльнасці. Яшчэ трое як мэтавікі склалі ім кампанію і сёлета, — адзначае Наталля Болтач.

Дарэчы, летась школа ў Дварцы стала партнёрам галоўнага рэгіянальнага ўніверсітэта. Па выніках уступнай кампаніі 2023 года на савеце ГрДУ імя Янкі Купалы былі падведзены вынікі конкурсу ў рамках праграмы прыцягнення абітурыентаў ва ўніверсітэт. У намінацыі “Знайдзі сябе з намі” дыплом пераможцы папоўніў скарбонку ўзнагарод Дварэцкай сярэдняй школы. І падчас гутаркі кіраўнік установы адукацыі не аднойчы падкрэслівала, што гэта вынік сумеснай працы калектыву школы па рэалізацыі праекта “Ад захаплення — да ўсвядомленага выбару педагагічнай прафесіі”.

Утульнасць і камфорт

Для камфорту вучняў і педагогаў школа штогод становіцца больш прыгожай і ўтульнай. Гэтым летам, напрыклад, значна змянілася арганізацыя прасторы на школьным стадыёне. Кожны вечар тут вельмі шматлюдна. Для моладзі аграгарадка школьны стадыён — галоўнае месца спартыўнага адпачынку.

Прышкольную тэрыторыю амаль у 4 га шчодра ўпрыгожваюць квітнеючыя клумбы. Важна, што ўсе кветкі тут вырашчаны педагогамі сумесна з вучнямі.

Задзейнічаны ў гэтай справе школьнікі з трэцяга па адзінаццаты клас у рамках заняткаў па грамадска карыснай працы.

— У 2022/2023 навучальным годзе цалкам абнавілі кабінет працоўнага навучання для дзяўчынак. У мінулым жа годзе пры падтрымцы старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага і начальніка аддзела адукацыі нашага раёна Марыны Лашкоўскай значная сума была выдзелена на абсталяванне кабінета матэматыкі. Тут з’явілася магнітная дошка і тэлевізар, новая мэбля. А дзякуючы намаганням педагога Марыны Іванаўны Ігнацік, афармленне вучэбнага класа стала больш змястоўным, — падчас экскурсіі па ўстанове адзначае Наталля Болтач. — Дарэчы, па выніках мінулага навучальнага года кабінет матэматыкі Дварэцкай сярэдняй школы стаў лепшым у вобласці сярод усіх сельскіх школ.

На парозе новага навучальнага года школьныя холы напоўнены ледзь чутным пахам свежай фарбы… Усё гатова да сустрэчы са школьнікамі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: