РУС БЕЛ ENG 中文

Школьнікі з Гродна пачастуюць гасцей каравай-фэсту «Бацькава булка» ў Свіслачы «хлебам жыцця»

19.08.2024

У Гродне школьнікі сумесна з кіраўніком па ваенна-­патрыятычным выхаванні аднавілі больш за 20 рэцэптаў хлеба, які на фронце, у тыле і блакадным Ленінградзе дзень за днём набліжаў людзей да Перамогі 1945­-га. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сабраную інфармацыю сістэматызавалі ў адным зборніку, на працягу навучальнага года не аднойчы выпякалі хлеб, прапаноўвалі дэгустацыю ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, а ўжо заўтра пачастуюць “хлебам жыцця” гасцей Свіслачы падчас маштабнага святкавання каравай-фэсту “Бацькава булка”.

Калідоры сярэдняй школы № 2 імя В.Ю.Саяпіна Гродна на працягу мінулага навучальнага года даволі часта напаўняліся тонкім водарам свежаспечанага хлеба. У рамках займальнага і, галоўнае, змястоўнага праекта “Хлеб Перамогі” ў кабінеце працоўнага навучання хлеб пяклі члены ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт”.

— Ідэя праекта нара­дзілася на адных з заняткаў, — успамінае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ігар Чарнякоў. — Дзеці тады называлі свае асацыяцыі са словам “перамога”. Вядома, найперш школьнікі ўспаміналі атрыбуты вялікага свята: салют, парад і інш. Але ж цана Перамогі — гэта і кровапралітныя баі, і цяжкая праца ў тыле, і голад. Так нара­дзілася ідэя знайсці рэцэпты хлеба ваенных гадоў, спячы яго і пакашта­ваць.

Усё гэта рабілася толькі з адной мэтай: каб лепш зразумець мужнасць і стойкасць продкаў. Практычнай рэалізацыі праекта папярэднічала вялікая даследчая работа. Удзельнікі клуба вывучалі інтэрнэт-крыніцы, звярталіся з тэматычнымі запытамі ў абласную бібліятэку і Нацыя­нальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Па апошнім адрасе ўдалося адшукаць унікальны “Даведнік вайсковага кухара-хлебапёка” 1944 года.

— Для нас ён стаў сапраўднай знаходкай. Тут добра апісана, як згатаваць хлеб у палявых умовах і чым можна замяніць інгрэдыенты, якія адсутніча­юць, — дадае Ігар Чарнякоў.

Сабраныя ў зборніку рэцэпты прадстаўлены ў трох раздзелах — франтавы, тылавы і блакадны хлеб. Толькі апошняга тут больш за пяць відаў. Прычына гэтага відавочная: калі ў акружаным горадзе прадуктаў станавілася ўсё менш, мяняўся і склад хлеба.

— У пачатку блакады ў рэцэпт уваходзіла жытняя мука. Потым — аўсяная з фуражнага аўсу, якім кормяць коней. А напрыканцы 1941 года ў ход пайшла гідратцэлюлоза. Прасцей кажучы, гэта апрацаваная хімічным шляхам драўніна — пілавінне. Рабілі муку і з кары бярозавых галінак, і з хвоі, і з насення дзікарослай травы. А ў самыя цяжкія часы ўвогуле збіралі мучны пыл са сцен і столей складоў, — расказвае Ігар Чарнякоў.

Ён дадае, што блакадны хлеб нельга ацэньваць з пункту гледжання “смачна/нясмачна”, адна яго наяў-­
насць была надзеяй на выжыванне ў суровых умовах.

Прадстаўлены ў зборніку і хлеб па спецыяльным рэцэпце “остэн-брот”. Для савецкіх ваеннапалонных гітлераўцы выпякалі яго ў канцлагерах, а ў многіх з іх ваеннапалонным не давалі і такога “хлеба”.

— Знайшлі і некалькі рэцэптаў франтавога хлеба. Яны таксама адрозніваюцца, але ўжо ў залежнасці ад месцаў баёў. Напрыклад, ржэўскі хлеб быў з дабаўленнем бульбы, а ў сталінградскім было больш ячнай мукі. У цэлым ва ўсе часы хлеб меў сакральнае значэнне, а ў гады вайны яго цана была роўная цане жыцця, — працягвае аповед Ігар Ула­дзіміравіч.

Каля пяці відаў “хлеба жыцця” школьнікі ўжо выпякалі самі. Не кожны рэцэпт — асабліва з выкарыстаннем рошчыны — атрымліваўся з першага разу. З гэтай прычыны школьнікі падрыхтавалі яшчэ адзін зборнік — з пакрокавай інструкцыяй па гатаванні франтавога хлеба.

— У мінулым навучальным годзе ў гасцях у нас пабывала вядомая гродзенка ветэран Валянціна Баранава. Яна стала галоўным ацэншчыкам нашага праекта на смак. Пасля нядоўгай паўзы яна ціхенька сказала, што гэты хлеб нагадаў ёй пра мінулае, — расказвае пра далейшы лёс праекта педагог.

Ацаніць смак хлеба з рэхам ваеннага мінулага школьнікі прапаноўвалі і жыхарам абласнога цэнтра. У час святкавання 9 Мая дэгустацыю арганізавалі ў цэнтры Гродна. Спецыяльна да свята ва ўстанове адукацыі згатавалі больш за 10 буханак хлеба.

— У Свіслач мы вязём тылавы хлеб у некалькіх варыянтах гатавання і блакадны хлеб. Для нагляднасці прадэманструем гасцям свята і інгрэдыенты, з якіх у гады ваеннага ліхалецця рабілі так неабходны ўсім “хлеб жыцця”.

Усё гэта значныя, але далёка не адзіныя вынікі рэалізацыі праекта “Хлеб Перамогі”. Ён стаў пераможцай гарадскога і абласнога этапаў, удзельнікам фінальнага этапу рэспуб­ліканскага мала­дзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Да таго ж сёлета ­адзін з выпускнікоў сярэдняй школы № 2 для паступлення выбраў гістарычны факультэт менавіта дзякуючы ўдзелу ў праекце. Разам з тым пра “Хлеб Перамогі” ва ўстанове адукацыі без перабольшання ведае кожны школьнік. Прычым, як толькі ён загучаў у вучнёўскім асяроддзі, работнікі кухні першымі заўважылі вынік: адходы хлеба тут зведзены да мінімуму.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: