РУС БЕЛ ENG 中文

«Нясумная пляцоўка» Азёрскай сярэдняй школы штодзень збірае некалькі дзясяткаў дзяцей

08.08.2024

На “Нясумнай пляцоўцы” Азёрскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна юныя жыхары аграгарадка Азёры знаходзяць сабе захапленне па душы падчас летніх канікул. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Улетку школа аграгарадка становіцца, бадай, галоўным месцам для забаў і вольнага часу дзяцей. Прычым не толькі юных мясцовых жыхароў, але і тых, хто прыязджае да бабулі на лета з іншых куткоў Беларусі. Штодня сюды наведваюцца некалькі дзясяткаў дзяцей рознага ўзросту.

Дзеці старэйшага ўзросту, якія працуюць у студатрадзе “Азярэц” і па чатыры гадзіны праводзяць на полі мясцовага сельгаспрадпрыемства, затым актыўна адпачываюць у школе, у тым ліку прыглядваючы за малодшымі школьнікамі. А тыя з задавальненнем наведваюць школьны цэнтр бяспекі, дзе разам з педагогамі заняткі для іх право­дзяць супрацоўнікі РАНС, ДАІ і Асвода.

 Заняткі па бяспечных паводзінах праходзяць па самых розных напрамках, — расказвае, знаёмячы з работай цэнтра, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Рэкець. — Тут абсталяваны шэсць зон, у якіх дзеці даведваюцца пра бяспеку ў побыце, лесе, на балоце, вадзе, дарогах, пры пажары і ў выпадку самых розных надзвычайных сітуацый, а таксама набываюць практычныя навыкі. Напрыклад, вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу, выклікаць па тэлефоне службу выратавання, правільна і дакладна інфармуючы аб надзвычайнай сітуацыі, трэніруюцца карыстацца вогнетушыцелямі, тэрмін выкарыстання якіх падыходзіць да канца.

У цэнтры бяспекі цікава і дашкалятам, і школьнікам. Для малодшых дзяцей право­дзяцца квесты, падчас якіх дзеці запаміна­юць, што неабходна ўзяць з сабой, калі адпраўляешся ў лес, як дапамагае выжыць маска-самавыратавальнік пры пажары і як ёй карыстацца. Старэйшыя школьнікі разгадваюць загадку: чым нельга тушыць пажар на кухні, калі пад рукой ёсць рыс, грэчка, мука, коўдра, соль, пральны парашок, вада? Калі адразу адказаць, што лішняе ў гэтым пераліку прадметаў, школьнікі не могуць, то пасля заняткаў яны назаўсёды запамінаюць аб выбуховых уласцівасцях мукі.

У пакоі памылак, дзе з дапамогай сапраўдных прадметаў побыту адноўлены самыя тыповыя пажаранебяспечныя сітуацыі з рэальнага жыцця (расколіны ў печы, перакручаны провад праса, няспраўны пажарны апавяшчальнік, старая электрыка), хлопчыкі і дзяўчынкі шукаюць гэтыя памылкі, а затым правяраюць сябе з дапамогай “разумнага” планшэта.

— Выказаўшы здагадку, дзе хаваецца небяспека, дзіця наводзіць планшэт на пажаранебяспечнае месца, і, калі здагадка правільная, на экране з’яўляецца інтэрактыўная карцінка з полымем і задымленнем, — тлумачыць Наталля Сяргееўна і дадае: — Падчас навучальнага года ў наш міні-цэнтр прыязджа­юць дзеці з бліжэйшых школ раёна ў рамках урокаў АБЖ. Заняткі могуць быць тэматычнымі, калі, скажам, адпрацоўваем у дэталях тэму “Ратаванне на вадзе”, ці агляднымі, калі разглядаюцца розныя тэмы.

Яшчэ адно любімае месца школьнікаў як у перыяд летніх канікул, так і на працягу ўсяго года — кабінет па робататэхніцы, які быў створаны чатыры гады назад.

— Тут у нас ёсць 11 базавых камплектаў LEGO Mindstorms для заняткаў робататэхнікай і столькі ж дадатковых для стварэння больш прасунутых мадэлей робатаў, — расказвае настаўнік матэматыкі Раман Кірш. — А яшчэ ёсць 7 набораў для праграмавання і вывучэння робататэхнікі ROBBO ў максімальнай камплектацыі (базавая робаплатформа, набор схематэхнікі, дадатковыя модулі, пульт кіравання), а таксама 3D-прынтар і мультыборд. Школьнікі з 5 па 11 клас асвойваюць тэхнічнае канструяванне і асновы праграмавання, працуючы з LEGO ў аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка”. Больш малодшыя асвойваюць асновы праграмавання, пачынаючы практыкавацца з ROBBO ў 3 класе. У канікулярны час мы запрашаем нават дашкольнікаў паглядзець і папрацаваць з ужо створанымі мадэлямі з разлікам на тое, што, зацікавіўшыся перспектыўным напрамкам, яны потым прый­дуць займацца ў аб’яднанне па інтарэсах.

Сярод цікавых распрацовак школьнікаў ёсць, напрыклад, робат-балатаход, які ўмее перамяшчацца па балоцістай мясцовасці і можа быць карысны для вывучэння балот, куды назе чалавека не ступіць. Такая незвычайная ідэя ўзнікла таму, што школа размяшчаецца на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка “Азёры”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: