РУС БЕЛ ENG 中文

Да новага навучальнага года. Які выгляд набудзе сярэдняя школа № 7 Навагрудка пасля капрамонту

06.08.2024

Ва ўстановах адукацыі Навагрудчыны кіпіць работа: дзякуючы капітальным і бягучым рамонтам, яны набываюць сучасны выгляд. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адпраўляемся ў сярэднюю школу № 7 Навагрудка — найбуйнейшую ўстанову адукацыі раёна, дзе вучацца 960 дзяцей. Ужо на падыходзе адчуваеш, што работы тут вядуцца капітальныя. Ля фасада будынка ўстаноўлены будаўнічыя рыштаванні, на якіх працуюць рабочыя. Ужо зіхацяць новымі шклопакетамі вокны.

На капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка сярэдняй школы № 7 Навагрудка з абласной інвестыцыйнай праграмы выдзелена 500 тысяч рублёў.

Будаўніча-мантажныя работы выконвае Навагрудскае БМУ. Рамонт прадугледжвае мадэрнізацыю будынка, уцяпленне фасада з заменай усіх аконных блокаў, рэканструкцыю існуючага ацяплення ва ўсёй школе. У актавай зале на падлогу кладзецца новы ламінат.

І, безумоўна, праводзіцца бягучы рамонт кабінетаў і іншых памяшканняў. Многія з іх ужо зіхацяць чысцінёй і свежымі фарбамі. Новае аблічча набывае і памяшканне, дзе размяшчаецца гісторыка-краязнаўчы музей “Гісторыя. Падзеі. Людзі”.

— Такога маштабнага рамонту ў нашай школе даўно не было, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Іванаўна Кур’ян. — А змяненні ўжо былі патрэбны. Будынак установы адукацыі ўзведзены ў 1992 годзе. Я сама выпускніца гэтай школы і працую тут адразу пасля заканчэння УВА. Усё маё жыццё звязана з ёй, бачу, як яна развіваецца і мадэрнізуецца, набывае сучасны выгляд. У 2016—2017 гадах адрамантавана сталовая, тры гады назад заменены дах, зроблены новыя санвузлы. Усё робіцца дзеля таго, каб дзецям было тут утульна вучыцца і праводзіць час. І навучэнцы не падводзяць, паказчыкі ў нас добрыя, школа адна з лепшых у раёне.

Школа № 7 Навагрудка — толькі адзін аб’ект са шматлікіх у раёне, дзе актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года. Дзесьці вядуцца капітальныя рамонты, дзесьці — бягучыя, але абнаўленне, як звычайна, закранула ўсе ўстановы.

— Пастаўлена задача, каб да пачатку новага навучальнага года ўсе ўстановы адукацыі сустрэлі дзяцей абноўленымі, і я ўпэўнена: у нас гэта атрымаецца, таму што работы право­дзяцца актыўна, — падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі Наваг­рудскага райвыканкама Ірына Міхайлаўна Скобля. — Ужо многае зроблена. Але ёсць яшчэ час да 15 жніўня завяршыць пачатае. На аб’ектах працу­юць будаўнічыя падрадныя арганізацыі. Задзейнічаны і тэхнічны персанал устаноў адукацыі, каб навесці парадак, штосьці пафарбаваць. Такія маштабныя работы, як уцяпленне фасада, замена вокнаў, праводзяць прафесіяналы. Аднак велізарную работу як у саміх школах, так і на іх тэрыторыях, выконваюць рабочыя па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў. Кожны стараецца ўнесці свой уклад у абнаўленне нашых устаноў адукацыі.

Яшчэ ў красавіку — маі ў Навагрудскім раёне міжведамаснай камісіяй была праведзена ацэнка стану матэрыяльна-тэхнічнай базы і стварэння бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. Быў распрацаваны план мерапрыемстваў па кожнай установе, згодна з якім сёння і вядуцца работы.

Мадэрнізацыя даху вядзецца ў Любчанскай сярэдняй школе імя Л.П.Сечкі. Ужо ўстаноўлена новая кроквенная сістэма з металапрофілю, ідзе дэмантаж старога даху. Новы выгляд тут набывае і хакейная гульнявая пляцоўка. У рамонце яе агароджы задзейнічаны супрацоўнікі ўстановы адукацыі, дапамагае мясцовае аграпрадпрыемства “Прынёманскі”. А набыццё штучнага пакрыцця і спартыўнага абсталявання плануецца за кошт раённага бюджэту і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

У рамках падпраграмы “Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслаб­леных асоб” у спецыяльнай школе-інтэрнаце Навагрудка імя Л.Ф.Пашынскага вядзецца ўкладка тактыльнай і тратуарнай пліткі, устаноўка тэлескапічнага пандуса, кнопкі выкліку персаналу, маўленчых інфарматараў і мнемасхем.

Частковы рамонт цокаля і адмосткі будынкаў вядзецца ў Гарадзечанскай сярэдняй і Кашалеўскай базавай школах, у дзіцячых садах № 6, № 8 і № 11 Навагрудка.

Тратуарнае пакрыццё мяняецца ў навагрудскіх сярэдніх школах № 5 і № 7, дзіцячых садах № 3, № 7, № 8, № 10, № 11, ЦКРНіР, школе-інтэрнаце. Ценявыя навесы рамантуюцца ў дзіцячых садах № 3, № 4, № 6, № 8, № 10, № 11 Навагрудка, Любчанскім дзіцячым садзе і Гарадзечанскай сярэдняй школе. Бягучы рамонт мяккага даху ажыццяўляецца ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка і ў дзіцячым садзе № 11.

Згодна з планам умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі ў 2024 годзе плануецца набыццё двух параканвектаматаў, 10 адзі­нак гандлёва-тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання. Шэраг дзіцячых садоў раённага цэнтра будзе абсталяваны дамафоннымі прыстасаваннямі, а сярэдняя школа № 7 і гімназія № 1 — электрамеханічнымі замкамі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: