РУС БЕЛ ENG 中文

Вопытам прымянення тэхналогіі актыўнага адпачынку падзяліліся педагогі Ваўкавыскага раёна

30.07.2024

Для больш эфектыўнага аздараўлення навучэнцаў педагогі Ваўкавыскага раёна прымяняюць тэхналогіі актыўнага адпачынку. Журналісты “Настаўніцкай газеты” азнаёміліся з імі падчас чарговага прэс­-туру па Гродзенскай вобласці.

Сонечна, радасна, класна

На працягу двух гадоў упраўленне адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама не проста пашырае сетку профільных лагераў і атрадаў, але і працуе над павышэннем якасці іх зместавага напаўнення. Адразу тры ўстановы адукацыі прэзентавалі журналістам свой вопыт у гэтым кірунку.

Умовы для творчасці

У сярэдняй школе № 8 не так даўно завяршыў работу аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Вясёлка” турыстычна-краязнаўчага профілю. Летась “Вясёлка” прадстаўляла Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім фестывалі выхаванцаў “Сонечна, радасна, класна — лета пройдзе не дарма!”, які праходзіў у Нацыянальным цэнтры “Зубраня”, і дзялілася вопытам арганізацыі канікулярнага часу.

“Работа профільных лагераў накіравана не толькі на ўмацаванне здароўя, развіццё творчых здольнасцей выхаванцаў, але і на далучэнне матываваных і адораных дзяцей да розных відаў дзейнасці, стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння”, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 8 Галіна Аляксанд­раўна Булай.

Дзякуючы сістэмнай рабоце ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама, задоўга да пачатку летняй аздараўленчай кампаніі праведзены шэраг важных мерапрыемстваў: арганізаваны вучэбныя і практычныя семінары для дырэктараў аздараўленчых лагераў, праведзена абарона праектаў, планаў выхаваўчай работы і праграм аб’яднанняў па інтарэсах профільных змен і атрадаў. А з красавіка ў Ваўкавыскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі функцыянуе кансультацыйны пункт “Педагогіка лета”, дзе можна знайсці адказы на ўсе пытанні, што тычацца канікул у лагерах.

“У выніку мэтанакіраванай работы ў Ваўкавыскім раёне ў летні перыяд бягучага года арганізавана дзейнасць 62 аздараўленчых лагераў з ахопам 3879 дзяцей, — дадаў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Красько. — Так, у нас 37 лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей, 8 лагераў працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем”.

Прафесійны ўрок

Актуальным і сучасным фарматам летняга аздараўлення стаў профільны лагер з кругласутачным знаходжаннем “Медыястар” гімназіі № 2 Ваўкавыска.

Ён праводзіцца сумесна з факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўні­версітэта імя Янкі Купалы. За 9 дзён профільнай змены выхаванцы лагера асвойваюць праграмы аб’яднанняў па інтарэсах грамадазнаўчага профілю, асновы журналісцкай прафесіі, складаюць кантэнт-планы для сваіх акаўнтаў, вучацца прасоўваюць пасты ў Telegram-канале.

Сёлета ў рамках супрацоў­ніцтва з УВА для гімназістаў арганізавалі летнюю школу медыяпісьменнасці “Медыягід”. Асноўным месцам работы юных журналістаў стала вучэбна-навукова-вытворчае аб’яднанне “Студэнцкі медыяцэнтр” кафедры журна­лістыкі.

“У першы дзень вучні адпра­віліся на займальную экскурсію, якую правяла студэнтка 4 курса ГрДУ імя Янкі Купалы Ульяна Вайтовіч, — расказала дырэктар “Медыястара” Вольга Шпак. — Праграма другога дня атрымалася не менш насычанай. У летняй школе прайшлі першыя заняткі, прысвечаныя платформе TikTok. Школьнікі вывучалі функцыянальныя магчымасці і інструменты гэтага рэсурсу, трэнды TikTok у 2023 го­дзе і спрабавалі здымаць першыя відэаролікі”.

У межах рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі “Крок да поспеху” медыякаманда сустрэлася з загадчыцай аддзела радыёвяшчання, радыёвядучай, аўтарам літаратурнай рубрыкі тэлерадыёкампаніі “Гродна” Зінаідай Крыловай, якая падзялілася з будучымі калегамі некаторымі прафесійнымі сакрэтамі.

“Пабывалі мы і ў гасцях у “Гродзенскай праўды”, дзе нас цёпла сустрэла галоўны рэдактар газеты Таццяна Сяргеева, — паведаміла Вольга Шпак. — Тут мы ўбачылі, як выпускаецца галоўнае друкаванае выданне вобласці. Яшчэ адным цікавым месцам сустрэчы стаў канал “Гродна Плюс”. З ім нас азнаёміў дырэктар і галоўны рэдактар Сяргей Мазайла. Студыя гуказапісу, здымачная пляцоўка і студыя радыёвяшчання ўразілі кожнага. Навучэнцы даведаліся аб запатрабаваных спецыяльнасцях у сферы журналістыкі і патрабаваннях да прафесіі”.

Працоўныя канікулы

У Гнезнаўскай сярэдняй школе ўжо на працягу 15 гадоў дзейнічае лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем “Новае пакаленне”. Увесь гэты час школа супрацоўнічае з камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам “Гнезна”.

Пытанне аб працаўладкаванні вучняў у КСУП “Гнезна” падсобнымі рабочымі вырашаецца лёгка і хутка. Паміж камунальнай установай і школай заключаецца дагавор, у якім прапісваюцца тэрміны работы, правы, абавязкі і адказнасць бакоў. У дакуменце таксама пазначаюцца віды сельскагаспадарчых работ, якія не забаронены працоўным заканадаўствам. Сярод іх праполка і паліў клумб, уборка і добраўпарадкаванне тэрыторый КСУП “Гнезна”, выдаленне травы з тратуарнай пліткі, відавая праполка злакавых і збожжавых культур і інш. З атрадам пастаянна знахо­дзяцца выхавальнік лагера і прадстаўнік камунальнага прадпрыемства, якія сочаць за дысцыплінай і захаваннем рэжыму працы і адпачынку падлеткаў.

Лагер працы і адпачынку — гэта не толькі пра работу. Кожную змену ў “Новым пакаленні” рэалізуюцца шматлікія ідэі. Гэтым летам тут распрацавалі праект сацыяльна-эканамічнага кірунку “Эканомікс”.

“Выхаванцы сталі ўдзельнікамі эканамічнага форуму “Пад знакам якасці”, мэта якога — стварэнне брэнд-пляцоўкі, дзе маладыя лю­дзі набывалі б дадатковыя веды ў галіне фінансавай дасведчанасці, а таксама знаёміліся б з прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў, — заўважыла настаўніца нямецкай мовы Гнезнаўскай сярэдняй школы Вольга Канюк. — У межах праекта падлеткі наведвалі аб’яднанне па інтарэсах “Эканамічны старт”, дзе вывучалі асноўныя эканамічныя паняцці. Рэалізацыя праекта — гэта лагічны працяг працоўнай дзейнасці падлеткаў”.

Нягледзячы на тое, што ў лагеры вучням падабаецца, самым доўгачаканым момантам з’яўляецца заключны дзень змены, калі выхаванцы атрымліваюць працоўныя кніжкі і свае першыя грошы.

“Гэтым летам за 15 рабочых дзён заработная плата школьнікаў склала 530 рублёў 40 капеек, — дадала Вольга Леанардаўна. — Можна не сумнявацца, што пасля такога лагера падлеткі будуць ведаць цану грошай і больш паважліва ставіцца да чужой працы. А працаваць, хоць і часова, на такім прадпрыемстве, як КСУП “Гнезна”, вельмі адказна”.

Станоўчы вопыт работы на сельгаспрадпрыемстве — гэта добрая магчымасць для далейшага прафесійнага навучання. Большасць падлеткаў, якія працуюць і адпачываюць у лагеры, становяцца навучэнцамі профільных аграрных класаў. У школе асабліва ганарацца, калі пасля заканчэння 11 класа гэтыя вучні выбі­раюць аграрныя прафесіі і, атрымаўшы дыплом, вяртаюцца працаваць на малую радзіму.

Раскрыць свае таленты

Аздараўленчы лагер “Рось”, які знаходзіцца ў вёсцы Цеалін Ваўкавыскага раёна, адзін з самых папулярных сярод вучняў. Па сваіх памерах ён не вельмі вялікі: за адну змену тут могуць адпачыць 152 навучэнцы.

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Красько расказаў, што летнік размяшчаецца ў адным з карпусоў былога санаторыя. Для таго каб стварыць для дзяцей добрыя ўмовы, тут быў праведзены рамонт.

“У пакоях блочнага тыпу дзеці жывуць па двое. У кожным з блокаў ёсць санвузел і душавая, — адзначае Пётр Яўгеньевіч. — Пуцёўкі ў лагер заўсёды запатрабаваныя і лішніх ніколі не застаецца”.

Ужо на працягу 6 гадоў за парадкам у “Росі” сочыць яго дырэктар Жанна Кедала. Дагледжаная тэрыторыя загараднай установы сведчыць пра тое, што лагер у надзейных руках.

“Сёлета лагер “Рось” адзначыў 18-ы дзень нараджэння, — расказвае Жанна Аляксанд­раўна. — За столькі гадоў ён стаў любімым месцам летняга адпачынку для многіх навучэнцаў нашага раёна. А мы, педагогі, штогод стараемся зрабіць усё магчымае, каб дзецям у нас было добра. Тут праведзены поўнамаштабны касметычны рамонт”.

Дзякуючы адказнаму стаўленню да сваіх абавязкаў, дырэктар лагера стварыла для дзяцей не проста месца адпачынку і аздараўлення, а шматфункцыянальную прастору, якая спрыяе развіццю іх здольнасцей. Так, на першым паверсе працуе хобі-цэнтр. Настольныя гульні, шашкі і шахматы, чытанне кніг — усім гэтым можна займацца тут. Тыя падлеткі, хто аддае перавагу спорту, праводзяць вольны час у трэнажорнай зале.

“На працягу 15 дзён дзеці зарабляюць балы — цеалінкі, — працягвае Жанна Кедала. — На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай закрыццю змены, самыя актыўныя атрымаюць падарункі”.

Для таго каб увайсці ў лік лепшых выхаванцаў, аднаго жадання мала. Для гэтага трэба ўмела праявіць свае таленты, як, напрыклад, Алеся Рыбак. Дзяўчына вучыцца ў сярэдняй школе № 7 Ваўкавыска і ўжо шостае лета праводзіць у “Росі”. Яна самы актыўны ўдзельнік усіх творчых конкурсаў.

“Упершыню я прыехала ў лагер, калі скончыла 5 клас, — успамінае дзяўчына. — Сёлета перайшла ўжо ў 11-ы. Пасля таго як адзін раз пабывала ў Цеаліне, прашу бацькоў набыць пуцёўку менавіта сюды. Мне падабаецца прымаць удзел у розных конкурсах, але больш за ўсё люблю менавіта творчыя кірункі: маляваць, танцаваць, спяваць, удзельнічаць у тэатральных пастаноўках. Я доўгі час займалася танцамі, іграла на фартэпіяна, таму свабодна адчуваю сябе на сцэне. Што тычыцца будучай прафесіі, то планую паступаць у медыцынскі ўніверсітэт”.

Атмасфера ў лагеры не толькі спрыяе творчаму самавыяўленню дзяцей, але і дапамагае будучым педагогам раскрыць настаўніцкія таленты. Так, студэнтка Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Ксенія Шлык упершыню працуе тут важатай.

“Работа з дзецьмі ў лагеры і ў школе вельмі адрозніваецца, — зазначае Ксенія Шлык. — Мне падабаецца дапамагаць выхаванцам рыхтавацца да конкурсаў, разам праводзіць час. Калі ехала ў “Рось”, вельмі хвалявалася, бо не ведала, што мяне тут чакае, ці ўдасца справіцца са сваімі новымі абавязкамі. Зараз разумею, што перажыванні былі дарэмнымі”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: