Ваўкавыскі аграрны каледж рыхтуе спецыялістаў сярэдняга звяна для АПК усёй Гродзеншчыны
30.07.2024У гэтым годзе Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж набірае абітурыентаў па 6 спецыяльнасцях, каб рыхтаваць спецыялістаў сярэдняга звяна для аграпрамысловага комплексу ўсёй Гродзеншчыны, паведамілі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” ва ўстанове адукацыі.
Правільны выбар
Сёння тут гатовы прыняць 290 першакурснікаў. З іх 125 чалавек для навучання на дзённым аддзяленні на ўзроўні ССА, а 150 — на ўзроўні ПТА. Яшчэ 15 навучэнцаў змогуць атрымліваць адукацыю завочна.
— У каледжы ўжо амаль сем дзясяткаў гадоў рыхтуюць спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу краіны. Сёння моладзь можа атрымліваць у нас як сярэднюю спецыяльную, так і прафесійна-тэхнічную адукацыю, — знаёміць з напрамкамі дзейнасці ўстановы яе дырэктар Андрэй Жук. — На ўзроўні ССА мы рыхтуем тэхнікаў-тэхнолагаў, фельчараў ветэрынарнай медыцыны, бухгалтараў. Хлопцы і дзяўчаты, адпаведна, вучацца на такіх спецыяльнасцях, як “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”, “Ветэрынарная медыцына” і “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”. Для асваення ветэрынарнай медыцыны мы запрашаем абітурыентаў як з агульнай базавай, так і з сярэдняй адукацыяй. Тыя, хто вырашыў стаць тэхнікам-тэхнолагам, могуць паступаць пасля 9 класа на дзённую форму атрымання адукацыі, якая доўжыцца тры гады і шэсць месяцаў. У будучых бухгалтараў асваенне прафесіі займае тры гады.
Важна адзначыць, што, атрымліваючы сярэднюю спецыяльную адукацыю, акрамя асноўнай спецыяльнасці, юнакі і дзяўчаты на старшых курсах набываюць рабочыя прафесіі. Так, будучыя бухгалтары асвойваюць прафесію кантралёра-касіра, а ветэрынары і тэхнікі-тэхнолагі вучацца штучнаму асемяненню жывёлы і птушкі. Акрамя таго, тэхнікі-тэхнолагі атрымліваюць яшчэ і другую рабочую прафесію — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці.
Прыём дакументаў для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі стартаваў 20 ліпеня. Сёлета каледж гатовы прыняць 50 будучых тэхнікаў-тэхнолагаў на аснове базавай адукацыі, а таксама 50 чалавек для падрыхтоўкі фельчараў ветэрынарнай медыцыны — па 25 выпускнікоў 11-х і 9-х класаў. На гэтыя сельскагаспадарчыя спецыяльнасці прадугледжана па 30 мэтавых месцаў. Для падрыхтоўкі бухгалтараў набіраюць 25 чалавек (15 бюджэтнікаў і 10 платнікаў) з ліку выпускнікоў 9-х класаў.
Траекторыя росту
На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, куды прыём дакументаў доўжыцца ўжо больш як месяц, у каледжы прапаноўваецца за 2 гады і 10 месяцаў асвоіць адну з трох спецыяльнасцей: “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, “Агульнабудаўнічыя работы” і “Аддзелачныя будаўнічыя работы”. Выбраўшы для навучання будаўнічы кірунак, маладыя людзі атрымліваюць прафесію муляра 4-га разраду, тынкоўшчыка 4-га разраду, а аматары аўтамабільнай тэхнікі становяцца слесарамі па рамонце аўтамабіляў 4-га разраду і вадзіцелямі катэгорыі С. Дарэчы, пералік будаўнічых прафесій, якія можна асвоіць у каледжы, мяняецца ў залежнасці ад попыту на рынку працы.
— Апошнія гады сярод абітурыентаў, нацэленых на атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, найбольш запатрабаваная спецыяльнасць “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”. На яе сёлета мы набіраем 25 чалавек пасля 9 класа, — удакладняе Андрэй Іосіфавіч. — Трэба адзначыць, што камплект дакументаў ужо прадаставілі 36 чалавек. Летась конкурс на гэтую спецыяльнасць быў адным з самых высокіх і склаў 1,3 чалавека на месца.
Імкнучыся падрыхтаваць спецыялістаў-практыкаў, шмат увагі педагогі каледжа ўдзяляюць практычнаму складніку адукацыйнага працэсу. Ужо з першага курса ў вучняў пачынаецца азнаямленчая практыка. На ёй навучэнцы пачынаюць спазнаваць асновы тэхналагічных працэсаў вытворчасці малака і мяса, тэхналогіі ўтрымання і догляду сельскагаспадарчых жывёл.
Будучыя фельчары ветэрынарнай медыцыны праходзяць практыку ў лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы, ветлячэбніцах, на ветстанцыях і сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Атрыманыя веды і практычныя навыкі тэхнікі-тэхнолагі і ветэрынары замацоўваюць на вытворчай базе Ваўкавыскага мясакамбіната, дзе выконваюць заданні вучэбных практык на ўчастку перадзабойнага ўтрымання жывёлы. Там яны вывучаюць будову ўнутраных органаў жывёл і праводзяць хірургічныя аперацыі, наведваюць мясатлушчавы цэх, набываюць навыкі па тэхніцы штучнага асемянення жывёл.
Характэрна, што вучыцца ў каледж прыязджаюць падлеткі не толькі з Гродзенскай вобласці, але і з Брэсцкай, Мінскай. Ёсць тут нават юнак з расійскага Геленджыка.
Ілья Этынгер, дыстанцыйна азнаёміўшыся з дзейнасцю ўстановы адукацыі, начытаўшыся станоўчых водзываў, неаднаразова пісаў на электронную пошту каледжа, каб даведацца пра ўмовы паступлення і навучання, і выказваў жаданне папоўніць шэрагі навучэнцаў. Ён нават гатовы быў вучыцца платна, што, аднак, не прадугледжана правіламі набору. У выніку хлопец без праблем паступіў на бюджэт, бо сярэдні бал дакумента аб адукацыі ў пераразліку з пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў краіны-суседкі на нашу атрымаўся вельмі высокім — 9,8.
Усім выпускнікам-бюджэтнікам прадастаўляюцца першыя працоўныя месцы, пры гэтым многія вырашаюць працягнуць атрыманне профільнай вышэйшай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. Шмат гадоў каледж з’яўляецца сувязным звяном у адукацыйным ланцужку паміж школай і УВА. Дарэчы, сярод прадстаўнікоў кіраўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ёсць выпускнікі каледжа. Гэта загадчык кафедры анатоміі жывёл Дзяніс Харытонік, дэкан эканамічнага факультэта Андрэй Грыбаў, прарэктар па вучэбнай рабоце Уладзімір Гарчакоў. Нямала выпускнікоў каледжа сёння стаяць на чале сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Каледж актыўна супрацоўнічае з многімі сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Сярод арганізацый — заказчыкаў кадраў Ваўкавыскі мясакамбінат, прадпрыемствы “Племзавод “Рось”, “Зара і К”, “Сынкавічы”, “Мацвееўцы”, “Ружаны-Агра”, “ВМК-Агра”. Сумесная работа з сельскагаспадарчымі арганізацыямі дазваляе навучэнцам каледжа замацоўваць тэарэтычныя веды на практыцы ва ўмовах вытворчасці.
Вольны час з карысцю
Свабодны ад вучобы час выхаванцы каледжа праводзяць насычана і цікава, развіваючы творчыя і спартыўныя задаткі, удасканальваючыся ў прафмайстэрстве.
У каледжы працуюць амаль два дзясяткі аб’яднанняў па інтарэсах, дзе каля 70% юнакоў і дзяўчат рэалізуюць сябе праз эстрадныя песні, народныя і сучасныя танцы, ігру на музычных інструментах у аркестры “Гармонія”, дэкаратыўна-прыкладную творчасць, а таксама праз КВЗ, валанцёрскую дзейнасць у атрадзе “Веста” і краязнаўчую работу ў музейным кутку “Беларуская хатка”.
Тры дзясяткі юнакоў і дзяўчат з валанцёрскага атрада “Веста” праводзяць мноства мерапрыемстваў і акцый па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” для фарміравання здаровага ладу жыцця сярод навучэнцаў каледжа. Таксама яны аказваюць дапамогу ветэранам і пажылым жыхарам горада, праводзяць творчыя сустрэчы і святочныя праграмы для маленькіх выхаванцаў Ваўкавыскага дзіцячага дома.
— У нас працуюць тры педагогі дадатковай адукацыі, якія вядуць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах рознага профілю, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Рубашка. — Нашы навучэнцы — актыўныя ўдзельнікі і прызёры міжнародных навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў, фестываляў, пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”, пераможцы і прызёры рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Спаборнічаючы ў конкурсе “Аграмайстэрства”, каманда каледжа не адзін год перамагае і займае прызавыя месцы па спецыяльнасцях “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання” і “Ветэрынарная медыцына”. Таксама навучэнцы дэманструюць добрыя вынікі на абласным конкурсе прафмайстэрства сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў кампетэнцыі “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”.
А нядаўна ў каледжы з’явіўся жывы куток з экзатычнымі насельнікамі, змеямі і павукамі, куды з задавальненнем зазіраюць школьнікі, прыходзячы на прафарыентацыйную экскурсію. Зрэшты, з’яўленне незвычайнай жыўнасці не было запланаванай акцыяй, а хутчэй стала актам добрай волі адміністрацыі ўстановы па легалізацыі захапленняў прадпрымальных навучэнцаў — аматараў членістаногіх і рэптылій.
Источник: https://nastgaz.by