РУС БЕЛ ENG 中文

«Рашаем правільна і хутка»: методыка выкладання матэматыкі Альфрэда Ладыкі з гімназіі № 1 Ліды

18.07.2024

Толькі за апошнія пяць гадоў вучні Альфрэда Антонавіча Ладыкі з гімназіі № 1 Ліды атрымалі 86 дыпломаў на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. У чым сакрэт такога поспеху? Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, заслужаны педагог Ліды, ён пяць разоў узнагароджваўся прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У бягучым годзе А.А.Ладыка быў выбраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

У працоўнай кніжцы педагога толькі тры запісы: настаўнік матэматыкі Іўеўскай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 11 Ліды і з першага верасня 1993 года па сённяшні дзень — гімназіі № 1 Ліды.

На выбар прафесіі яшчэ ў школьныя гады паўплывала настаўніца матэматыкі Гаўеўскай васьмігадовай школы Лідскага раёна Вольга Аляксандраўна Майсейчык. Вагаўся толькі паміж дзвюма дакладнымі навукамі: фізікай і матэматыкай. І ўсё ж выбраў матэматыку, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

— У нашай маленькай вёсцы Кяўры было шмат настаўнікаў, усе іх паважалі. Таму і мой шлях у прафесію быў вызначаны, аб чым я ніколі не пашкадаваў, — дзеліцца Альфрэд Антонавіч. — Спачатку было няпроста, але з гадамі прыйшоў вопыт, навыкі. Стараўся, займаўся самастойна, шукаў новыя матэрыялы. Ды і вучні былі добрыя, хацелася даць ім як мага больш ведаў, зацікавіць сваім прадметам. Раду­юць сённяшнія гімназісты, лічу, што мне пашанцавала з навучэнцамі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, маюць поспехі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды, атрымліва­юць 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні. А Станіслаў Шапавалаў у 2007 годзе заваяваў дыплом III ступені на міжнароднай алімпіядзе ў Ханоі. Самыя таленавітыя паступаюць у БДУ, БДУІР, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Заўсёды радуюся іх поспехам.

Калі А.А.Ладыка толькі пачынаў працаваць з алімпіяднікамі, то, прызнаецца, было складана. Перагледзеў велізарны аб’ём матэрыялу, сабраў шмат папак з рашэннямі задач, не толькі аўтарскімі і сваімі, але і дзяцей. Усё гэта стала асновай для заняткаў падчас падрыхтоўкі старшакласнікаў да алімпіяд. Паралельна педагог вёў урокі раён­най алімпіяднай школы па матэматыцы. Даваў дзецям розныя спосабы рашэння задач, школьнікі таксама прапаноўвалі свае варыянты, лепшыя з іх настаўнік захоўваў.

— У мяне шмат напрацавана і сабрана матэрыялу па розных тэмах. Напрыклад,  “Пункт перасячэння вышынь” прымяняецца пры рашэнні геаметрычных задач. Не бачыў такога ў літаратуры, таму і напісаў свой артыкул. Ён можа быць карысным для настаўнікаў матэматыкі, якія выкладаюць у 8—9 класах і рыхтуюць навучэнцаў да алімпіяд. Прадстаўляў яго калегам у Гро­дзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, — расказвае А.А.Ладыка.

Зорачку з матэматычным складам ро­зуму педагог заўважае адразу, калі пачынае весці прадмет у 8 класе. А выкладае ён матэматыку навучэнцам з 8 па 11 клас. Цікавіцца таленавітымі вучнямі нават у раён­ным метадычным кабінеце, а потым запрашае ў сваю гімназію.

— Мой метад — “Рашаем правільна і хутка”, я бяру колькасцю і якасцю выканання заданняў, — дзеліцца вопытам педагог. — Напрыклад, бяром тэст, я даю дзецям заданне рашыць 30 задач. Прычым зрабіць гэта трэба хутка, а не раздумваць доўга над кожнай. Такім чынам рыхтую іх да тэстаў, каб умелі хутка знаходзіць адказы, прытым самымі рацыянальнымі спосабамі. Трэба паспець не толькі рашыць, але і праверыць, бо ўсе памыляюцца. І дзеці прывыклі да майго тэмпу. Напачатку васьмікласнікам складана, але потым уліваюцца ў такую работу. І самае галоўнае — мы разумеем адно аднаго.

Педагог ведае шмат спосабаў, як ра­шыць задачу. Працуючы з дзецьмі, якія вывучаюць матэматыку на базавым узроўні і на павышаным, матывуе і адных і другіх, каб яны таксама імкнуліся знаходзіць розныя варыянты.

— Мэта педагога, каб дзеці далей вучыліся і радавалі сваіх настаўнікаў і баць­коў, былі запатрабаваныя. Радасна, калі яны паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, атрымліваюць добрую адукацыю, а потым і работу. Мае абодва сыны сталі праграмістамі. Але цяпер разумею, што заўсёды больш займаўся з навучэнцамі гімназіі, чым са сваімі дзецьмі. Нават па нядзелях працаваў, школьнікі прыяз­джалі з іншых населеных пунктаў Лідскага раёна, бывала, збіралася па 60 чалавек, — расказвае настаўнік.

Альфрэд Антонавіч прызнаўся, што для яго матэматыка — гэта і работа, і хобі. Прачынаючыся ў пяць гадзін раніцы, ён правярае сшыткі, разбірае задачы, каб на ўроку расказаць дзецям нешта новае. А ўвечары зноў вяртаецца да сшыткаў, да ўласных распрацовак.

— Пакуль ёсць яшчэ сілы, буду працаваць, рыхтаваць школьнікаў да алімпіяд, — гаворыць настаўнік. — Усё маё жыццё звязана з матэматыкай, і ніколі пра гэта не пашкадававаў. Шмат дапамагае сям’я, заўсёды падтрымлівае жонка. А што чалавеку яшчэ трэба, калі раніцай з задавальненнем ідзеш на сустрэчу з добрымі калегамі і вучнямі, а ўвечары таксама задаволены вяртаешся дадому, дзе цябе чакаюць родныя!

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: