РУС БЕЛ ENG 中文

Святлана Жабрак — пра арганізацыю аздараўленчай кампаніі для школьнікаў у Зэльвенскім раёне

04.07.2024

Пра тое, як у Зэльвенскім раёне арганізавана аздараўленчая кампанія для школьнікаў і якія напрамкі работы тут вызначальныя, расказала начальнік аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама Святлана Жабрак.

— Лета традыцыйна пачалося з гарачай пары для выпускнікоў — экзаменацыйнай. Як у раёне прайшла арганізацыя ЦЭ і ЦТ?

— Калі зусім у двух словах — без нараканняў і выдаленняў. Гэтым разам вопыт арганізацыі і здачы цэнтралізаванага экзамену быў усім ужо добра знаёмы. Па асабістых назіраннях: у вучэбных кабінетах падчас іспытаў панавала зусім іншая атмасфера ў параўнанні з мінулым годам. У многім залогам спакою і значна большай упэўненасці школьнікаў стала тое, што па рэкамендацыі педагогаў дзеці актыўна ўдзельнічалі ў рэпетыцыйных этапах.

Сёлета ў нас 78 выпускнікоў 11-х класаў і больш за 20 прэтэндавалі на медаль. Разам з імі мы чакалі вынікаў і рады, што медальныя планы ўсіх апраўдаліся. У цэлым, па водгуках вучняў, нядаўнія іспыты ў цэнтралізаванай форме не выклікалі складанасцей. На ЦЭ ў выпускнікоў нашага раёна восем стабальных вынікаў.

— Адначасова з экзаменацыйнай стартавала і аздараўленчая кампанія. Што яна прапануе дзецям Зэльвенскага раёна?

— У нашым раёне ў летні перыяд будзе арганізавана работа 17 аздараўленчых лагераў. Сярод іх 11 — з дзённым знахо­джаннем, дзе адпачнуць амаль 300 малодшых школьнікаў. Такія лагеры будуць мець свой профіль: патрыятычны, края­знаўчы або эколага-біялагічны.

Разам з тым будзе працаваць лагер працы і адпачынку, два турыстычныя лагеры з ахопам па 30 чалавек. Адзін палатачны лагер размесціцца на тэрыторыі сярэдняй школы № 3 Зэльвы. Напаў­няць вольны час школьнікаў яркімі падзеямі тут па традыцыі будзе ўлюбёны ў сваю справу настаўнік фізічнай культуры і здароўя і адначасова педагог дадатковай адукацыі Анатоль ­Базыльчык. Каля 60 дзяцей з мясцовай ДЮСШ адпачнуць у спартыўна-аздараўленчым лагеры.

На базе санаторнай школы-інтэрната расчыніць свае дзверы і лагер абласнога значэння. Ён будзе працаваць у дзве змены і ў адну з такіх прыме актывістаў піянерскага руху з усёй Гродзеншчыны.

I ўсё ж галоўным адрасам летняга аздараўлення школьнікаў стане кругласутачны лагер “Блакітная хваля”. Тут гэтым летам адпачнуць каля 700 дзяцей.

— Як дзеці і іх бацькі паставіліся да скарачэння змены ў ім да 15 дзён?

— Пытанняў наконт гэтага да нас не паступала. Пуцёўкі сталі больш даступнымі, і гэты плюс адзначылі не толькі бацькі. Для яшчэ большай колькасці хлопчыкаў і дзяўчынак мы змаглі арганіза­ваць адпачынак у такім лагеры цалкам бясплатна. Гаворка ідзе пра дзяцей з сем’яў, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Не першы год на ўзроўні райвыканкама прынята рашэнне па аплаце да поўнага кошту пуцёвак для такіх дзяцей. У гэтым годзе іх на 15 больш.

Шмат у чым скарачэнне змены да 15 дзён — гэта крок для арганізацыі адпачынку дзяцей у пяцізменным рэжыме.

Мы ж па такім прынцыпе працуем не першы год. Як правіла, апошняя змена ў нашай “Блакітнай хвалі” заўсёды спартыўная. І калі раней яна была дзевяці­дзённай і заканчвалася напрыканцы лета — 28 жніўня, то сёлета бу­дзе даўжэйшай на шэсць дзён, але завершыць сваю работу раней. На падрыхтоўку да школы ў дзяцей і іх бацькоў будзе амаль тыдзень.

Разам з дзецьмі нашага раёна адпачнуць у “Блакітнай хвалі” і школьнікі са Слоніма, Ваўкавыска і Краснасельска. За поўны кошт набыты пуцёўкі ў тым ліку для юных гасцей з Расіі. Гэта дзеці, якія на лета прыязджаюць у Зэльву да бабуль.

— Лета-2024 у Зэльвенскім раёне — гэта толькі пра лагеры?

— Канечне не. У кожнай да­школьнай установе арганізавана работа груп кароткачасовага знаходжання для дзяцей, якія не наведваюць дзіцячы сад.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы працягне вопыт арганізацыі гульнявых праграм па фармаце “ў двары”. У мікрараёнах Паўднёвы і Паўночны яны будуць праходзіць двойчы на тыдзень.

Работу па напаўненні летняга адпачынку школьнікаў карысным вольным часам будуем у цесным узаемадзеянні з сектарамi культуры, спорту і турызму. Ва ўстановах культуры будуць праца­ваць 29 клубных фарміраванняў для дзяцей і падлеткаў. Плюс чатыры аматарскія аб’яднанні па інтарэсах — у бібліятэках.

Акрамя таго, цэнтрам прыцягнення школьнікаў і навучэнцаў у спякотнае надвор’е традыцыйна стане Зэльвенскае вадасховішча. Ва ўзаемадзеянні з сектарам спорту і турызму на працягу лета тут для хлопчыкаў і дзяўчынак будуць арганізаваны турніры па пляжным валейболе і футболе. Разам з тым прадстаўнікі Таварыства ратавання на водах арганізуюць для дзяцей заняткі па навучанні плаванню.

— А калі засяродзіць увагу на тэматычным напаўненні летняга адпачынку?

— У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэтая тэма стане ключавой ва ўсіх лагерах. Будзе рэалізавана рэспубліканская эстафета памяці “Вызваленне”. Абавязкова нагадаем юным адпачывальнікам аб маштабных акцыях “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Месцы памяці”, “Гісторыя Перамогі ў маёй сям’і”.

У лагерах запланавана правядзенне ваенна-патрыятычных свят “Вучымся ў герояў Айчыну берагчы”, пройдуць інфармацыйныя сустрэчы, паказы дакументальных і мастацкіх фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну.

У гэтым годзе школьніца з нашага раёна стала ўдзельніцай праекта “Цягнік Памяці”. Абавязкова яшчэ раз нагадаем дзецям і аб ім — мабільная тэматычная выстава з фатаграфіямі ўдзельнікаў мінулых гадоў зазірне амаль у кожны лагер.

Безумоўна, для многіх Зэльва асацыіруецца з міжнародным фестывалем гістарычнай рэканструкцыі “Легендарныя эпохі” і Ганненскім кірмашом. Гэтыя святы пройдуць у ліпені і жніўні адпаведна. Таму запрашаем усіх да нас. Абавязкова з дзецьмі, каб напоўніць лета новымі ўражаннямі і яркімі эмоцыямі. Усім жадаю бяспечнага і цікавага лета!

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: