РУС БЕЛ ENG 中文

Ужо больш за год гімназія № 2 Ваўкавыска працуе ў новым для сябе статусе Школы міру

28.06.2024

Ужо больш за год гімназія № 2 Ваўкавыска працуе ў новым для сябе статусе Школы міру. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адукацыйнае супрацоўніцтва

Цікавасць да гэтага напрамку работы тут узнікла пасля тэматычнай публікацыі ў “Настаўніцкай”. Перагарнуўшы газетную старонку, дырэктар гімназіі Аляксандр Лічык тады сам сабе задаў пытанне: “А чаму б і нам не паспрабаваць?” І ўсяго праз некалькі месяцаў такое “а чаму б…” стала актуальным для ўстановы адукацыі напрамкам работы.

— На той момант мы мелі вялікі вопыт дзейнасці ў напрамку адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і на працягу некалькіх гадоў будавалі шматграннае парт­нёрскае асяроддзе, — пачынае размову кіраўнік установы адукацыі.

Якраз рухаючыся ў напрамку трансляцыі лепшых практык устойлівага развіцця, ажыццявілі ў гімназіі міжнародны праект пад назвай “Падарожжа ЦУРыКа ў Беларусі і свеце”. Больш чым у 20 школ тады разаслалі прапанову арганізаваць мерапрыемства з выдуманым героем ЦУРыКам, зрабіць фота і даслаць на электронную пошту гімназіі. Падключыліся да ініцыятывы з Ваўкавыска школьнікі з многіх куткоў Беларусі, іх равеснікі з Расіі, Казахстана і нават прадстаўнікі лацінаамерыканскіх краін.

Яшчэ адзін праект з міжнародным гучаннем быў рэалізаваны з даўнім партнёрам гімназіі Ваўкавыска — ліцэем № 329 Неўскага раёна Санкт-Пецярбурга. Падтрымаў яго яшчэ і адукацыйны комп­лекс “Ілім” з Бішкека. Па трох адрасах у Беларусі, Кыргызстане і Расіі педагогі ў рамках адукацыйнага супрацоўніцтва наладзілі работу тэатра без меж. Прычым без меж у літаральным сэнсе. У ваўкавыскай гімназіі № 2 рэжысёр узорнай тэатр-студыі “Лицедей” падзя­ліў адну пастаноўку на тры часткі. Кожная з іх здымалася ў трох установах. А гледачамі незвычайнага спектакля ўжо ў запісе адначасова сталі навучэнцы з трох краін.

— Яшчэ адзін праект “Чытаем блакадную кнігу” два гады назад рэалізавалі зноў жа разам са школьнікамі з Расіі. Як і ў папярэдніх праектах, галоўнымі тут былі міратворчыя ідэі, — дадае Аляксандр Лічык.

Добрыя пачынанні

Вялікую ўвагу ў гімназіі ўдзяляюць пытанням патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

— Калі тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны стала адным з ключавых момантаў у арганізацыі выхаваўчай прасторы, вырашылі, што важна не столькі давесці да дзяцей і дарослых гэтую інфармацыю, колькі яе візуалізаваць. Мы распрацавалі і ажыццявілі праект па тэматычным афармленні аднаго з холаў гімназіі. З 9 мая ён расказвае пра лёс вёскі Шаўлічы — сяс­тры Хатыні. Кансультантам у гэтай рабоце стаў галоўны рэгіянальны ўніверсітэт — ГрДУ імя Янкі Купалы, — падкрэслівае Аляксандр Лічык.

Не першы год існуе ў гімназіі № 2 ваенна-патрыятычны клуб “Гонар”. Пры непасрэдным удзеле кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Валянціна Бебеха навучэнцы ініцыіруюць шмат добрых пачынанняў. Члены БРПА, напрыклад, другі год актыўна супрацоўнічалі з домам састарэлых — прыязджалі ў госці са спектаклямі не толькі ў дэкаду пажылога чалавека.

Маюць ва ўстанове адукацыі і вопыт рэалізацыі інклюзіўных праектаў. Непадалёк гімназіі размешчаны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. І пад кіраўніцтвам педагогаў гімназіі яе вучні актыўна ўключаліся ў праект па арт-тэрапіі з дзецьмі.

— Усё вышэйпералічанае мае не толькі міратворчую мэту. Імкнёмся накіраваць дзяцей у рознага роду практыкі. Толькі ў такой разнастайнасці ў дзіцяці ёсць шансы знайсці сапраўды свой напрамак, у тым ліку для будучага прафесійнага самавызначэння, — дадае кіраўнік установы адукацыі.

Развіццё — усебаковае

Педагогі імкнуцца развіваць гімназістаў у самых розных кірунках. Гаворка ідзе не толькі пра грунтоўныя прадметныя веды. Гімназія на працягу шэрага гадоў — лідар раёна ў алімпіядным руху. Актыўна ўдзельнічаюць навучэнцы гімназіі з Ваўкавыска ў зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Па новыя веды толькі ў мінулым навучальным годзе туды адпраўляліся шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак.

— У рамках педкласаў прадукцыйнае сяброўства ў нас наладжана з каардынацыйным цэнт­рам “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ. А новы для гэтага навучальнага года напрамак работы з інжынернымі класамі будавалі ў цесным супрацоўніцтве з факультэтам горна-інжынернай справы БНТУ, — працягвае размову аб партнёрстве Аляксандр Лічык.

Дарэчы, з наступнага навучальнага года плануюць адкрыць у гімназіі прававыя класы на ўзроўні пачатковай школы. І ў гэтым пытанні ва ўстанове адукацыі абапіраюцца на вопыт калег з Расіі.

— Разам з тым наша гімназія з’яўляецца цэнтрам вывучэння кітайскай мовы і культуры БДУ. Дзякуючы гэтаму, метадычнае суправаджэнне педагогаў сёння забяспеч­вае Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства БДУ, — дадае суразмоўнік.

Толькі ў гэтым навучальным годзе вывучалі кітайскую ў гімназіі № 2 Ваўкавыска 78 чалавек. Яшчэ 29 хлопчыкаў і дзяўчынак знаёміліся з мовай у межах факультатыўных заняткаў у 1 і 2 класах.

Нельга не адзначыць, што ў гімназіі № 2 дзеці вывучаюць іспанскую, французскую, англiйскую і кітайскую мовы. Прычым, дзякуючы таленавітым педагогам, вывучаюць грунтоўна — на працягу некалькіх гадоў тут нязменна ёсць пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па іспанскай і французскай мовах.

Адзіныя ў вобласці

Важная роля ў пашырэнні ідэй міру і стварэння адведзена ў тым ліку музею гімназіі № 2 — адзі­наму ў вобласці музею жанчыны-маці. У гэтым годзе ён адзначыў 16-годдзе. Кожны з шасці раздзелаў расказвае пра розныя аспекты жыцця жанчыны. Гэта жанчына — маці салдата, які не вярнуўся з вайны, актрыса, мастачка, музыкант… Што вельмі важна, усе гераіні музейных стэндаў альбо непарыўна звязаны з Ваўкавыскам, альбо менавіта тут пачалі свой жыццёвы шлях. І сярод апошніх, напрыклад, добра вядомая аматарам савецкага кінематографа Золушка — актрыса кіно Яніна Жаймо.

— У пачатку мінулага стагоддзя яе бацькі, артысты цырка, былі праездам якраз у нашых краях, калі Яніна Жаймо вырашыла з’явіцца на свет, — з усмешкай гаворыць пра знакамітасцей, інфармацыя пра якіх размешчана на музейных стэндах, кіраўнік музея Маргарыта Апановіч.

Прадстаўлены ў музеі і работы мастачкі Людмілы Іванаўны Пятруль, творчасць і жыццёвы шлях якой на працягу мінулага навучальнага года былі пад павышанай увагай навучэнцаў гімназіі. Дасканала вывучалі яе біяграфію і асаблівасці вырабу аўтарскіх габеленаў вучні ў рамках даследчай работы.

— Нашы дзеці ўдзельнічалі ў сумесным з Дзяржаўным гістарычным музеем у Маскве праекце “Агульная гісторыя — агульны лёс”. Кожны тыдзень на працягу доўгага часу мы былі на сувязі з метадыстам маскоўскага музея, рыхтуючыся да конкурсу, — працягвае Маргарыта Апановіч.

А кіраўнік гімназіі тым часам робіць важную рэмарку:

— Ці шмат устаноў адукацыі вобласці і Беларусі ў цэлым могуць пахваліцца такога кшталту адукацыйным супрацоўніцтвам? У нашых гімназістаў ёсць магчымасць уступаць у такі міжнародны дыялог у многім дзякуючы таму, што ўстанова адукацыі з 2022 года з’яўляецца ўдзельніцай Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі.

Зноў жа ў межах такога адукацыйнага супрацоўніцтва навучэнцы гімназіі з Ваўкавыска сёлета сталі лаўрэатамі Усерасійскага турніру матэматыкаў.

Арыенціры для кожнага

Гаворачы пра асобу дырэктара гімназіі № 2 Ваўкавыска, важна адзначыць, што адну са сцен кабінета Аляксандра Анатольевіча ўпрыгожваюць не дыпломы і ўзнагароды, а… партрэты-арыенціры: Сухамлінскага, Аманашвілі, Корчака, Макаранкі, Салавейчыка, Выгоцкага…

— У кожнага чалавека павінны быць прафесійныя арыенціры. І педагогам пашанцавала мець шмат такіх, — заўважыўшы здзіў­ленне карэспандэнта, гаворыць Аляксандр Лічык.

Падчас дыялогу заўважаю на паліцах зборы твораў Сухамлінскага, Аманашвілі… З апошнім у гімназіі звязана цэлая гісторыя. У 2020 годзе ўстанова адукацыі стала пляцоўкай для сустрэчы педагагічнай грамадскасці рэгіёна з добра вядомым прадстаўніком гуманнай педагогікі. Па словах кіраўніка гімназіі, гэтая сустрэча стала важным момантам у пытаннях пабудовы ўзаемаадносін з дзецьмі.

— Наўрад ці памылюся з меркаваннем, што ўсе ўдзельнікі сустрэчы пасля гэтага зачытваліся кнігамі Шалвы Аманашвілі. Плюс у гiмназii аднавіліся педагагічныя чытанні, якія абавязкова тычацца пытанняў гуманнай педагогікі, — гаворыць кіраўнік адзінай у раёне Школы міру.

Працягваючы тэму, Аляксандр Лічык падзяліўся шчырым перакананнем, што ў ідэале кожны педагог, які сябе паважае, сёння павінен быць знаёмы з работамі названых аўтараў. І дадаў, што ў пытаннях вызначэння шляхоў развіцця роднай гімназіі асабіста для яго значнае месца адведзена ў тым ліку кнігам Андрэя Караля і яго ідэям эўрыстычнага навучання.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: