Педагогі з Астравецкага раёна Аляксандр і Алена Іванцэвіч заўсёды разам — і ў жыцці, і ў працы
21.06.2024
Прыклад грамадзяніна
Размова з педагогамі з Астравецкага раёна Аляксандрам і Аленай Іванцэвіч пачалася з жартаўлівай заўвагі: “Як ні старайся не браць работу дадому, гэта не атрымліваецца”.
Актуальны такі жарт для ўсіх настаўніцкіх сем’яў, бо ў іх побыце размовы пра педагогіку доўжацца ў фармаце 24 на 7. І ўсё ж кожная такая сям’я заўсёды асаблівая. Прыклад нашых герояў унікальны яшчэ і таму, што адзін з прадстаўнікоў дуэта дапамог другому прыйсці ў педагогіку.
Шлях Аляксандра ў прафесіі педагога пачаўся 20 гадоў назад. Пакуль вучыўся ў школе, планаваў звязаць жыццё з аграрнай сферай. Па-іншаму расставіў прыярытэты літаральна за некалькі месяцаў да здачы ўступных экзаменаў і ў 1995-м стаў студэнтам гістарычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.
Уся працоўная біяграфія суразмоўніка звязана з Кемелішскай сярэдняй школай. Упершыню як малады спецыяліст ён пераступіў парог установы адукацыі ў 2001 годзе. А на сённяшні дзень ужо больш за дзясятак гадоў узначальвае педагагічны калектыў і працягвае дзяліцца ведамі са школьнікамі — вядзе ўрокі гісторыі з 9 па 11 клас.
Штогод яго вучні паспяхова ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях. І ў мінулым годзе праца кіраўніка школы ў гэтым напрамку была адзначана падзякай дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Для вучняў і калег Аляксандр Леанідавіч — прыклад чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Не так даўно ён стаў удзельнікам Усебеларускага народнага сходу, уваходзіць у склад грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз афіцэраў”, “Белая Русь”. Дзейнасць кіраўніка ўстановы адукацыі як члена добраахвотнай дружыны адзначана яшчэ і падзячным лістом Астравецкага райвыканкама — за актыўны ўдзел у мерапрыемствах па забеспячэнні абароны дзяржаўнай граніцы, канструктыўнае і плённае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі па рэалізацыі пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Астравецкага раёна.
У лідарах раёна
— Калі пачынаў працаваць, у школе было 180 вучняў, а сёння іх толькі 66, — гаворыць аб тым, што хвалюе, Аляксандр Леанідавіч. — І ўсё ж стараемся рабіць сваю справу так, каб узровень ведаў і ўменняў нашых выпускнікоў не саступаў у параўнанні з аднагодкамі з Астраўца ці Гродна.
З 2020 года школа пад яго кіраўніцтвам нязменна ў лідарах раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. І Аляксандр Леанідавіч упэўнены, што гэта заслуга ўсяго калектыву неабыякавых педагогаў. Часткай гэтага калектыву ўжо не першы год з’яўляецца і яго жонка.
Для Алены Станіславаўны шлях у прафесію педагога пачаўся не адразу пасля заканчэння школы. Як яна прызнаецца, у свой час здрадзіла дзіцячай мары ўвайсці ў вучэбны клас у статусе педагога. Вось толькі жыццё ўсё расставіла на свае месцы.
— Стаць настаўніцай хацела заўсёды. Але калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, даверылася парадзе бацькоў і паступіла ў Маладзечна ў гандлёва-эканамічны каледж, — расказвае Алена Іванцэвіч.
Пасля гэтага ў прафесійным стажы суразмоўніцы быў вопыт работы эканамістам у Астраўцы. Далей — замужжа з вяртаннем у родныя Кемелішкі і рэалізацыя, мабыць, у адным з галоўных для кожнай жанчыны статусаў — мамы.
Па адным адрасе
У сям’і педагагічнага дуэта з Астравецкага раёна, дарэчы, падрастаюць трое дзяцей. І на пытанне аб галоўных сямейных традыцыях яны амаль адначасова адказваюць: “Праводзіць час разам”. У выпадку з нашымі героямі такое “разам” да нядаўняга часу азначала — быць побач заўсёды ў літаральным сэнсе гэтага слова. Да паступлення ў мінулым годзе старэйшай дачкі ў сталічны ўніверсітэт усёй сям’ёй Іванцэвічы разам ішлі на работу і вучобу па адным адрасе.
Часткай калектыву Кемелішскай сярэдняй школы Алена стала спачатку як бібліятэкар. А ў 32 гады вырашыла рэалізаваць дзіцячую мару — паступіла на педагагічны факультэт у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. І скончыла ўніверсітэт на выдатна — нават з папраўкай на тое, што падчас вучобы стала мамай трэці раз.
— Вельмі ўдзячна мужу за падтрымку і разуменне. На адну з сесій з маленькім сынам на руках мы ездзілі разам. Але не аднойчы здаралася і так, што на час маёй вучобы бацькоўскія абавязкі цалкам клаліся на плечы мужа, які тады ўжо быў дырэктарам школы, — адзначае Алена.
Пасля пяці гадоў навучання дыпламаваны педагог адразу з галавой паглыбілася ў работу і набрала першакласнікаў, якіх сёлета з сумам адпусціла ў старшую школу. На пытанне аб тым, ці ўсё педагог паспела ўкласці ў дзяцей, суразмоўніца толькі паціскае плячыма. А калі Аляксандр Леанідавіч пачынае пералічваць заслугі і ўзнагароды яе вучняў, становіцца зразумела, што маўклівы адказ толькі індыкатар сціпласці.
Скарбонка дасягненняў
— За тры гады вучні Алены папоўнілі скарбонку дасягненняў нашай установы адукацыі сямю прызавымі месцамі ў раённых алімпіядах па рускай і беларускай мовах. Іх работы тройчы былі адзначаны на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Шлях да поспеху”, — гаворыць Аляксандр Іванцэвіч.
Нельга не адзначыць, што праца педагога, шлях у прафесіі якой пачаўся пасля 35 гадоў, толькі ў мінулым навучальным годзе была адзначана граматамі раённага аддзела адукацыі і галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. І зноў жа толькі ў мінулым навучальным годзе Алена тройчы атрымлівала падзяку рэдакцыі педагагічнага партала Беларусі за актыўны ўдзел у рабоце выдання, а таксама за асабісты ўклад па ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс.
Дарэчы, работу на выдатна яна і сёння спалучае з вучобай — з’яўляецца аспіранткай Акадэміі адукацыі і працуе над дысертацыяй, тэма якой тычыцца навучання дзяцей у сельскай мясцовасці.
— На сямейнай нарадзе пытанне паступлення ў аспірантуру муж без роздумаў падтрымаў фразай “Вядома!”. І дадаў, што гэта важна для яго як дырэктара і для мяне як чалавека, якому трэба ўвесь час быць у руху, — з усмешкай адзначае Алена.
Да новых вышынь
І тут жа здзіўляе прыкладам з серыі “паспець усё ў рэжыме шматзадачнасці”. У мінулым годзе яна прайшла перападрыхтоўку ў БДПУ на настаўніка-дэфектолага і атрымала яшчэ адзін дыплом з адзнакай. Да таго ж рэалізавала адну даўнюю задуму — стала суаўтарам краязнаўчай кнігі “Астравеччына вядомая і незнаёмая”.
— Часам здаецца, што такі актыўны тэмп самарэалізацыі ў прафесіі — гэта спосаб нагнаць упушчанае, — разважаем разам з настаўніцай.
Пасля гэтых слоў да ўжо сказанага важна дадаць, што трэці год Алена актыўна ўдзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях па педагогіцы і ўжо больш за 30 яе работ апублікаваны ў зборніках па выніках такіх канферэнцый. У тым ліку міжнародных. А летась нараўне з артыкуламі прафесараў і дактароў навук распрацоўка настаўніцы пачатковых класаў з Кемелішак увайшла ў дапаможнік для педагагічных работнікаў усёй краіны “Тэхналагізацыя інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.
— Кадры вырашаюць усё, — з веданнем справы рэзюмуе кіраўнік установы адукацыі Аляксандр Іванцэвіч.
І дадае, што разам у жыцці і ў працы — момант, які толькі дапамагае на шляху дасягнення новых вышынь і ажыццяўлення смелых планаў.
Источник: https://nastgaz.by