РУС БЕЛ ENG 中文

У Гродне і Лідзе ўпершыню арганізавалі агульнае свята для ўсіх выпускнікоў

18.06.2024

У Гродне і Лідзе ўпершыню арганізавалі агульнае свята для ўсіх выпускнікоў.

— У гэтым годзе ў нас 298 медалістаў, 36 стабальных вынікаў цэнтралізаваных экзаменаў. Чацвёра хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі найвышэйшыя балы па двух прадметах, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык.

У Гродне адразу пасля ўручэння атэстатаў у родных установах адукацыі выпускнікі ўсіх школ і гімназій горада сабраліся на плошчы Леніна. Каля дзвюх з паловай тысяч юнакоў і дзяўчат яркай святочнай калонай прайшліся па цэнтральнай вуліцы абласнога цэнтра да плошчы Савецкай у суправаджэнні сваіх класных кіраўнікоў і адміністрацыі ўстаноў адукацыі.

Тут для іх арганізавалі ўрачыстае ўганараванне найлепшых. Кіраўніцтва горада і вобласці заахвоціла поспехі 40 выпуснікоў. Як расказаў начальнік гарадскога аддзела адукацыі, гэта не толькі пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У ліку ўзнагароджаных — выдатнікі спорту і актывісты, якія ўнеслі ўклад у папулярызацыю роднай установы адукацыі.

Яркім эпізодам святочнай праграмы стаў музычны канцэрт з удзелам маладзёжных выканаўцаў. Завяршыўся першы гарадскі выпускны ў Гродне феерверкам, пасля якога маладыя людзі адправіліся ў свае школы і гімназіі. А затым яны сустрэлі першае ў жыцці світанне ў новым статусе выпускніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

У Лідзе арганізавалі цэнтралізаванае свята для выпускнікоў не толькі ўсіх гарадскіх школ і гімназій. Учарашніх школьнікаў раёна, а такіх сёлета 791, аб’яднала свята “Юнацтва ў пошуках якасці: крок у будучыню”.

Усе разам выпускнікі сустрэліся ў значным гістарычным месцы — ля сцен Лідскага замка. Урачыстым шэсцем галоўныя героі вечара прайшлі на Дажы­начную плошчу. Педагогі раёна пастараліся зрабіць гэты момант кранальным. Маладыя людзі ішлі па алеі дзяцінства — іх віталі навучэнцы ад першага да старшых класаў. Такі жывы калідор, па задуме арганізатараў, дапамог выпускнікам успом­ніць сябе на старце іх шляху ў свет ведаў.

— Ідэя правядзення агульнага свята для ўсіх выпускнікоў раёна нарадзілася летась падчас арганізацыі рэспубліканскага апошняга званка. Шлях да яе рэалізацыі пачаўся яшчэ ў верасні з тэматычнай сустрэчы дырэктараў усіх устаноў адукацыі раёна. Хацелі зладзіць сапраўды цёплы вечар адначасова для выпускнікоў вялікіх гарадскіх і сельскіх школ, у адной з якіх 11 клас сёлета скончылі ўсяго чатыры хлопцы і дзяўчыны, — расказала начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк.

Сімвалічным момантам святочных мерапрыемстваў стала ўскладанне выпускнікамі кветак да Кургана Бяссмерця. А на Дажыначнай плошчы былі ўганараваны медалісты — іх у раёне 70, а таксама выпускнікі, якія сваімі поспехамі ў вучобе, спорце і творчасці праслаўлялі малую радзіму не толькі ў мінулым навучальным годзе.

Працягнулася свята ў спартыўна-аздараўленчым комплексе “Алімпія”. Для маладых людзей тут падрыхтавалі арыгінальныя фотазоны і забаўляльную праграму, арганізавалі фудкорты. Аднак і самі галоўныя героі свята не засталіся ў баку ад арганізацыі вечара. Выпускнікі падрыхтавалі невялікія відэаролікі аб сваіх установах адукацыі, сталі ўдзельнікамі танцавальнага флэш-мобу.

Апоўначы выпускнікам прапанавалі загадаць самыя запаветныя жаданні пад залпы святочнага салюту. Вядома, у кожнага яны свае, але ўсіх учарашніх школьнікаў, бясспрэчна, аб’ядноўвае вялікае жаданне, каб споўнілася ўсё самае добрае. Няхай так і будзе!

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: