РУС БЕЛ ENG 中文

«Калі нарадзілася шостае дзіця, усё ў нашай сям’і стала на свае месцы». Шматдзетны тата Яўгеній Чудзін – новы герой праекта «Ганаруся табой, БАЦЬКА»

14.06.2024

«Гродзенская праўда» сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама запускае новы праект «ганаруся табой, БАЦЬКА».

У ім мы раскажам аб прадстаўніках моцнага полу, якія з’яўляюцца не толькі надзейнай апорай для сваёй сям’і, таленавітымі кіраўнікамі і прафесіяналамі ў сваёй справе, але і выдатнымі бацькамі. Нашы героі падзеляцца сакрэтамі, як дасягнуць поспеху ва ўсім і адразу, у чым для іх крыніца сілы і натхнення і як гэта – ведаць, што ты лепшы бацька на свеце.  

IMG_1553.jpg

Шматдзетная сям’я Чудзіных жыве ў Ваўкавыску. Глава сям’і Яўгеній працуе мантажнікам у ТРУП «Баранавіцкая дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў». Алена – у дэкрэтным адпачынку. Па традыцыі мы завіталі ў госці вечарам, калі дадому вярнуліся ўсе члены сям’і: хтосьці з працы, хтосьці са школы. Яўгеній і Алена выхоўваюць шасцярых дзяцей: Марыю, Сафію, Івана, Сцяпана, Фёдара і адзінаццацімесячнага Міхаіла. Першае, што ўражвае, калі пераступаеш парог кватэры, – шмат сямейных фотаздымкаў амаль у кожным пакоі. З іх на нас глядзяць усмешлівыя і шчаслівыя людзі – бацькі, акружаныя дзіцячай ласкай і любоўю. 

«Дзяўчына-летуценніца»

Яўгеній нарадзіўся і вырас у Азербайджане, у адзінай на ўсю краіну вёсцы Іванаўка. Наш герой – прадстаўнік сёмага пакалення сям’і Чудзіных, якія жылі там. Бацькі працавалі на ваенным заводзе, але калі ў 90-х гадах пачалася вайна на Карабахе, сям’я прыняла рашэнне аб пераездзе. Месцам пастаяннага жыхарства абралі Ваўкавыск – ціхі і спакойны горад, дзе наш герой разам з малодшым братам скончылі школу, а пасля, атрымаўшы прафесію ў Гродне, пачалі будаваць самастойнае жыццё. З будучай жонкай Яўгеній пазнаёміўся ў 2004 годзе дзякуючы сябру. З таго дня яны  не раставаліся, а абставіны знаёмства да гэтай пары ўспамінаюць з цёплай усмешкай. Маўляў, не яны першыя, хто знайшоў сваё шчасце дзякуючы агульнаму знаёмаму. 

IMG_1534.jpg

– Вось так ён усіх і перажаніў з нашай кампаніі. І толькі пасля гэтага сам ажаніўся, – усміхаецца Яўгеній Васільевіч. – Вялікі дзякуй яму за гэта.

Два дзесяцігоддзі таму, упершыню ўбачыўшы Алену, Яўгеній зразумеў – гэта яго будучыня. Дзяўчына прывабіла яго сваёй шчырасцю і непасрэднасцю. 

– Алена любіла марыць, такая летуценная і акрыленая – немагчыма было не закахацца, – успамінае мужчына.
 
Яшчэ на пачатку сумеснага шляху Яўгеній і Алена вырашылі, што сям’я ў іх будзе вялікая, а таму планавалі падараваць жыццё пяцярым дзецям. Але, расказвае Алена, калі на свет з’явіўся чацвёрты хлопчык – Сцяпан, у бацькоў ад шчасця настолькі закружылася галава, што планы трошкі змяніліся. Праўда, ненадоўга. Праз два гады нарадзіўся Фёдар, яшчэ праз два – Міхаіл. І тады, прызнаюцца бацькі, усё стала на свае месцы. 

IMG_1544.jpg

IMG_1599.jpg

– Мае бацькі вучылі мяне не словам, а справай. Сваім прыкладам паказвалі, як жыць. Да гэтай пары з настальгіяй успамінаю дзяцінства, калі мы жылі ў ваенным гарадку. Помню, як бацькі падарылі мне першы веласіпед – з якой радасцю я раз’язджаў па двары! Калі пераехалі ў Беларусь, пачалі з братам хадзіць па грыбы і ягады. А зимой ні адзін з нас не сядзеў дома – каталіся на санках і лыжах, прыходзілі дадому ўшчэнт мокрыя. Такое не забываецца, – расказвае Яўгеній.

Мама нашага героя надавала вялікую ўвагу выхаванню сыноў, з маленства прывучала іх да парадку, вучыла гатаваць. Цяпер Яўгенію пад сілу любыя хатнія справы. Ён з лёгкасцю гатуе смачнейшыя сняданкі і вячэры, балуе дзяцей марожаным і пірагамі.

– Нешта з атрыманага вопыту ад бацькоў я выкарыстоўваю ў выхаванні сваіх дзяцей, але ў большасці мы с Аленай ідзем сваім шляхам. Напрыклад, мы раслі ў такі час, калі многае было недасягальным, таму сваім дзецям намагаемся даць тое, чаго нам не хапала. І гэта не пра матэрыяльныя рэчы, а пра эмоцыі. Мы назапашваем агульныя сямейныя ўспаміны, каб пры неабходнасці, у складаны час, гэта магло з’яднаць нашых дзяцей, – тлумачыць Яўгеній.

IMG_1559.jpg

IMG_1535.jpg

«На Новы год ідзем у кіно»

На чым жа грунтуецца сямейны дабрабыт Чудзіных? Адказ бацькі даюць разам – на зносінах. Яўгеній і Алена з маленства вучаць дзяцей не баяцца агучваць свае жаданні і хваляванні. Толькі разам можна справіцца з любой перашкодай, і гэтага правіла сям’я асабліва прытрымліваецца. Бацькі прывіваюць дзецям уменне задаваць пытанні, калі нешта незразумела, удакладняць, папраўляць і адмаўляць, калі на гэта ёсць прычына. 

– Намагаемся даваць дзецям права выбару. Нават у дробязях раімся з імі, бо гэта важна – паважаць і прымаць іх рашэнне, нават калі здаецца, што яны робяць памылку. Нічога, мы пасля гэта выправім разам, але яны навучацца, атрымаюць вопыт і ўжо не памыляцца. У гэтым наша задача – даць ім веды і ўменні, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці, калі нас побач можа не быць. Навучыць дзяцей шчыра любіць адзін аднаго і быць надзейнай апорай – вось наша місія, – гаворыць Яўгеній. 

Важнае месца ў жыцці Чудзіных займаюць агульныя прагулкі і вандраванні, інтэлектуальныя і настольныя гульні, паходы ў кіно. Дарэчы, апошняе Чудзіны любяць асабліва. На працягу многіх гадоў вечарам 31 снежня сям’я адпраўлялася ў кінатэатр, а затым бацькі з дзецьмі ра-зам прагульваліся па заснежаных вуліцах, развітваючыся з адыходзячым годам. Цяпер чакаюць, пакуль маленькі Міша падрасце, каб працягнуць сямейную традыцыю. 

IMG_1547.jpg

Як не абдзяліць дзяцей увагай і ласкай, калі іх адразу шасцёра? – цікаўлюся ў бацькоў. 

– Мы стараемся зрабіць карысным любы праведзены разам час. Калі дзеці гуляюць на вуліцы з татам, дамоў іх не загнаць, – усміхаецца Алена. – А летам наш двор пераўтвараецца ў дзіцячы садок, дзе наш тата ў цэнтры ўвагі.

«Тата заўжды падтрымае і дапаможа»

Сям’я Чудзіных прымае актыўны ўдзел у розных конкурсах і мерапрыемствах. За іх плячыма ўдзел у конкурсе «Сям’я года», шматлікіх творчых праграмах, турыстычных злётах. Да кожнага выступлення бацькі і дзеці рыхтуюцца адказна, праяўляюць ініцыятыву, крэатыў. І гэта аб’ядноўвае. 

– Я ўдзячная тату, што ён у нас такі клапатлівы і спагадлівы. Што б мы яму не прапанавалі – ён пагодзіцца, падтрымае і дапаможа. Я магу даверыцца яму, і гэта бясцэнна. Мару пра тое, што праз гадоў так дваццаць наша вялікая сям’я збярэцца разам за святочным сталом і з цеплынёй будзе ўспамінаць незабыўнае дзяцінства, якое нам падаравалі бацькі, – дзеліцца старэйшая дачка Марыя. 

Мама Марыі дапаўняе: якасць, якую яна асабліва шануе ў сваім мужы, – усёабдымная падтрымка. 

– Ён мой самы лепшы сябра. Мой чалавек, маё самае вялікае каханне. Мы сыходзімся ва ўсім: як будаваць адносіны,  выхоўваць дзяцей і  наладжваць быт. Наша галоўная мара – каб нашы дзеці збераглі ў сваім сэрцы і пранеслі праз многія гады тую любоў, якую мы ім дарым і якой вучым, – падсумавала Алена.

Источник: https://grodnonews.by

поделиться в: