У Варнянскай сярэдняй школе дзейнічае адзіны ў краіне адукацыйны цэнтр па зберажэнні ласося
13.06.2024З 2017 года ў Варнянскай сярэдняй школе Астравецкага раёна дзейнічае адзіны ў краіне адукацыйны цэнтр па зберажэнні ласося. Ён стаў візітнай карткай установы адукацыі.
Знаёмства з галоўным героем незвычайнай прасторы — рыбай кумжа — пачынаецца яшчэ пры ўваходзе ў школу. Тут устаноўлены помнік прадстаўніку ласасёвых, які заходзіць на нераст у чыстыя рэкі раёна. Цікава, што школьнікі надзялілі ласося ў бронзе амаль чароўнымі паўнамоцтвамі. Пра гэта сведчыць да бляску нацёртае тулава рыбы: для здзяйснення жадання вучні старанна паліруюць яе рукамі.
Сам ласасёвы цэнтр уяўляе сабой пастаянна дзеючую інтэрактыўную выставу, дзе можна даведацца шмат цікавага пра розных прадстаўнікоў сямейства ласасёвых: сёмгу, кету і ручаёвую стронгу. І, безумоўна, пра рыбу кумжу, якая штогод ажно з Балтыйскага мора праплывае да 600 кіламетраў выключна ўверх па цячэнні па Нёмане і Віліі, каб адкласці ўрэшце ікру там, дзе нарадзілася. Ікра “зімуе” ў чыстай вадзе мясцовых рэчак, а ўвесну з’яўляюцца малькі, якім трэба плыць у Балтыйскае мора.
— Час нерасту — гэта ўсяго каля дзесяці дзён у пачатку снежня. І да месца заканчэння вялікага падарожжа кумжы якраз у гэты час з году ў год прыязджаюць прадстаўнікі навуковай супольнасці і проста аматары прыроды. А нашы вучні на працягу ўсяго навучальнага года ўносяць свой уклад у тое, каб такое падарожжа рыбы стала магчымым: кантралюем наяўнасць плацін на найбліжэйшых рэках і робім замеры вады для вызначэння яе чысціні, — адзначае дырэктар школы Алена Юркойць.
Цэнтр паспяхова выконвае адразу дзве функцыі — экалагічнае выхаванне школьнікаў і адукацыйную функцыю. Вучні малодшых класаў бываюць тут на ўроках малявання. А для старэйшых школьнікаў праводзяцца заняткі па хіміі і біялогіі, геаграфіі і нават матэматыцы.
— Наш цэнтр выходзіць і за межы ўстановы адукацыі. Падчас даследчай дзейнасці вучні запісваюць ад мясцовага насельніцтва казкі, байкі і легенды, якія так ці інакш датычацца галоўнага героя нашага цэнтра — прадстаўніка ласасёвых, — працягвае Алена Юркойць.
У адукацыйнай прасторы самога цэнтра ўсё да дробязей адпавядае зададзенай тэматыцы. Нават рольшторы на вокнах адлюстроўваюць мясцовыя ландшафты і ўтрымліваюць фотазамалёўкі, звязаныя з нерастам кумжы.
Пазнавальныя стэнды тэматычнага цэнтра прадугледжваюць у тым ліку інтэрактыўнае ўзаемадзеянне з гасцямі. Ці ведаеце вы, напрыклад, што агульнага паміж ласосем і дзесяцігадовым дзіцем? Адкрываем акенца стэнда з падказкай — і аказваецца: сярэдні рост і вага чацвёртакласніка суразмерныя з даўжынёй і вагой дарослай рыбы з акваторыі Балтыйскага мора.
Вучні Варнянскай сярэдняй школы ведаюць гэта з малых гадоў, як і тое, што малёк родам з Астравецкага краю можа вярнуцца на сваю геаграфічную радзіму не раней як праз восем гадоў. Гэта мінімальны ўзрост кумжы, якая ідзе на нераст у Прынёманне з Балтыкі.
Уявіць сабе шлях рыбы-падарожніцы школьнікі могуць з дапамогай спецыяльнай карты-схемы, а прымяняючы веды па геаграфіі і матэматыцы яны складаюць задачы на вылічэнне, напрыклад, хуткасці.
— Гледзячы на гэтую схему, вызначце месца, дзе рыба заходзіць на нераст, — прапаноўвае карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар школы.
На схематычным малюнку ракі — некалькі кнопак. Гэта яшчэ адзін інтэрактыў для гасцей цэнтра. Націскаю на адну з іх, але індыкатар правільнага адказу не загараецца… З другой спробы ўжо дакладна запамінаю яго.
— Кожны год з экскурсіямі ў нас бываюць школьнікі не толькі з розных куткоў Гродзенскай вобласці. Нярэдка нас просяць правесці экскурсіі і не для арганізаваных груп. Літаральна за дзень да вашага прыезду з такой просьбай звярнуўся жыхар сталіцы, сын якога вельмі цікавіцца біялогіяй.
Арганізавана ў школе і тэматычная бізнес-кампанія. З вялікай цікавасцю школьнікі сумесна з педагогамі малююць сімвал цэнтра вывучэння ласося — рыбу кумжу — на посудзе і тэкстыльных вырабах. Такія сувеніры пасля экскурсій разам з гасцямі разлятаюцца не толькі ў розныя куткі Беларусі, але і ў Расію.
— Кожны год сустракаем больш за тысячу гасцей, — адзначае кіраўнік установы адукацыі.
Стварэнне цэнтра стала лагічным працягам ініцыятывы педагогаў і школьнікаў, прапанаванай яшчэ ў 2007 годзе: сумесна з бацькамі абараніць месца нерасту чырвонакніжнай рыбы ад браканьераў. І ў 2017 годзе назапашаны даследчы матэрыял дапамог зрабіць галоўны школьны цэнтр экалагічных ведаў вельмі цікавым.
Гасцям тут сапраўды рады. А для таго каб зрабіць экскурсіі яшчэ больш цікавымі і запамінальнымі, задзейнічаюць незвычайнага героя — роставую ляльку ў выглядзе кумжы.
Для школьнікаў інфацэнтр — гэта яшчэ і добрая база для правядзення навукова-даследчай і праектнай дзейнасці. Яны дэманструюць свае напрацоўкі на канферэнцыях “Шлях да поспеху”, “Край Гарадзенскі”, “Хрустальная Альфа”. Распрацаваны педагогамі і вучнямі праект “Кумжа пад дубам. Зберажом разам” у 2019 годзе стаў лепшым у намінацыі “Хваля памяці. Сімвалы малой радзімы” рэспубліканскага агляду-конкурсу грамадзянска-патрыятычных праектаў, прысвечаных Году малой радзімы. Шмат перамог маюць школьнікі з Варнян і ў такіх экалагічных конкурсах, як “Празрыстыя хвалі Нарачы”, “Юны натураліст”, “Квітней, мой лес!”, “Край Гарадзенскі”. Толькі за апошнія тры гады скарбонка дасягненняў установы адукацыі папоўнілася трыма ўзнагародамі на рэспубліканскіх і васьмю перамогамі на абласных конкурсах экалагічнай накіраванасці.
— Падчас канікул на працягу ўжо 13 гадоў арганізоўваем кругласутачны экалагічны лагер. Кожны дзень у ім тэматычны, і многія забаўляльныя мерапрыемствы праходзяць якраз у ласасёвым цэнтры, — працягвае здзіўляць суразмоўніца.
Праграма летняга аздараўлення тут заўсёды вельмі насычаная. Да таго ж юныя адпачывальнікі з задавальненнем
ездзяць у рэспубліканскія заказнікі на экскурсіі. Дзякуючы такому падыходу, павышаны попыт на арганізацыю вольнага часу дзяцей — заканамернасць. Па словах кіраўніка ўстановы адукацыі, толькі сёлета ўжо на пачатку красавіка ад бацькоў паступіла каля 30 заявак на адпачынак дзяцей у экалагічным лагеры. Як правіла, на пачатку мая з 50 месцаў вакантных не застаецца.
Источник: https://nastgaz.by