Дзіцячы сад і сям’я. Выхоўваем разам
30.05.2024На базе дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава прайшоў семінар загадчыкаў і іх намеснікаў па асноўнай дзейнасці па пытаннях выхавання асобы дзіцяці дашкольнага ўзросту ва ўмовах дзіцячага сада і сям’і.
Арганізатарамі сустрэчы сталі аддзел адукацыі райвыканкама і Дзятлаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет.
Аб метадычных аспектах работы ўстановаў дашкольнай адукацыі па арганізацыі ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў расказала метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук.
Загадчыца дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава Алена Лазоўская патлумачыла, як ва ўмовах абноўленага нарматыўна-прававога поля арганізаваць работу органаў самакіравання (апякунскага і бацькоўскага камітэтаў установы адукацыі).
Яркай падзеяй семінара стала творчая справаздача ўстановы, дзе былі прадэманстраваны эфектыўныя формы ўзаемадзеяння дзіцячага сада і сям’і, скіраваныя на сацыяльны дабрабыт выхаванцаў. Вопытам сямейнага выхавання падзяліліся сем’і Герусаў, Ракуцяў, Пышкоў, Русаўскіх, Тухтаў, Карнэлікаў, Осіпавых, Валчкевічаў. Не менш цікавым момантам выступлення стала прэзентацыя індывідуальных формаў работы калектыву дзіцячага сада з сем’ямі. Педагогі адзначылі, што ім прыемна афармляць разам з дзіцем паведамленні-віншаванні для сем’яў, праз запіскі расказваць аб дасягненнях дзяцей, за кубкам чаю з калектыўнай творчай справай арганізоўваць гутаркі з бацькамі, пісаць сем’ям лісты-парады, ладзіць пазнавальныя сустрэчы “Госць групы – сям’я”, ствараць кнігі для дарослых ад дзяцей на пэўныя тэмы, адкрываць творчыя майстэрні з улікам бацькоўскіх захапленняў і многае іншае.
Практыкай выкарыстання інтэрактыўных гульняў у рамках арганізацыі педагагічных сустрэч “Давайце разам” падзяліліся намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці Святлана Іода і педагогі ўстановы.
Вынікам работы семінара стаў сабраны “Партфель наказаў” для бацькоў выхаванцаў, а ў ім слушнае пасланне:
Паважаныя бацькі!
Дарыце дзіцяці веру ў яго сілы, бо надзвычай важна ведаць, што самыя любімыя людзі на свеце вераць у цябе.
Часцей праяўляйце любоў, абдымаючы, цалуючы, кажучы цёплыя словы, нават калі вашаму дзіцяці ўжо 30 гадоў і больш.
Знаходзьце час для дзіцяці штодзень, каб проста пабыць з ім, пагуляць, пасядзець, пагаварыць – гэта самы каштоўны падарунак, асабліва для сучасных дзяцей.
Прывівайце дабрыню прыкладамі шчырай дабрыні і спагады.
Хваліце, бо дзецям вельмі важна чуць ад бацькоў пахвалу. Яна стымулюе да ўдасканалення.
Заставайцеся праўдзівымі з дзецьмі, так вы навучыце іх быць сумленнымі, прадэманструйце, што вам можна давяраць.
Памятайце: на каленях у бацькоў – самае ўтульнае месца ў свеце.
Радуйцеся жыццю і свайму дзіцяці, не саромейцеся пачуццяў.
Сямейныя вячэры – гэта хвіліны сямейнага яднання, якія запамінаюцца на ўсё жыццё, міраць, улагоджваюць.
Старайцеся захаваць поўную і моцную сям’ю, яна для дзіцяці – апора, якая падтрымлівае, дапамагае ісці па жыцці.
Источник: https://diatlovonews.by