РУС БЕЛ ENG 中文

У чым унікальнасць тэатра моды «Спадчына» Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

03.05.2024

У Ваўкавыскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі вялікую ўвагу ўдзяляюць рознабаковаму развіццю навучэнцаў. Сёння тут працуюць 5 аддзяленняў: мастацкае, тэхнічнае, эколага-біялагічнае, турыстычна-краязнаўчае, аддзяленне сацыяльных праектаў і дзіцячых, маладзёжных ініцыятыў.

“У нас дзейнічае 336 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаецца 3213 навучэнцаў і рэалізуецца 278 адукацыйных праграм па 15 профілях, — прэзентавала ўстанову яе дырэктар Іна Кулак. — Штогод адкрываюцца новыя па профілі і кірунках дзейнасці аб’яднанні па інтарэсах”.

У бягучым навучальным годзе ў цэнтры пачаў рэалізоўвацца новы для сістэмы дадатковай адукацыі кірунак. Цяпер навучэнцы 10—11 класаў могуць атрымаць прафесіі садоўніка і дэманстратара вопраткі. Гэта стала магчымым у межах урокаў па працоўным навучанні.

“Акрамя гэтага, хачу адзначыць работу нашага турыстычна-краязнаўчага аддзялення, дзе сёння функцыянуюць 58 аб’яднанняў, — працягвае Іна Вацлаваўна. — Іх наведваюць амаль 600 дзяцей. У аддзяленні працуе вяровачны парк са скаладромам, а таксама вяровачны гарадок”.

Вялікай папулярнасцю сярод навучэнцаў школ горада карыстаецца мастацкае аддзяленне. У яго структуры ўжо многа гадоў актыўна працуе народны тэатр інтэлектуальнай гульні “Высокі Волак”, які каардынуе інтэлектуальны рух у раёне. А без узорнага тэатра моды “Спадчына” ўвогуле не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Што хаваць: сёння ваўкавыскі калектыў вядомы не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

“Узорны тэатр моды “Спадчына” быў створаны ў 1996 годзе, — дадае дырэктар цэнтра. — У 2005 годзе тэатру прысвоілі званне ўзорнага. Дарэчы, калектыў неаднаразова паспяхова пацвярджаў атрыманае званне. Акрамя таго, у 2013 годзе калектыў тэатра моды “Спадчына” стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў”.

Сёння ваўкавыская “Спадчына” — адзі­ны тэатр моды ў краіне, удзельніцы якога не толькі дэфіліруюць, але і танцуюць. У многім гэта заслуга харэографа Марыны Рудзіеўскай і мастацкага кіраўніка калектыву Алы Сурмінавай. Кожнае выступленне ўдзель­ніц “Спадчыны” ўяўляе сабой канцэртны нумар, а рыхтуюцца да яго дзяўчаты не адзін тыдзень.

На просьбу расказаць гісторыю ўзнікнення “Спадчыны” Ала Аляксееўна ўспамінае, як усё адбылося.

“Гэта здарылася 20 гадоў назад, калі я прыйшла працаваць у дзіцячы дом творчасці мастаком-афарміцелем, — пачынае А.Сурмінава. — Дырэктар адразу ж прапанавала паўдзельнічаць у абласным конкурсе, але для гэтага трэба было пашыць калекцыю дзіцячых сукенак”.

Ідэя Але Аляксееўне спадабалася. За работу малады мастак узялася адразу, і праз некалькі месяцаў былі пашыты пяць арыгінальных сукенак з саломы і лёну. Над імі маладому мадэльеру дапамагалі працаваць не толькі выкладчыкі, але і яе сястра Марына Рудзіеўская, якая пазней стала харэографам “Спадчыны”. Дарэчы, першымі мадэлямі, хто прымераў сукенкі і дэфіліраваў у іх па сцэне, былі дочкі і пляменніцы таленавітых сясцёр. Доўга думаць над тым, якую назву даць калекцыі, не давялося: дзякуючы сямейнаму падыходу, першыя сукенкі і назву атрымалі адпаведную.

Крыху пазней Ала Сурмінава вырашыла, што камандзе, якая працавала над вырабам і дэкарацыяй сукенак, трэба прыду­маць годнае імя. Адразу ўспомнілася прыгожае і самабытнае слова “Спадчына”. Педагог дадатковай адукацыі гаворыць, што назва адразу прыжылася ў калектыве, бо яна дакладна адлюстроўвае сутнасць рамяства, над якім тут працуюць: пераймаючы старыя традыцыі і тэхнікі, пакінутыя ад продкаў у спадчыну, каманда мастакоў ставарае сукенкі на новы лад.

Дарэчы, кожная з калекцый “Спадчыны” эксклюзіўная і прысвечана пэўнай тэме. Так, удзельніцы тэатра маюць сукенкі пад назвамі “Саламянае лета”, “Падарунак восені”, “Чорнае і белае”, “Джынсавы бум”, “Святочная”, “Летуценнік”.

“Усе касцюмы індывідуальныя, ствараюцца пад пэўную дзяўчыну з улікам яе росту і асаблівасцей фігуры, — тлумачыць кіраўнік тэатра. — Дзякуючы “Спадчыне”, мы шмат падарожнічаем, вывучаем культуру і самабытнасць нашай краіны”.

Разважаючы над пытаннем, што кожнай з удзельніц дае “Спадчына”, кіраўнік калектыву адзначае, што ў першую чаргу тэатр вучыць любіць самабытную беларускую культуру, з павагай адносіцца да мінулага і сваімі рукамі ствараць прыгажосць.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: