Стварэнне Міжнароднага інжынернага інстытута ГрДУ і Універсітэта Кайлі ў Кітаі абмеркавалі ў Гродна
19.04.2024Стварэнне Міжнароднага інжынернага інстытута ГрДУ імя Янкі Купалы і Універсітэта Кайлі ў Кітаі партнёры з КНР абмеркавалі падчас візіту ў Гродна.
Увогуле, супрацоўніцтву Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з універсітэтамі і каледжамі Кітайскай Народнай Рэспублікі ўжо тры дзесяцігоддзі. Дагаворы з 22 універсітэтамі і арганізацыямі КНР. Сумесныя адукацыйныя праграмы. Кабінет кітаязнаўства імя Канфуцыя і шляхі па стварэнні Інстытута Канфуцыя сумесна з Сіньцзянскім педагагічным універсітэтам. Навучанне замежных студэнтаў у Гродне і беларускіх — у КНР. Курсы кітайскай мовы для ўсіх жадаючых… І гэта толькі рыскі аб’ёмнай карціны адукацыйнага і культурнага супрацоўніцтва паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і ўстановамі Кітая.
— Узаемадзеянне ўніверсітэта з установамі адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі з’яўляецца адным са стратэгічных напрамкаў нашага міжнароднага супрацоўніцтва і ажыццяўляецца ў рамках альянсу “Адзін пояс — адзін шлях”, — падкрэсліла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Фёдараўна Кітурка. — Сёння нашымі партнёрамі з’яўляюцца 15 устаноў вышэйшай адукацыі розных правінцый Кітая. Узаемадзеянне ажыццяўляецца праз сумесныя адукацыйныя праграмы і навуковыя праекты, акадэмічныя абмены. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы культурнай і турыстычнай накіраванасці. За апошнія пяць гадоў у нас атрымалі дыпломы бакалаўраў і магістраў больш за 500 кітайскіх грамадзян, а два аспіранты з Кітая паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Сёння ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вучыцца больш за 100 студэнтаў з КНР.
Гісторыя дружбы
Першыя абітурыенты з Кітая прыехалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1999 годзе ва ўніверсітэт быў залічаны Ванг Тао, цяпер ён працуе на кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі, з’яўляецца магістрам філалагічных навук. I сёння ён уносіць свой уклад у развіццё адносін паміж УВА-партнёрамі, суправаджае прыёмы кітайскіх калег у Купалаўскім універсітэце, з’яўляецца членам дэлегацый ГрДУ імя Янкі Купалы падчас візітаў у кітайскія ўстановы адукацыі.
Першы дагавор аб супрацоўніцтве паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Паўднёва-цэнтральным эканамічным і юрыдычным універсітэтам Кітая быў падпісаны ў 2001 годзе. З 2008 года студэнты спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” пачалі вывучаць кітайскую мову як другую замежную, а з 2018-га — у якасці першай замежнай. У 2012 годзе ў Купалаўскім універсітэце быў створаны кабінет кітаязнаўства імя Канфуцыя — філіял Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. У студэнтаў з’явілася магчымасць не толькі вывучаць кітайскую мову, але і больш даведвацца пра культуру і традыцыі кітайскага народа. Штогод ва ўніверсітэце праходзяць дні кітайскай культуры. Сёння ГрДУ вядзе работу па стварэнні Інстытута Канфуцыя сумесна з Сіньцзянскім педагагічным універсітэтам.
Яшчэ больш важкім міжнароднае супрацоўніцтва стала ў 2018 годзе, калі быў падпісаны першы дагавор аб рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы. Яна прадугледжвае залічэнне студэнта адначасова ў дзве УВА: гродзенскую і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Схемы навучання пры гэтым могуць быць розныя, напрыклад, два гады замежны студэнт вучыцца ў сябе, а затым два гады ва ўстанове партнёра, а ў выніку атрымлівае два дыпломы аб адукацыі. Рэалізацыя гэтых праграм стала новым вектарам міжнароднага супрацоўніцтва.
Сёння ў ГрДУ імя Янкі Купалы больш за 30 сумесных адукацыйных праграм з УВА іншых краін. Аднак першымі партнёрамі ў гэтым кірунку сталі менавіта ўніверсітэты Кітая — Чунцынскі політэхнічны і Шаньдунскі ўніверсітэт шляхоў зносін.
У чэрвені 2023 года дэлегацыя Купалаўскага ўніверсітэта на чале з рэктарам чарговы раз наведала КНР. У ходзе візіту быў падпісаны дагавор аб стварэнні прадстаўніцтва Асацыяцыі выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, дзякуючы чаму будзе наладжана эфектыўнае інфармаванне абітурыентаў Кітая аб новых магчымасцях Гродзенскай УВА, рэалізацыі інавацыйных праектаў і праграм.
Важным дасягненнем 2023 года стала ўключэнне ГрДУ імя Янкі Купалы ў топ-6 універсітэтаў Беларусі па рэалізацыі эксперыментальнага праекта. Яго сутнасць у тым, што выпускнікі вышэйшых каледжаў КНР маюць магчымасць атрымаць дыплом бакалаўра ў Купалаўскім універсітэце ў скарочаныя тэрміны. І сёлета першыя студэнты ўжо залічаны ў Купалаўскі ўніверсітэт дзякуючы гэтаму праекту.
Красамоўныя лічбы
ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізуе актыўную міжнародную палітыку ў рамках 229 дагавораў з замежнымі ўстановамі і арганізацыямі з 32 краін, у тым ліку з 22 універсітэтамі і арганізацыямі КНР.
За апошнія 10 гадоў у рамках пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі 11 студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі навучанне ў вядучых універсітэтах КНР: Пекінскім педагагічным універсітэце, Пекінскім універсітэце мовы і культуры, універсітэце Цінхуа, Чжэцзянскім і Шэньсійскім педагагічных універсітэтах. 17 кітайскіх студэнтаў прайшлі навучанне ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Увогуле, у рамках міжурадавых і міжуніверсітэцкіх дагавораў каля 50 студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі навучанне ва ўніверсітэтах Кітая.
Сёння ў ГрДУ вучыцца больш за 1000 замежных студэнтаў з 43 краін свету, сярод іх 130 студэнтаў з КНР.
Сумесныя праграмы
ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з іншымі ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі прымае ўдзел у рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Рэалізацыя мадэлі інтэграцыі адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі (Рэспубліка Беларусь) з адукацыйнай праграмай неўніверсітэцкай вышэйшай адукацыі (КНР) у скарочаныя тэрміны”. Традыцыйным стала праектаванне сумесных з калегамі з розных устаноў КНР адукацыйных праграм па падрыхтоўцы бакалаўраў, навучанні па спецыяльнасцях “Руская філалогія” і “Дашкольная адукацыя”. Вядзецца работа з універсітэтам Кайлі па адкрыцці Міжнароднага інжынернага інстытута, у рамках якога плануецца рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм па спецыяльнасцях “Электронная эканоміка”, “Матэматыка”, “Праграмная інжынерыя”.
На рэгіянальным узроўні
Асаблівыя адносіны звязваюць Гродзенскую вобласць і правінцыю Ганьсу. У рамках супрацоўніцтва прадстаўнікі КНР павышалі ўзровень рускай мовы ў форме ўключанага навучання на філалагічным факультэце па адукацыйнай праграме першай ступені вышэйшай адукацыі “Руская філалогія” і адначасова скончылі магістратуру па спецыяльнасці “Міжнародная эканоміка”. Яшчэ ў 2018 годзе ва ўніверсітэце быў адкрыты цэнтр па стажыроўцы кадраў правінцыі Ганьсу КНР. У апошнія гады ўзаемадзеянне ў навукова-адукацыйнай і культурнай сферах толькі пашыраецца. Педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі КНР былі частымі гасцямі ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама прымалі ў сваёй краіне калег з Гродна.
Падтрымка таленавітых студэнтаў
Добрым партнёрам ГрДУ імя Янкі Купалы ў акадэмічнай, навуковай і культурнай сферах стаў Дабрачынны фонд падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў у КНР.
Супрацоўніцтва прадугледжвае абмен вопытам у арганізацыі адукацыйнага працэсу, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, абмен навукоўцамі і выкладчыкамі, рэкламную і інфармацыйна-кансультацыйную дзейнасць на тэрыторыі КНР з мэтай папулярызацыі адукацыйных і іншых паслуг, якія аказваюцца ў Купалаўскім універсітэце. Адкрытае ў 2023 годзе прадстаўніцтва Асацыяцыі замежных выпускнікоў у КНР узначаліў Цянь Дзі, выпускнік магістратуры педагагічнага факультэта ГрДУ.
Кітайская мова для ўсіх
Купалаўскі ўніверсітэт стаў першым з рэгіянальных УВА, дзе пачалося вывучэнне кітайскай мовы на курсах з трохгадовай праграмай падрыхтоўкі. Наведваюць курсы не толькі супрацоўнікі УВА і студэнты, але і школьнікі, жыхары горада. Курсы прайшлі больш за 700 слухачоў. Студэнты розных факультэтаў універсітэта вывучаюць кітайскую мову як першую ці другую замежную альбо на факультатывах.
Источник: https://nastgaz.by