У спецыяльнай школе-інтэрнаце Навагрудка рэалізуецца праекта да 215-годдзя з дня нараджэння М.В.Гогаля
20.03.2024Педагогі ўстановы далучыліся да міжнароднага культурнаадукацыйнага праекта і распрацавалі свой праект “Гогалеўскі юбілейны год на Навагрудчыне, прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння М.В.Гогаля”.
Магчымасць паглыбіцца ў магію свету Гогаля, адкрыць пісьменніка з іншага боку, перанесціся ў эпоху, адлюстраваную на старонках яго твораў, атрымаюць педагогі і школьнікі Навагрудскага, Дзятлаўскага і Карэліцкага раёнаў. Аўтары праекта вырашылі выйсці за межы адной установы адукацыі і запрасілі да ўдзелу ў праекце калег са свайго, а таксама суседніх раёнаў.
— Сёння ва ўсім свеце рэалізуецца мноства цікавых праектаў, накіраваных на захаванне культурнай спадчыны. Беларусь і Расія маюць агульную шматвяковую гісторыю і валодаюць велізарным культурным патэнцыялам, — лічыць аўтар праекта педагог спецыяльнай школы-інтэрната Навагрудка Алена Скварада. — Сама я ў праектнай дзейнасці ўжо шмат гадоў.
Алена Мікалаеўна таксама падкрэсліла, што тэматыка праекта была выбрана невыпадкова: цікавасць да творчасці М.В.Гогаля з гадамі не слабее. І гэта не дзіўна, бо класіка невычэрпная.
— Кожная эпоха адкрывае ў вялікай спадчыне мінулага раней не заўважаныя грані і знаходзіць у ім нешта важнае для сучаснікаў. Многае ў мастацкім, маральным і духоўным вопыце Гогаля сёння можа быць цікавым і павучальным для падрастаючага пакалення, — адзначыла педагог.
Мікалай Васільевіч Гогаль быў адметным майстрам мастацкага слова. У яго творах адлюстраваны глыбокія праблемы чалавечай душы, унікальны гумар і яркае апісанне жыцця людзей. Творчасць вялікага пісьменніка, сюжэты яго твораў, яго непаўторная мова хвалююць многія пакаленні чытачоў.
— Гогалеўскі юбілейны год на Навагрудчыне, мы ўпэўнены, стане яркай і незабыўнай падзеяй, якая дазволіць паглыбіцца ў свет пісьменніцкага таленту Мікалая Васільевіча і ацаніць яго значэнне для сучаснасці, — падкрэсліў дырэктар спецшколы-інтэрната кіраўнік праекта Алег Анікевіч. — Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць начальніку ўпраўлення адукацыі райвыканкама Л.В.Мароз за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі праекта. Запрашаем усіх аматараў літаратуры і мастацтва прыняць удзел у мерапрыемствах праекта: пазнаёміцца з Гогалем бліжэй і адкрыць для сябе новыя грані яго геніяльнасці.
У рамках праекта плануецца правядзенне фестывалю тэатральных мініяцюр дзіцячых калектываў “Гогалеўскія вечары каля Навагрудчыны”, навукова-практычнай канферэнцыі для педагогаў “Сучаснае прачытанне класічных твораў М.В.Гогаля”, стварэнне адукацыйнага сайта для школьнікаў сярэдняга і старшага звяна “Загадкавы свет гогалеўскага слова” і іншыя мерапрыемствы. Цікавай для школьнікаў абяцае быць паездка ў Санкт-Пецярбург.
Источник: https://nastgaz.by