РУС БЕЛ ENG 中文

Педагогі Шчучынскага раёна актыўна дапамагаюць школьнікам вызначыцца з прафесіяй

05.03.2024

Педагогі Шчучынскага раёна актыўна дапамагаюць школьнікам вызначыцца з выбарам прафесійнага шляху. Тут распрацавалі і рэалізуюць дарожныя карты для аграрных, педагагічных і ваенна­-патрыятычных класаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сумесна са школамі актыўна выкарыстоўваем патэнцыял прадпрыемстваў і арганізацый раёна, — знаёміць з цікавым вопытам намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мяцько.

Усе аграрныя класы раёна, для прыкладу, цесна ўзаемадзейнічаюць з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, Гродзенскім занальным інстытутам раслінаводства. Прычым такое ўзаемадзеянне будуецца не толькі ў рамках факультатыва “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Навучэнцы аграрных класаў наведваюць аграпрадпрыемствы, мадэрнізаваныя малочнатаварныя фермы, выходзяць у палі, працуюць у студэнцкіх атрадах.

— У мінулым годзе падпісалі дагавор аб узаемадзеянні з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Ён прадугледжвае работу з адоранымі навучэнцамі ў рамках навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд і непасрэднае знаёмства з універсітэтам і яго спецыяльнасцямі. На стадыі падпісання аналагічная дамова з ГрДУ імя Янкі Купалы. Спланавалі працу ў рамках класаў педагагічнай і інжынернай скіраванасці, — дадае Жанна Мяцько.

Практычна ў кожнай установы адукацыі раёна сёння існуе свая накірава­насць. Для сярэдняй школы № 3 райцэнтра стаў іміджа­вым вопыт прафарыентацыйнай работы, які тычыцца паступлення на педагагічныя спецыяльнасці. І сёння ўстанова адукацыі пазіцыянуе сябе як школа педагагічнай культуры. Па аналогіі сярэдняя школа № 1 прэзентуе сябе як школа спартыўна-патрыятычнага выхавання дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву са 116-й Гвардзейс­кай штурмавой авіяцыйнай базай і следчым камітэтам. А сярэднюю школу № 2 Шчучына ў раёне ведаюць як школу прававой культуры. Тут актыўна ўзаема­дзейнічаюць з аддзелам унутраных спраў і раённым аддзелам МНС.

Што да груп інжынернай накіраванасці, у трох установах адукацыі раёна — гімназіі, сярэдняй школе № 1 Шчучына і Астрынскай сярэдняй школе імя А.С.Пашкевіч (Цёткі) — сёння вучацца 28 чалавек. На павышаным узроўні яны вывучаюць фізіку і матэматыку, знаёмяцца з усімі асаблівасцямі прафесіі непасрэдна на вытворчасці.

Усю каманду школьнікаў, якія накіраваны на атрыманне інжынерных спецыяль­насцей, падзялілі на пяць груп. Кожная з такіх на працягу месяца знаёміцца з асноўнымі напрамкамі, якія сёння ёсць на заводзе “Аўтаправод”. Супрацоўніцтва такога маштабу і фармату стала магчымым шмат у чым дзякуючы зацікаўленасці прадпрыемс­тва ў будучым папаўненні калектыву.

Яшчэ адным вынікам прафарыентацыйнай дзейнасці стаў унікальны сумесны праект аддзела адукацыі і ТАА “Праймілк”, у рамках якога навучэнцы профільных класаў не толькі навучаліся на вытворчасці, але і рэальна працавалі.

— Галоўная задача прафарыентацыйнай работы — выкананне сацыяльнага заказу раёна. Жадаем, каб рабяты асэнсавана і актыўна падыходзілі да заключэння мэтавых дагавораў з прадпрыемствамі, — адзна­чыла Жанна Мяцько.

Толькі ў мінулым годзе 23 мэтавікі па некалькіх напрамках паступілі ва ўстановы адукацыі краіны. Гэта кожны дзясяты выпускнік. На дасягнутых паказчыках спыняцца не збіраюцца. Садзейнічае гэтаму не толькі прафарыентацыйная работа ў школе, але і правядзенне кірмашоў мэтавай падрыхтоўкі, тэматычных мерапрыемстваў і сустрэч. Каб яшчэ больш зацікавіць дзяцей прафесіяй, у раёне стала традыцыйным правядзенне педагагіяд і аграгіяд, а з гэтага года далучыцца да іх яшчэ і тэхнагіяда.

Не завяршаецца прафарыентацыйная работа на шчучынскай зямлі і летам. Аздараўленчыя лагеры “Даследчык” і “Сузор’е” забяспечваюць бесперапыннасць праф­арыентацыйнай дзейнасці.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: