РУС БЕЛ ENG 中文

У чым сакрэт паспяховай падрыхтоўкі алімпіяднікаў, расказалі педагогі Гродзеншчыны

21.02.2024

Настаўнік фізікі гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Іван Уладзіміравіч Мухін падрыхтаваў больш за 50 пераможцаў абласнога і каля 20 заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёлета пяць яго вучняў — дып­ламантаў абласнога этапу прадставяць Гродзеншчыну на ўзроўні рэспублікі. Чатыры дыпломы атрымалі дзесяцікласнікі Адрыян Раўкоўскі, Вячаслаў Кляу­кін, Настасся Гржыбоўскіх і Настасся Кізюк. На абласным этапе алімпіяды сярод дзесяцікласнікаў яны занялі першыя чатыры радкі. Дзевяцікласніца Мар’я Папялушка, якая вучыцца нават не ў фізіка-матэматычным класе, з 7 класа займаецца фізікай і прымае ўдзел у алімпіядах, стала абсалютнай пераможцай з вялікім адрывам ад 2-га месца.

Падрыхтоўка спланавана і структуравана. Педагог склаў для сябе план на кожны дзень, дзе распісана, што навучэнцы павінны рабіць, падабраў задачы. Увогуле, падрыхтоўка да алімпіяды пачынаецца яшчэ ў жніўні. Па суботах на заняткі да педагога прыходзяць усе, хто ў яго займаецца, ад 7-х да 11-х класаў. Хтосьці выбірае эксперыменты, іншыя рашаюць алімпіядныя задачы, некаторыя атрымліваюць заданні па адпрацоўцы канкрэтнай тэмы.

Яшчэ ў 2013/2014 навучальным годзе І.У.Мухін стаў працаваць у профільных класах гімназіі і выставіў сваіх першых выхаванцаў на рэспубліканскую алімпіяду. І адразу перамога. З таго часу кожны год яго навучэнцы атрымліваюць дыпломы на раённым, абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды.

На маё пытанне, у чым сакрэт паспяховай падрыхтоўкі юных фізікаў, Іван Уладзіміравіч адказаў так:

— Ніякага цуду не адбываецца. Матэрыялаў вельмі шмат. Толькі сістэматызуй, адбірай і давай дзецям. Я нават не назапашваю матэрыялы, кожны год пачынаю ўсё нанова. З якога пункту гле­джання зыходжу? Гэта творчая справа. Дзеці розныя, і кожны раз ты па-іншаму глядзіш на падрыхтоўку. Леташнія матэрыялы ўжо не хочаш выкарыстоўваць. І зноў усё робіш як першы раз. Нельга паставіць на паток падрыхтоўку да алімпіяды, кожны раз усё па-новаму. І дзеці гэта бачаць. У нас жывая пад­рыхтоўка. Я называю яе “ў рэжыме анлайн”. Пры падрыхтоўцы да алімпіяд важны складнік — развіццё хуткасці рашэння. Увогуле, за год падрыхтоўкі дзеці рашаюць ад 300 задач рознага ўзроўню склада­насці.

Педагог ганарыцца сваімі леташнімі выпускнікамі. Адзінаццацікласнікі ўдзельнічалі ў абласным турніры юных фізікаў і выйгралі яго. Чацвёра яго вучняў прынялі ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, і ўсе вярнуліся з дыпломамі. Іван Уладзіміравіч добра ведае, якая высокая канкурэнцыя на алімпія­дзе. Там проста падрыхтоўкай ужо нікога не здзівіш, матэрыялы прыблізна ва ўсіх аднолькавыя, сакрэту не раскрыеш, проста трэба працаваць.

— У падрыхтоўцы да алімпіяды вельмі важная такая ­якасць, як працавітасць, — лічыць Іван Ула­дзіміравіч. — Ёсць дзеці, якія знаходзяць час і на вучобу, і на дадатковыя заняткі, пры гэтым не адчуваюць сябе стомленымі. Цяжка адразу ўбачыць, што ў дзіцяці ёсць здольнасці да фізікі. І ўсё ж некаторыя школьнікі праяўляюць сябе вельмі рана.

І.У.Мухін тры разы станавіўся лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Ён актыўна дзеліцца сваім вопытам, супрацоўнічае з Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, вя­дзе курсы для настаўнікаў па рабоце з адоранымі дзецьмі, право­дзіць семінары па метадах рашэння алімпіядных задач. Педагог штогод прымае ўдзел у пад­рыхтоўцы каманды Гродзенскай вобласці да заключнага этапу Рэс­публіканскай алімпіяды па фізіцы.

***

Імёны вучняў Васіля Кеўры з гімназіі № 1 Іўя на працягу многіх гадоў нязменна ў ліку лепшых у алімпіядным руху па інфарматыцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Толькі сёлета адразу чацвёра яго юных інфарматыкаў сталі дыпламантамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, а праца яшчэ дваіх разумнікаў з Іўя адзначана граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

— Поспех кожнага з вучняў — гэта ў першую чаргу іх вялікае жаданне прыйсці да перамогі. Я на такім шляху толькі памочнік, які накіроўвае ў патрэбны бок і пад­казвае, — з папраўкай на сціпласць гаво­рыць Васіль Вацлававіч.

Ён упэўнены, што працаваць трэба, не думаючы аб тым, калі ж атрымаеш вы­датны алімпіядны вынік.

— Важна не ўпусціць дзяцей, а таму перш за ўсё не даю сабе расслабляцца і ў рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, і з усімі астатнімі.

Яго жыццёвы прыклад — гэта той выпадак, калі фраза “што ні робіцца — усё да лепшага” ў поўнай меры даказала сваю эфектыўнасць. Шлях да настаўніцтва для Васіля Вацлававіча пачаўся з любові да матэматыкі. Пасля заканчэння БДПУ ў 1999 годзе ён вярнуўся ў родную Іўеўскую сярэднюю школу.

— Месца матэматыка ў школе тады было занята. Так што гэта не я прыйшоў у інфарматыку, а яна да мяне, — з усмешкай заўважае суразмоўнік.

Прызнаецца, што з жаданнем быць прадметнікам у іншай галіне расстаўся не раптоўна. Адзін час нават сумяшчаў работу настаўніка інфарматыкі і матэматыкі. Але потым царыца навук усё ж саступіла месца іншай дысцыпліне.

Маладому настаўніку ў свой час вельмі дапамог моцны педагог Тадэвуш Вітольдавіч Макоўскі. У многім дзякуючы яго прыкладу і заняўся алімпіядным рухам са школьнікамі.

У гэтым годзе педагагічны стаж нашага героя дасягне знакавай адзнакі ў чвэрць стагоддзя. У іншай прафесіі ён не можа ўя­віць сябе і сёння, а лепшым аргументам на ка­рысць гэтага пераканання з’яўляюцца поспехі вучняў.

— Калі абагульніць, то сярод маіх вучняў сёння больш за 100 прызёраў на раённым этапе алімпіяды і не менш за 50 — на абласным. На заключным этапе дыпломаў, вядома, менш — 8. Яшчэ два медалі адным з вучняў заваяваны на міжнароднай алімпіядзе, — працягвае суразмоўнік, адзна­чаючы, што кожны з гэтых вынікаў абумоўлены вялікай і стараннай працай.

Са многімі выпускнікамі ён падтрымлівае сувязь і пасля заканчэння вучобы. Сёлета, напрыклад, яго былыя вучні, ужо студэнты прэстыжнай спецыяльнасці БДУІР, у фармаце відэаканферэнцый дапамагалі сёлетнім прызёрам-алімпіяднікам з разборам задач.

— Зацікаўленасць прадметам для многіх вызначыла жыццёвы шлях. Вядома, прыемна ўсведамляць, што ў нейкай ступені паўплываў на гэта, — дадае Васіль Вацлававіч.

Ён не проста пайменна памятае кожнага з прызёраў абласнога этапу рэспуб­ліканскай алімпіяды (такія ў яго педагагічнай практыцы ёсць кожны год пачынаючы з 2009-га), а нават як выглядаў шлях да гэтай вяршыні для іўеўскіх разумнікаў.

 І ўсё ж перамога ў алімпіядным руху — толькі эпізод. Рады, што ў кожнага добра склалася дарослае жыццё. І далёка не апошнюю ролю ў гэтым адыграла бе­зумоўная працавітасць, што праявіла сябе яшчэ ў школьныя гады.

***

Святлана Шмурэй, начальнік упраўлення па суправаджэнні работы з дзецьмі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай дзейнасці, ГрАІРА:

— У Гродзенскай вобласці выбудавана сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Значнае месца ў ёй адведзена абласному інстытуту развіцця адукацыі, які мае вялікі вопыт арганізацыйна- і навукова-метадычнага суправаджэння алімпіяднага руху.

У нас сфарміравана сістэма мерапрыемстваў па падрыхтоўцы навучэнцаў да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Гэтая сістэма прадугледжвае не толькі вучэбна-трэніровачныя зборы, якія штогод у студзені — сакавіку праводзяцца ў некалькі этапаў. Уключае яна і работу летняга кругласутачнага лагера “Навука” для ўдзельнікаў прадметных алімпіяд, а таксама актуальныя на працягу ўсяго года віртуальны лагер па хіміі і біялогіі “Крокі да поспеху” для навучэнцаў 8—11 класаў і заняткі для навучэнцаў па інфарматыцы “Асновы мовы праграмавання С++: рашэнне алімпіядных задач”.

З мінулага года стала традыцыйным правядзенне інстытутам матывацыйных вэбінараў “Шлях да поспеху”. Гэта сустрэчы педагогаў і школьнікаў з людзьмі, якія дасягнулі высокіх вынікаў і ў свой час былі ўключаны ў банкі даных адоранай і таленавітай моладзі.

Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў ажыццяўляецца галоўным чынам праз вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі. Свой вопыт па запрашэнні інстытута тут трансліруюць настаўнікі-прадметнікі і выкладчыкі, якія з’яўляюцца лідарамі ў пад­рыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Гэта разнастайныя майстар-класы, урокі для дарослых, урокі ў незнаёмым класе, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі і не толькі.

Акрамя таго, з верасня 2023 года на базе інстытута ў дыстанцыйным фармаце працуюць круглагадовыя абласныя алімпіядныя школы па матэматыцы, англійскай і нямецкай мовах для педагогаў і навучэнцаў, якія дэманструюць добрыя вынікі на алімпіядах. З новага навучальнага года плануем пашырыць спектр такіх прадметных алімпіядных школ.

У дапамогу педагогам метадысты інстытута ў суаўтарстве з настаўнікамі-прадметнікамі з вялікім вопытам работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі кожны год выдаюць вучэбныя дапаможнікі па падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў. Такі фармат трансляцыі лепшага педагагічнага вопыту заўсёды запатрабаваны і актуальны.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: