Аксана Кірэйчук: «Ёсць шмат падстаў ганарыцца вучнямі Гродзеншчыны»
19.02.2024Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Аксана Кірэйчук пераканана, што патрыятызм пачынаецца са стаўлення да вучобы, работы і людзей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Любоў да Радзімы, пачуццё адказнасці за яе закладваюцца яшчэ ў дзяцінстве. І вельмі важна, якія педагогі акружаюць дзіця падчас яго сталення. Кожны на сваім месцы павінен быць патрыётам, адказна ставіцца да справы, думаць, што гаворыць, як выконвае сваю работу, што ўкладвае ў дзіця. Маюць значэнне нават штодзённыя зносіны. З гэтага і пачынаецца выхаванне патрыёта.
Я стала педагогам, таму што бачыла прыклад сваіх настаўнікаў у невялікай школе ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. Гэта былі выдатныя, вельмі цікавыя, адукаваныя людзі, з якімі было прыемна мець зносіны і ў школе, і ў пазаўрочны час. Яны праводзілі цікавыя мерапрыемствы, у тым ліку патрыятычнай накіраванасці. Школа заклала аснову маёй будучыні. Я філолаг, а па другой адукацыі педагог сацыяльны. Доўгі час працавала з нядобранадзейнымі сем’ямі. Падчас работы зразумела, што дзеці патрабуюць увагі як з боку бацькоў, так і з боку педагогаў, і гэтая максімальная ўвага закладвае асновы патрыятызму.
Сёння курырую дзейнасць Гродзенскага абласнога кластара па ваенна-патрыятычным выхаванні. Тут вырашаюцца больш глабальныя задачы: арганізацыя ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі, педагогамі школ і структурамі, якія гарантуюць нацыянальную бяспеку. Праводзіцца шэраг прафарыентацыйных мерапрыемстваў, рэалізуюцца творчыя праекты. Адзін з такіх праектаў — “Кубак патрыёта”. Гэта цэлая сістэма конкурсаў, якія праходзяць штомесяц і робяць свой уклад у выхаванне патрыёта. У форме прэзентацый, эсэ, конкурсу фатаграфій дзеці паказваюць, што для іх значыць патрыятызм, як яны гэта разумеюць, адчуваюць. Вядома, ім у гэтым дапамагаюць педагогі. Зыходзячы са зместу работ, а на наш адрас іх паступае каля 100 штомесяц, мы маем шмат падстаў ганарыцца вучнямі нашай вобласці. Яны разумеюць: неабходна любіць тое, што маеш, што цябе акружае, і развівацца, каб у будучыні стаць прафесіяналам, добрым сем’янінам і работнікам.
Узаемадзеянне розных інстытутаў, структур мае важнае значэнне, бо перад намі стаіць агульная мэта — выхаваць дзіця, якое разумее, што такое Радзіма, і ўсведамляе, што пры неабходнасці яе трэба абараніць.
Абласны кластар па ваенна-патрыятычным выхаванні працуе ўжо другі год. Метадычную падтрымку аказвае Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Цесна ўзаемадзейнічаем з абласным камісарыятам, ваенна-патрыятычнымі клубамі на базе ўстаноў як агульнай сярэдняй, так і дадатковай адукацыі. У канцы лютага плануем правесці абласную дыялогавую пляцоўку сумесна з Гродзенскім абласным ваенным камісарыятам, Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь, ваеннымі факультэтамі УВА. Удзел у мерапрыемстве прымуць каля 700 навучэнцаў, якія нацэлены на паступленне ў Ваенную акадэмію і на ваенныя факультэты.
Прысутнічаючы на мерапрыемствах і назіраючы, як школьнікі спяваюць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, адчуваеш яднанне і педагогаў, і дзяцей, разумееш, што ты з’яўляешся часткай вялікай краіны.
Хацелася б вопыт работы Гродзенскага абласнога кластара па ваенна-патрыятычным выхаванні маштабаваць на ўзроўні рэспублікі. А падзяліцца ёсць чым — гэта вялікая колькасць напрацовак, цікавая дзейнасць ваенна-патрыятычных клубаў, у тым ліку і даследчая, удзел у навукова-практычных канферэнцыях, пошук у архівах імён герояў, правядзенне ваенна-патрыятычных злётаў, конкурсаў. Усё гэта цікава дзецям. Варта ганарыцца нашымі вучняў, часцей да іх прыслухоўвацца, узаемадзейнічаць, падтрымліваць, даваць ім магчымасць рэалізаваць свае праекты.
На першай сесіі маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў я была куратарам адной з камісій вучнёўскай палаты. Школьнікі прадставілі вельмі цікавыя праекты, накіраваныя на работу па патрыятычным выхаванні ў сваіх раёнах, валанцёрскую дзейнасць, дапамогу пажылым людзям. Адчувалася жаданне юнакоў і дзяўчат арганізаваць вакол сябе вельмі цёплую, прасякнутую патрыятызмам прастору, імкненне быць карыснымі сваёй Радзіме.
Источник: https://nastgaz.by