РУС БЕЛ ENG 中文

Настаўнік хіміі з Гродна Віталь Стаціна падрыхтаваў адразу 10 прызёраў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды

26.01.2024

Адразу дзесяць прызёраў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах падрыхтаваў настаўнік хіміі Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко Віталь Стаціна. У скарбонцы дасягненняў яго вучняў — усе дыпломы І ступені, а такіх чатыры, і па тры дыпломы ІІ і ІІІ ступені. Вынік алімпіяднай работы яшчэ адной вучаніцы адзначаны граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На пытанне, у чым сакрэт такога пос­пеху, настаўнік даў відавочны адказ:

— Проста люблю сваю работу. Калі бачу жаданне вучняў працаваць, з цікавасцю шукаю новую літаратуру, рашаю разам з імі ўсё больш складаныя задачы.

У педагога сфарміравалася свая сістэма работы з адоранымі вучнямі. Да будучых алімпіяднікаў ён прыглядаецца яшчэ ў 7 класе. Галоўная мэта на гэтым этапе — заціка­віць прадметам. У хіміі ў гэтым плане хапае дзейсных механізмаў: багатая эксперыментальная база. Ужо ў 8 класе адбываецца адбор хлопчыкаў і дзяўчынак для вывучэння прадмета на павышаным узроўні. Па словах Віталя Тадэвушавіча, вызначальным момантам тут становіцца метад назірання за тым, як вучань спраўляецца з лабараторнымі работамі: як працуе з абсталяваннем, адмярае неабходную колькасць рэчываў.

— Важна ацаніць, наколькі развітыя практычныя навыкі. Калі тэарэтычныя можна натрэніраваць амаль у кожнага вучня, то з эксперыментальнымі справа іншая. А найбольшая колькасць балаў у алімпіядных заданнях даецца якраз у эксперыментальнай частцы, — адзначыў настаўнік.

З 2008 года педагог падрыхтаваў 109 прызёраў трэцяга і больш за 30 — заключнага этапу рэс­пуб­ліканскай алімпіяды. Не без гордасці гаворыць ён аб прызавых месцах сваіх вучняў у міжнародных алімпіядах — з 2018-га­
такіх ужо чатыры. Па словах настаўніка, важным момантам на шляху да вышынь з’яўляецца падтрымка з боку кіраўніцтва гімназіі: закупляецца неабходнае абсталяванне і рэактывы.

Кожная субота ў рабочым раскладзе Віталя Тадэвушавіча — эксперыментальны дзень з таленавітымі вучнямі. Ра­зам з навучэнцамі 9—11 класаў ён рашае алімпіядныя заданні. Па выніках вывучэння кожнага раздзела разумнікі і разумніцы пішуць тэст.

— З аднаго боку, гэта дысцып­лінуе вучняў, а з другога — дапамагае мне вызначыць моманты, якія патрабуюць большай увагі.

Педагог адзначае, што сёлетні вынік — дзесяць прызёраў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды — не самы лепшы ў практыцы. Два гады назад адразу 15 яго вучняў сталі дыпламантамі. І ўсё ж своеасаблівы рэкорд сёлета яго выхаванцы ўстанавілі: усе дыпломы І ступені гэтым ра­зам у вучняў Віталя Тадэвушавіча.

Абсалютным пераможцам абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія” ў 11 класе стаў Кірыл Батурын. Мінулым летам ён быў прызёрам Міжнароднай алімпіяды па хіміі імя Абу Райхана аль-Біруні ва Узбекістане.

— Сваім поспехам у алімпіядным руху абавязаны, безумоў­на, настаўніку. Менавіта Віталь Тадэвушавіч захапіў мяне хіміяй яшчэ ў 8 класе. Ужо ў 9-м я стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды. І з таго часу не спыняю ўдасканаленне ведаў у галіне хіміі, — адзначае пераможца абласнога этапу рэспуб­ліканскай алімпіяды.

У гэтым годзе на Гродзеншчыне ўдзельнікамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі 898 навучэнцаў. Па 18 вучэбных прадметах у абласной скарбонцы перамог і дасягненняў 377 узнагарод: дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 65, II ступені — 108 і III ступені — 204 навучэнцы.

— Варта адзначыць, што сярод раёнаў па колькасці атрыманых дыпломаў традыцыйна лідзіруюць Кастрычніцкі і Ленінскі раёны Гродна, а таксама Лідскі раён. Значна палепшылі свае пазіцыі ў параўнанні з папярэднім навучальным годам Воранаўскі, Смаргонскі, Астравецкі і Шчучынскі раёны, — расказала начальнік упраўлення па суправаджэнні работы з дзецьмі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай дзейнасці, ГрАІРА Святлана Шмурэй.

Што да ўстаноў адукацыі, то ўжо на працягу пяці гадоў у алімпіядным руху лідзіруюць гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, на рахунку якой 34 дыпломы, гімназія № 1 Ліды (28 дыпломаў) і Гродзенская гарадская гімназія імя А.І.Дубко (24 дыпломы).

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: