РУС БЕЛ ENG 中文

Выхавальніца групы прадоўжанага дня Ганна Хаўста плануе асвойваць новыя платформы, не спыняючыся на блогу

18.01.2024

Выхавальніца групы прадоўжанага дня Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Ганна Хаўста вядзе дзённік, толькі не асабісты, а прафесійны, і не на папяровых старонках, а ў інтэрнэце. 

— Да гэтага шмат друкавалася ў раённай газеце. Тады мяне заўважылі і прапанавалі весці аўтарскі блог “Шчаслівы быць настаўнікам”. Бязмерна ўдзячна рэ­дакцыі выдання за такую магчымасць. Такім чынам я паказваю, як быць шчаслівым педагогам. Бо ў сілах настаўнікаў зрабіць шмат карысных рэчаў. Часам ад гэтага залежыць лёс маленькага чалавека, — запэўнівае Ганна Хаўста.

Педагог лічыць блог своеасаб­лівым інструментам для развіцця. Тут яна сама выбірае спосаб дэманстрацыі асабістай працы. Акрамя гэтага, у блогу трансліруе заняткі і іншыя моманты дзейнасці групы прадоўжанага дня. Педагагічны блог — выдатная магчымасць падзяліцца і абмяняцца вопытам з калегамі. А яшчэ з дапамогай яго Ганна Хаўста падтрымлівае сувязь з бацькамі сваіх вучняў.

— Мой блог паўплываў у першую чаргу на мяне саму. Я стала больш мэтанакіраванай. Што тычыцца яго ўплыву на асноўную работу, то яна стала больш якаснай і прадукцыйнай. Бо вядзенне аўтарскага блога — гэта публічная дзей­насць. Самая галоўная тэма ў блогу — пачатковая школа. У рубрыцы “Разважаем РАЗАМ!” расказваю пра школу па абодва бакі стала. У руб­рыцы “Лайфхакі шчаслівага настаўніка” дзялюся ідэямі цікавых мерапрыемстваў для дзяцей. Таксама праводжу падрабязныя майстар-класы для работы з малодшымі школьнікамі. А ў рубрыцы “Наша творчасць” мы дзелімся з чытачамі тым, што ў нас атрымалася, якія яркія эмоцыі выклікала. Акрамя калонкі на партале, вяду Instagram. Там падрабязна ўсё не распісваю, літаральна 2—3 сказы па кожным ві­дзе дзейнасці. Бацькі вучняў заўсёды ў курсе, чым і калі займалася іх дзіця. Больш цесныя зносіны ў са­цыяльных сетках дазволілі з’яднаць бацькоўскі калектыў. Таты і мамы пачалі актыўна абмяркоўваць дасягненні і вынікі сваіх дзяцей, што пазітыўна адбіваецца на паводзінах вучняў і іх стаўленні да школы ў цэлым. У хуткім часе ствару канал у Telegram. Там зраб­лю большы ўхіл на відэа. Думаю, што ён выкліча шмат станоўчых эмоцый у вучняў і іх бацькоў. Разумею, што мне неабходна рэгулярна весці асабісты блог, тады мая справа будзе жыць, блог бу­дзе развівацца далей. Ён мяне моцна захоплівае, на яго не шкада сіл і часу. У будучыні гэта бу­дзе больш прадуманы і цікавы прадукт. Я ўжо задумваюся зрабіць першае інтэрв’ю з кімсьці з адукацыйнай сферы, — дзеліцца планамі Ганна Уладзіміраўна.

Настаўніца заўважае, што бацькі вучняў не цікавяцца інфармацыйнымі куткамі ў класе. Аднак самі часта звяртаюцца з запытам аб правядзенні кансультацый або падрыхтоўцы інфармацыі па пытаннях, звязаных з выхаваннем сваіх дзяцей. Педагог упэўнена: каб выправіць такую супярэч­насць, неабходна выкарыстоўваць віртуальныя інфармацыйныя пляцоўкі, такія як мабільныя месенджары і сацыяльныя сеткі.

— Мы жывём у сучасным грамадстве ў эпоху лічбавізацыі. Адным з яе элементаў з’яўляецца пераход да віртуальных зносін з выкарыстаннем розных мабільных дадаткаў і сацсетак. Тэмп жыцця расце, і адчуваецца пастаянны дэфіцыт часу. Усё гэта прыводзіць да таго, што час, які бацькі мо­гуць прысвячаць зносінам з педагогам, скарачаецца. Таму важная для развіцця дзіцяці інфармацыя можа страчвацца. І гэтую праблему неабходна вырашаць. А выйсце тут адно — дасведчанае напаўненне інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы, — адзначае педагог.

Далей Ганна Хаўста плануе асвойваць новыя платформы. Яна пастаянна ўдасканальвае свой блог. Педагог хоча, каб і любімая школа была на слыху. Ганна Ула­дзіміраўна настроена прыносіць карысць грамадству і сваёй краіне праз дзейнасць у інтэрнэце.

— Я ўсім сэрцам люблю нашу родную Беларусь. Дарэчы, планую ў блогу запуск рубрыкі патрыятычнай накіраванасці “Я люблю Беларусь!”. У рубрыцы мы пакажам на ўласным прыкладзе, што любоў да Радзімы і патрыятычныя пачуцці фарміруюцца паступова, у працэсе назапашвання ведаў і ўяўленняў пра навакольны свет, гісторыю і традыцыі свайго народа, — рас­казвае настаўніца.  

Падчас вучобы ў каледжы Ганна Уладзіміраўна пераканалася, што настаўнік — значна больш, чым прафесія. Для яе гэта стан душы. Зносіны з дзецьмі, магчымасць дзяліцца вопытам, прастор для творчасці дазваля­юць педагогу атрымліваць асалоду ад працы. Вядома, настаўніца сутыкаецца з некаторымі праблемамі ў школе, але працоўныя будні напоўнены вялікай колькасцю светлых і натхняльных момантаў, якія, па яе словах, кампенсуюць любыя непрыемнасці. Вучні Ганны Ула­дзіміраўны актыўна со­чаць за ёй. Яны з нецярпеннем чакаюць выхаду новых публікацый. А нядаўна дзеці пачалі спаборні­чаць паміж сабой у гульні “Чый лайк будзе першым”.

— Ім прыемна бачыць сябе на фота і чытаць словы, якія я пра іх пішу. У нас часта быва­юць чэленджы і марафоны. Мае маленькія сябры ва ўсім прымаюць актыўны ўдзел. Нядаўна ў нас право­дзіўся конкурс “Кароль і каралева каліграфіі”. Я купіла вельмі прыгожую карону для атмасфернасці. Усе дзеці былі ў захапленні. Пакуль у сістэме адукацыі абмяркоўвалася пытанне важнасці правільнага і прыгожага почырку, у нашай групе прадоўжанага дня ўсе дзеці старанна выводзілі кожную літарку і імкнуліся атрымаць перамогу ў конкурсе. Калегі таксама мяне чытаюць, падтрымліваюць. У нас ёсць чат, дзе мы абменьваемся інфармацыяй, я пастаянна дзялюся там сваімі публікацыямі. Мяне акружаюць вельмі шчырыя і добрыя людзі. Менавіта дзякуючы іх ка­ласальнай падтрымцы разумею, што ўсё раблю правільна і рухаюся ў патрэбным кірунку, — адзначае Ганна Уладзіміраўна.

Кожны дзень педагог вучыцца разам з дзецьмі. Для Ганны Хаўста вучні — яе сапраўдная матывацыя. Ад іх яна заўсёды адчувае поўную аддачу. Настаўніца дзеліцца, што выхаванцы пастаян­на дораць ёй новыя ідэі. Напрыклад, нядаўна яны папрасілі зра­біць падарункавыя сертыфікаты за добрыя паво­дзіны, якія бу­дуць даваць ім права самастойна вы­браць суседа па парце на адзін вучэбны дзень або нічога не ра­біць 30 мінут. Калі такія сертыфікаты выклічуць станоўчыя эмоцыі, то Ганна Уладзіміраўна па­дзеліцца гэтым паспяховым вопытам у блогу.

Працуючы з дзецьмі, педагог назірае, як многія з іх знаёмяцца з інтэрнэтам з даволі ранняга ўзросту. Практычна ўсе дзеці, іх бацькі маюць асабістыя старонкі ў той ці іншай сацыяльнай сетцы. Гэта вельмі актуальна, і тут шмат станоўчых бакоў, запэўнівае настаўніца. Інтэрнэт у абмежаванай колькасці можа быць карысны, бо прапануе вялікія магчымасці для творчага росту. Існуе вялікая колькасць развіццёвых гульняў, вучэбных праграм, з дапамогай якіх дзеці вучацца маля­ваць, здымаць і манціраваць відэа, вывучаюць замежную мову, наведваюць віртуальныя музеі і многае іншае. У інтэрнэце можна атрымаць адказы практычна на ўсе пытанні, мець зносіны з сябрамі з розных гарадоў і краін і знаходзіць новых знаёмых па інтарэсах.

— Паважаныя калегі, сучасныя рэаліі ў галіне адукацыі нас абавязваюць ісці ў нагу з часам, быць карыснымі і цікавымі не толькі дзецям, але і іх бацькам. Навучыцца гэтаму могуць усе, быў бы толькі настрой і жаданне. Не бойцеся, спрабуйце, укараняйце! Заўсёды памятайце, што планета Зямля — тэрыторыя асабістай адказнасці і бязмежных творчых ідэй. Быць шчас­лівым педагогам — магчыма! Сябры, запрашаю вас стаць чытачом майго блога “Шчаслівы быць настаўнікам”, каб расці, ставіць перад сабой мэты і абавязкова іх дасягаць. Давайце гэта рабіць ра­зам, — падагульняе Ганна Ула­дзіміраўна.

Источник: