РУС БЕЛ ENG 中文

Яркі «Перазвон»: якую карысць прыносяць дзецям заняткі ў аркестры

16.01.2024

Жывая музыка заўсёды была ўпрыгажэннем любога свята, яна стварае асаблівы настрой і пакідае яркія ўспаміны.

Сярэдняя школа № 4 Ліды, бадай, адзіная ў горадзе, дзе ёсць свой аркестр народных інструментаў з яркай назвай “Перазвон”. У скарбонцы дасягненняў калектыву за апошні год больш за дзясятак узнагарод на раённых, абласных, міжнародных фестывалях і конкурсах.

У складзе калектыву 20 дзяўчынак і 15 хлопчыкаў. Іх аб’ядноўвае і захапляе калектыўнае музіцыраванне. Навучэнцы з вялікім энтузіязмам наведваюць рэпетыцыі аркестра, асвойваюць народныя інструменты: цымбалы, домру, баян, акардэон, ударныя інструменты. Гукавую палітру ўзбагача­юць гукі скрыпкі і флейты. Заняткі ў аркестры прыносяць дзецям вялікую радасць сумеснай творчасці, развіваюць шэраг неабходных маральных якасцей: адказнасць, таварыскасць, пачуццё патрыятызму.

Сёлета калектыў паспяхова пацвердзіў званне “ўзорны”. З 2015 года ім кіруе Наталля Барысаўна Густадым. Спецыяльна для калектыву яна піша інструментоўкі і аранжыроўкі, ужо больш за 20 кампазіцый атрымалі новае гучанне. У рэпертуары аркестра — творы класікаў, апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, п’есы сучасных кампазітараў, што ўзбагачае духоўны свет аркестрантаў, знаёміць іх з нацыянальнай культурай.

Аркестр “Перазвон” актыўна выступае на розных пляцоўках горада, раёна і вобласці. Самыя яркія і запамінальныя выступленні адбыліся на рэспубліканскім свяце “Апошні званок”, якое праходзіла ў нашым горадзе ў маі гэтага года, і на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі.

Поспех у рабоце Наталля Барысаўна падзяляе са сваімі калегамі-канцэртмайстрамі: I.Б.Шэшка, А.А.Богдан, Л.У.Часноўскай, У.В.Сільвановічам, якія падтрымліваюць вучняў на рэпетыцыях і канцэртных выступленнях. Дырэктар школы I.М.Родзінскі, яго намеснік па выхаваўчай рабоце С.I.Кудзі ўсяляк падтрымліваюць калектыў, дапамага­юць вырашаць складаныя арганізацыйныя пытанні, ствараюць творчую атмасферу, каб рэпетыцыі аркестра і адукацыйны працэс былі камфортнымі, а школа стала другім домам для аркестрантаў.

Сумесная работа аркестра і адміністрацыі школы прыно­сіць добрыя вынікі ў выхаванні моладзі з высокім узроўнем культуры, адукацыі і маральнасці — у іх руках будучыня нашай Радзімы.

Источник: https://nastgaz.by