Калядныя цуды
13.01.2023Каляды – даўняе народнае свята нашых продкаў. Калядныя святы прыносілі радасць у кожную хату, іх чакалі, да іх адказна рыхтаваліся.
Вось і нашы супрацоўнікі з задавальненнем дапамаглі акунуцца ў святочную атмасферу выхаванцам гродзенскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў час фальклорнага свята “Калядныя цуды".
У музычнай зале гасцей сустракала гаспадыня, якая расказала выхаванцам аб павер’ях на час каляд: сад абвязаць невымашчанай саломай – да добрага ўраджаю садавіны, галінкі дуба ўтыкаць у вокны на шчодрую куццю – да моцнай і здаровай гаспадаркі, як дуб. Гаспадыня пачаставала куццёй мароз, каб не замерзлі палеткі.
Якія Каляды без калядоўшчыкаў? Не абышлі калядоўшчыкі свята. Сюды завіталі Цыган з Цыганкай, Мядзведзь з Казою. Яны запрасілі выхаванцаў у карагод, каб весяліць увесь народ!
Разам з Казою дзеці закружыліся ў беларускім народным танцы. Напрыканцы танца Каза стамілася і ўпала, а каб яна ўстала – патрэбна ёй даць кавалак сала.
З Мядзведзем выхаванцы таксама пагулялі. А Цыганка ўсім наваражыла на ўвесь год дабра, шчасця і здароўя.
Усе дзеці і дарослыя на нейкі час трапілі ў дзівосны свет народнай культуры, атрымалі добры настрой і салодкія пачастункі.
Источник: http://udo110.oktobrgrodno.gov.by