РУС БЕЛ ENG 中文

Прыярытэтныя напрамкі работы ў сістэме прафесійнай адукацыі абмеркавалі ў Гродне

19.04.2024

Асноўныя напрамкі развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі абмеркавалі ў Гродне падчас рэспубліканскага семінара. Прайшоў семінар на базе Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага кале­джа імя Івана Шчаснага, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

З мінулага года каледж дзейнічае ў статусе вядучай установы адукацыі, што рэалізуе адукацыйныя праграмы ПТА на рэспубліканскім узроўні па спецыяльнасцях напрамку адукацыі “Інжынерыя і інжынерная справа (электратэхніка і энергетыка)”.

— Прыярытэтныя напрамкі работы ў сістэме прафесійнай адукацыі задаў кіраўнік дзяржавы, аб’явіўшы Год якасці. А ­якасць — гэта ўсёабдымная характарыстыка, якая ўключае многія кампаненты. Сюды ўваходзіць актуальны змест сістэмы прафесійнай адукацыі, які прадугледжвае больш шчыльнае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, далейшае ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы сучасных цэнтраў кампетэнцый. І, вядома, найважнейшым кампанентам у рабоце на якасць з’яўляецца кваліфікаваны педагог, які ўмее матываваць дзяцей да прафесіі і валодае сучаснымі методыкамі, — адзначыў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі.

Ён таксама дадаў, што трэба прадаўжаць працаваць, у тым ліку над развіццём кампетэнцый майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў. Майстры сёння падцягваюць свой узровень, праходзячы стажыроўку на базе цэнтраў кампетэнцый. Што да выкладчыкаў, такая работа вя­дзецца галоўным чынам праз факультэт павышэння кваліфікацыі РІПА. Прычым у інстытуце робяць стаўку на праактыўныя метады работы — гэта праектны падыход, праблемнае навучанне, калі слухачы разбіраюць вытворчую праблему.

Як паведаміла першы прарэктар інстытута Юлія Сычова, якраз для вызначэння далейшых напрамкаў работы з кадрамі ў прафесійнай адукацыі па ўсёй краіне сёлета пройдзе ­адзіны дзень дыягностыкі іх прафесійных кампетэнцый.

Узнімалася падчас семінара і тэма інклюзіўнай адукацыі ў сістэме прафесійнай падрыхтоўкі. На сённяшні дзень каля 150 устаноў прафесійнай адукацыі краіны рэалізуюць такі прынцып работы. Удзельнікам сустрэчы нагадвалі аб дзейнасці ў РІПА школы інклюзіўнага педагога, якая можа стаць месцам павышэння майстэрства работы з гэтай катэгорыяй грамадзян для педагогаў і педработнікаў каледжаў.

Увага была засяроджана і на пытаннях узаемадзеяння арганізацый, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Падчас семінара начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык акцэнтаваў увагу на асноўных напрамках развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці:

 У рэгіёне павялічылася колькасць прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўдзельнічаюць у заказе на падрыхтоўку кадраў: за апошнія тры гады іх было больш за 900. Мэтанакіраваная работа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў садзейнічала павелічэнню і колькасці навучэнцаў, прынятых у падначаленыя аблвыканкаму каледжы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Калі ў 2020 годзе ў каледжы паступілі 583 такія навучэнцы, то ў ­2023-м — ужо 805.

Кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці адзначыў, што сёння прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя рэгіёна — гэта каля 70 спецыяльнасцей, 100 кваліфікацый, больш як 18,5 тысячы навучэнцаў і штогадовы выпуск больш як 5000 кваліфікаваных і запатрабаваных эканомікай рэгіёна рабочых і спецыялістаў.

У бягучым навучальным го­дзе ва ўстановах адукацыі Гро­дзенскай вобласці, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, задзейнічаны больш за 2 тысячы педагагічных работнікаў. Больш за палову з іх (65,8 працэнта) маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

— Пры непасрэдным узаемадзеянні з РІПА на базах устаноў прафесійнай адукацыі Гродзеншчыны створаны і працягваюць развівацца пяць сучасных цэнтраў кампетэнцый. За апошнія тры гады колькасць навучэнцаў, якія прайшлі ў іх навучанне, значна павялічылася — з 2 да 3 тысяч. Акрамя таго, па заяўках на 2024/2025 навучальны год плануецца, што на базах трох цэнтраў кампетэнцый прой­дуць навучанне студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцы каледжаў не толькі Гродзенскай, але і Віцебскай, Брэсцкай абласцей, — дадаў Руслан Юр’евіч.

У час рэспубліканскага семінара ў Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы імя Івана Шчаснага быў прадстаўлены вопыт работы сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці. Установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі арганізавалі выставы і майстар-класы, абласны інстытут развіцця адукацыі абазначыў ключавыя моманты работы ў выставе “Прафесійная самарэалізацыя педагогаў у бесперапыннай адукацыі”.

Источник: https://nastgaz.by