РУС БЕЛ ENG 中文

Вольга Канюк з Гнезнаўскай сярэдняй школы: «Настаўнік заўсёды вучыць і вучыцца»

08.04.2024

Настаўніца нямецкай мовы і дырэктар Гнезнаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна ўпершыню сустрэліся як вучань і будучы педагог. Праз гады сталі калегамі, а сёння разам вядуць дарогай да ведаў вучняў, да поспеху і прызнання — установу адукацыі. 

— З нашым дырэктарам Наталляй Іванаўнай Кароль пазнаёмілася, калі была трэцякласніцай. Яна тады прыйшла да нас практыканткай Ваўкавыскага педагагічнага кале­джа і літаральна з першых дзён спадабалася ўсяму класу. Каб праілюстраваць наколькі, скажу толькі, што ў апошні дзень яе работы ў нашым класе ўсе плакалі, думаючы, што расстаёмся назаўжды, — пачынае цікавы аповед педагог са стажам у прафесіі больш за 15 гадоў Вольга Леанардаўна Канюк.

Такое “назаўжды” з нашай гераіняй не здарылася. Актыўная практыкантка нараўне з яркай асобай першага настаўніка Галінай Сяргееўнай Ганчар стала для яе прыкладам, да якога хацелася імкнуцца, і ўжо ў 3 класе ў разважаннях аб будучай прафесіі не пакінула шансаў ніякай іншай, акрамя настаўніка.

Любімай гульнёй дзяцінства для Вольгі Канюк, зразумела, была школа. Разам са старэйшай сястрой Аленай Брусянковай яна рассаджвала сваіх лялек, важна хадзіла перад імі і нешта расказвала, пісала на шафе крэйдай і выстаўляла адзнакі… Зрэшты, сёстры і сёння што­дзень выстаўляюць адзнакі ўжо сапраўдным вучням: Вольга ­Леанардаўна вядзе дзяцей да ведаў у нямецкай мове, а Алена Леанардаўна выкладае хімію і біялогію. Педагогіка — іх агульнае сямейнае захапленне, месца ўласнай рэалізацыі і ціка­васць ужо іх дзяцей. Свой шлях у прафесію ў ваўкавыскай гімназіі № 1 не так даўно пачала пляменніца Вольгі Канюк, сур’ёзна настроена на паступленне ў педагагічную УВА і яе дачка.

Што ні робіцца — да лепшага

І ўсё ж вернемся да пачатку размовы, каб успомніць шлях у прафесію для самой Вольгі Леанардаўны. Яшчэ ў пачатковых класах вызначыўшыся з будучай прафесіяй, аб выкладанні менавіта нямецкай мовы яна задумалася крыху пазней. І вызначальную ролю тут зноў адыграў педагог — Ала Аляксанд­раўна Церан.

— Амаль штодзень яна гаварыла, што ў мяне здольнасці да вывучэння нямецкай, што я павінна стаць настаўніцай замежнай мовы. Памятаю, калі Ала Аляксандраўна выходзіла з класа на пару мінут, прасіла падмяніць яе. Мой унутраны настаўнік радаваўся! — дзеліцца суразмоўніца.

Наступным этапам стаў універсітэт. У год паступлення Вольгі Канюк прыёмная кампанія ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі была арганізавана ў некалькі этапаў. Ад хвалявання іспыты ў рэгіянальны ўніверсітэт наша суразмоўніца здала горш, чым планавала, і на бясплатнае навучанне не праходзіла.

— Вельмі хвалявалася з гэтай прычыны, але такі жыццёвы прыклад пераканаў у справядлівасці выказвання “што ні робіцца — да лепшага”. На іспыты ў галоўную педагагічную УВА краіны ў той жа год прыйшла ўжо з зусім іншай упэўненасцю ў сабе і паступіла на факультэт беларускай філалогіі і культуры, выбраўшы спецыяльнасць “Нямецкая мова. Беларуская мова і літаратура”, — згадвае Вольга Леанардаўна.

Вучыцца ў БДПУ ёй было цікава і дзякуючы моцнай камандзе выкладчыкаў, і дзякуючы цудоўнай групе адна­думцаў. З асаблівай цеплынёй гераіня сённяшняй публікацыі ўспамінае сваю педагагічную практыку, як не спала ўсю ноч перад першым урокам у сталічнай гімназіі, але правяла яго лёгка і на выдатна. Пасля размеркавання першым месцам працы стала Ханявіцкая сярэдняя школа Свіслацкага раёна. Цёплы прыём у дружным калектыве толькі ўмацаваў у правільнасці выбару прафесійнага шляху.

— Увогуле, па жыцці мне вельмі шанцуе на людзей. Так было і з педагогам-настаўнікам Ханявіцкай сярэдняй школы Марынай Іванаўнай Грыц, якая заўсёды падтрымлівала, наведвала ўрокі і давала парады, дапамагала і заслужана крытыкавала за промахі. Цяжкасці былі, але ў любую мінуту хтосьці з калег ахвотна падстаўляў вопытнае плячо, — адзначае настаўніца.

І ўсё ж яшчэ адным да таго моманту не рэалізаваным жыццёвым планам для яе заставалася вялікае жаданне працаваць у роднай школе, стаць калегай для сваіх педагогаў.

— Калі старэйшай дачцэ было ўсяго дзесяць месяцаў, прапанавалі выйсці ў Гнезнаўскую сярэднюю школу, — працягвае аповед Вольга Леанардаўна. — Пагадзілася амаль без роздуму. Вядома, першы час сумяшчаць мацярынства з настаўніцтвам было няпроста, але, дзякуючы падтрымцы блізкіх, сёння аб тым часе ўспамінаю з усмешкай.

Ні адна сустрэча не бывае выпадковай

Пераступіўшы парог роднай школы ўжо ў якасці педагога, Вольга Канюк стала калегай не толькі для педагогаў, якія вучылі яе з 1 па 11 клас. Нямецкую мову тут выкладала тая практыкантка з 3 класа, якая запомнілася на ўсё жыццё, — Наталля Кароль.

— Ні адна сустрэча ў жыцці не бывае выпадковай, — упэўнена суразмоўніца. — Мне зноў пашанцавала набірацца вопыту пад кіраўніцтвам моцнага настаўніка нямецкай мовы, а сёння яшчэ і мудрага кіраўніка нашага калектыву. Дарэчы, Наталля Іванаўна, наведваючы мае ўрокі, заўсёды дае слушныя парады і рэкамендацыі. Нязменна прыслухоўваюся да іх, каб зрабіць працэс навучання яшчэ цікавейшым і дзейсным для вучняў.

За 17 гадоў педагагічнай дзейнасці ў скарбонцы ўзнагарод вучняў Вольгі Канюк нямала дасягненняў: рэгулярна яны становяцца пераможцамі раённых і дыстанцыйных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, раённых конкурсаў песень на замежнай мове. Да пастаяннага павышэння свайго метадычнага ўзроўню імкнецца і педагог: вынікова ўдзельнічае ў раённых і абласных метадычных конкурсах.

— Вольга Леанардаўна — прыклад, калі настаўнік адкрывае ўсё новыя грані ў выбранай прафесіі. Прычым заўсёды ро­біць гэта ўпэўнена і паспяхова, — працягвае размову дырэктар школы. — Сёння яна ўваходзіць у склад творчай групы настаўнікаў нямецкай мовы раёна, узначальвае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў замежнай мовы другой кваліфікацыйнай катэгорыі і якія не маюць катэгорыі. І ра­зам з тым пры неабходнасці выкладае ў нашай установе яшчэ і беларускую мову і літаратуру, на працягу многіх гадоў узначальвае работу школьнага працоўнага летняга лагера.

Заўсёды вучыць і вучыцца

Асаблівай увагі заслугоўвае яе школьнае “дырэктарства” ў лагеры “Новае пакаленне”, які абгрунтавана можна назваць адным з лепшых у краіне. За шэсць гадоў работы на рахунку лагера шмат раённых, абласных і рэспубліканскіх перамог.

— У мінулым годзе ўзялі дыплом І ступені ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”. Вынікі конкурсу тады падводзіліся ў НДЦ “Зубраня”. Было прыемна і карысна сустрэцца з калегамі з усіх рэгіёнаў краіны. Некаторыя з прадстаўленых цікавых ідэй паспрабуем ажыцця­віць у тым ліку ў нашай адукацыйна-­аздараўленчай прасторы, — дзеліцца Вольга Канюк.

Адзначана дыпломам І ступені работа лагера і ў рэспубліканскім анлайн-квізе “Метадычная работа ў выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі”. Прычым цікавы гэты вопыт работы не толькі з пункту гледжання арганізацыі вольнага часу школьнікаў. Адным са стымулаў для юных адпачывальнікаў з’яўляецца магчы­масць зарабіць. Лагер арганізаваны сумесна з мясцовым КСУП “Гнезна”, і нязменна арганізаваная ў першай палове дня работа юнага працоўнага дэсанта аплачваецца.

— Слова “вучыць” мае два значэнні. Першае — выкла­даць, навучаць, а другое — вывучаць і спазнаваць. Настаўнік — гэта ўніверсальны сінтэз абодвух значэнняў: заўсёды вучыць і заўсёды вучыцца, — з усмешкай рэзюмуе Вольга Леанардаўна.

Гэты тэзіс яна лічыць вызначальным у сваёй працы ўжо на працягу многіх гадоў. І шмат у чым менавіта дзякуючы што­дзённаму імкненню да ўласнага развіцця і ўдасканалення, упэўненым крокам вядзе за сабой вучняў і адпачывальнікаў лагера невялікай школы ў Гнезне. Дарогай да ведаў тут сёння ­ідуць больш за 60 вучняў. Але ро­бяць яны гэта ўпэўнена і нязменна пры падтрымцы ўлюбёных у сваю справу педагогаў.

Источник:https://nastgaz.by