РУС БЕЛ ENG 中文

Навучэнцы пачатковых класаў засвояць азбуку маральнасці

05.04.2024

Вучэбная праграма факультатыву «Азбука маральнасці» для 2–3 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі ад 25 студзеня 2024 г. № 12. Факультатыў накіраваны на фарміраваннеў школьнікаў уяўленняў аб маральных асновахз носін, развіццё маральных пачуццяў, выхаванне высокіх маральных якасцей (дабрыні, міласэрнасці, сумленнасці, справядлівасці і інш.), фарміраванне норм паводзін (ветлівасці, тактоўнасці, чалавечай годнасці, павагі да старэйшых і інш.) з дапамогай дзіцячай літаратуры, мультыплікацыйных фільмаў, музычных твораў, прыказак і прымавак.

Праграма складаецца з васьмі модуляў: «Уводзіны», «З чаго пачынаецца Радзіма?», «Маральныя асновы зносін. Культура зносін», «Добрымі справамі мы напоўнім свет», «Азбука маральнасці ў сям’і», «Азбука маральнасці ў школе», «Экалагічная культура чалавека», «Чалавек працай славіцца». Пры засваенні зместу кожнага з іх адбываецца эмацыянальнае, усвядомленае разуменне навучэнцамі маральных пачуццяў, якасцей і норм паводзін. Так, модуль «З чаго пачынаецца Радзіма?» садзейнічае паважліваму стаўленню да дзяржаўных сімвалаў нашай краіны, знаёміць дзяцей з маральнымі асновамі подзвігу, маральнай ацэнкай гераічных учынкаў беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Модуль «Добрымі справамі мы напоўнім свет» спрыяе засваенню паняццяў дабра і зла, праўдзівасці і сумленнасці, добрых і дрэнных учынкаў. Ён прадугледжвае стварэнне калектыўнага праекта «Дрэва добрых спраў» і вядзенне пачаткоўцамі індывідуальнага нататніка «Дзённічак добрых спраў», прызначанага для запісу прыказак і прымавак, складання пераліку добрых спраў і г.д. А модуль «Чалавек працай славіцца» раскрывае паняцце працавітасці, садзейнічае фарміраванню паважлівага стаўлення да вынікаў уласнай і чужой працы, пашырае веды вучняў аб прафесіях.

Праграма разлічана на 69 гадзін: 2 клас – 34 гадзіны, 3 клас – 35 гадзін (па адной гадзіне ў тыдзень). Колькасць вучэбных гадзін, прадугледжаная на засваенне матэрыялу адпаведнай тэмы, з’яўляецца прыкладнай і залежыць ад пераваг настаўніка ў выбары метадаў навучання і выхавання, відаў дзейнасці і вучэбна-пазнавальных магчымасцей дзяцей. Эфектыўнымі на занятках факультатыву будуць этычныя гутаркі, аналіз жыццёвых сітуацый, работа з тэкстам, інтэрактыўныя гульні (у тым ліку сюжэтна-ролевыя, гульні-падарожжы, настольныя віктарыны), мадэляванне і інсцэніроўка сітуацый па матывах твораў, заняткі-трэнінгі, вусныя часопісы, чытацкія канферэнцыі і інш.

Источник: https://nastgaz.by