РУС БЕЛ ENG 中文

«Магчымасць паступіць без экзаменаў на спецыяльнасць мары»: што дае ўніверсітэцкая алімпіяда

02.04.2024

Шчаслівы білет атрымалі сёлета каля 1 тысячы адзінаццацікласнікаў, якія сталі пераможцамі ўніверсітэцкіх алімпіяд і былі рэкамендаваны да залічэння ў рэгіянальныя ўніверсітэты краіны. Ці скарыстаюцца яны такім шансам — пакажа час.

Уладальнікамі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені ўніверсітэцкіх алімпіяд рэгіянальных УВА сталі каля тысячы сёлетніх выпускнікоў школ. Усе яны паспяхова прайшлі два абавязковыя этапы. У папярэднім прынялі ўдзел больш за 7 тысяч адзінаццацікласнікаў, а ў заключным — каля 4,7 тысячы.

— Найбольшая колькасць удзельнікаў заключнага этапу алімпіяды зафіксавана ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава — 385 і, адпаведна, пераможцаў — 155, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы — 329 і 126 і Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны — 219 і 83, — паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.

Нагадаем, у мінулым годзе ў ліку пераможцаў ўніверсітэцкіх алімпіяд было каля 800 старшакласнікаў, але стаць студэнтамі па льготнай траекторыі вырашылі толькі 369 чалавек. Калі летась алімпіяды праводзілі толькі 18 рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі, то сёлета ўжо 21. Так, упершыню такое спаборніцтва прайшло ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Аналіз вынікаў паказвае высокую паспяховасць пераможцаў алімпіяд. Больш за 85% маюць сярэдні бал атэстата і адзнаку па профільным прадмеце вышэйшыя за 8 балаў.

— Калі гаварыць пра геаграфію пражывання пераможцаў, то 28,7% — з Віцебскай вобласці, 25% — Гомельскай, 15,3% — Магілёўскай, 13,5% — Брэсцкай, 12,2% — Гродзенскай і 5,3% — Мінскай, — праінфармаваў Сяргей Мікалаевіч.

Міністэрства адукацыі ў 2023/2024 навучальным годзе пашырыла пералік спецыяльнасцей для залічэння без уступных іспытаў пераможцаў (дыпломы I, II, III ступені) універсітэцкіх алімпіяд на 72 пункты. У іх лік увайшлі і такія папулярныя спецыяльнасці, як “Электронныя сістэмы і тэхналогіі”, “Кібербяспека”, “Камп’ютарная інжынерыя”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Сучасныя замежныя мовы (з указаннем моў)” і інш.

— Квота для залічэння без уступных іспытаў пераможцаў алімпіяд сёння складае 15% ад кант­рольных лічбаў прыёму за кошт сродкаў бюджэту па ўсіх спецыяльнасцях на дзённай форме навучання. І павялічваць гэтую квоту мы не плануем, каб захаваць магчымасць паступлення іншым катэгорыям абітурыентаў: мэтавікам, пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, медалістам, выпускнікам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, профільных класаў, — адзначыў С.М.Пішчоў.

Сур’ёзны падыход

Шчаслівы білет у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы сёлета атрымалі 126 адораных юнакоў і дзяўчат. Лічба сапраўды значная.

На заключны этап універсітэцкай алімпіяды гэтага года ў ГрДУ прыехалі 329 старшакласнікаў (у мінулым годзе іх было толькі 215). Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі 28 чалавек, ІІ — 46 і ІІІ — 52.

— Мы маем права даваць дыпломы не больш чым 40% дзяцей па кожным прадмеце. Летась у нас былі 82 пераможцы, сёлета ўжо 126. Самая масавая алімпіяда атрымалася па прадмеце “Англійская мова”, якая прайшла ўпершыню. У мінулым годзе мы правялі 8 профільных алімпіяд па 6 прадметах, а сёлета 10 па 8 прадметах, дабавіўшы, акрамя англійскай мовы, яшчэ і хімію. Дарэчы, па яўцы ўдзельнікаў алімпіяда па хіміі была самая масавая — 86 чалавек, — паведаміла начальнік цэнтра развіцця кар’еры ГрДУ і старшыня аргкамітэта алімпіяды Ірына Карлюкова.

Яна пераканана: моцныя рэгіёны — моцная краіна. А Гро­дзенская вобласць сапраўды такая, і гэта пацвярджаюць у тым ліку і вынікі ўніверсітэцкай алімпіяды. Так, на заключным этапе хоць і была прадстаўлена ўся краіна, але больш за ўсё пераможцаў з Гродна і вобласці — 53 і 44 адпаведна. У лік дыпламантаў ГрДУ таксама ўвайшлі 11 прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці, 6 — Мінскай, па 5 — Гомельскай і Віцебскай і нават два чалавекі з Мінска.

Старшыня аргкамітэта алімпіяды вельмі перажывае, што з устаноўленай квотай месцаў для пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд у 15% ГрДУ можа страціць значную частку матываваных абітурыентаў, бо па некаторых спецыяльнасцях конкурс паміж дыпламантамі будзе дахо­дзіць да сямі чалавек на месца.

— Напрыклад, сёлета па спецыяльнасцях, на якія могуць быць залічаны пераможцы алімпіяды па англійскай мове, на 7 месцаў бу­дуць прэтэндаваць 33 дыпламанты, — дадала Ірына Аляксанд­раўна.

Па яе словах, у мінулым го­дзе ў ГрДУ падалі дакументы 36 пераможцаў алімпіяды, але вучацца толькі 30. Самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі сярод іх былі “Гісторыя” і “Прыкладная матэматыка”. На апошнюю нават быў конкурс і дазалічаны абітурыент Ягор Цыбін. Ён, дарэчы, пасля паспяховай здачы першай сесіі змог перавесціся на “Кібербяспеку”.

— Мы вельмі шчаслівыя, што Ягор стаў нашым студэнтам, бо ён увайшоў у групу, якая ўдзельнічае ў камандных чэмпіянатах па праграмаванні. Увогуле, на ўсіх факультэтах ГрДУ адзначаюць высокую матывава­насць студэнтаў з ліку пераможцаў нашай алімпіяды, — падкрэсліла І.А.Карлюкова.

На пытанне, ці складанай была алімпіяда, Ягор адказаў так:

— На маё здзіўленне, яна аказалася даволі простай. На мой погляд, сярод заданняў не было сапраўды “алімпіядных задач”, якія рашаюцца нестандартнымі спосабамі. Задачы былі падобныя да тых, што звычайна даюць на ЦТ. Адзінае адрозненне ад тэсціравання — патрабаванне напісаць не толькі адказ, але і рашэнне задачы.

Юнак перакананы, што паступленне ў ГрДУ было адзіным правільным варыянтам. Зараз ён вельмі задаволены навучаннем і раіць усім старшакласнікам спрабаваць свае сілы ў такіх алімпіядах.

— Адзінаццацікласнікі адчуваюць каласальнае напружанне пры выбары УВА, а мець вось такую падушку бяспекі будзе на карысць кожнаму. Калі ж раптам перамагчы не атрымаецца, то нічога дрэннага не здарыцца. Таксама хачу адзначыць, што падрыхтоўка да алімпіяд развівае дысцыпліну і ўменне разважаць, а таксама ву­чыць асвойваць новыя веды. Калі сцісла, матэрыял забудзецца — здольнасць разважаць застанецца, — падзяліўся думкамі Я.Цыбін.

У сваю чаргу пераможца ўніверсітэцкай алімпіяды гэтага года па рускай мове і літаратуры Аляксандра Ус прызналася, што яна ў алімпіядным руху не навічок: на яе рахунку не адна перамога ў абласной алімпіядзе, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

— Алімпіядамі я займаюся з шостага класа разам з любімай настаўніцай рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля імя В.Р.Пяшко Наталляй Іванаўнай Чаркес. Ужо ў дзявятым класе я дакладна ведала: хачу вучыцца на філфаку на аддзяленні рускай філалогіі. Летась даведалася, што на гэтую спецыяльнасць можна паступіць без экзаменаў, калі перамагчы ва ўніверсітэцкай алімпія­дзе, нацэлілася на гэта і перамагла, — расказала Аляксандра.

Зараз яна чакае старту першага этапу ўступнай кампаніі, які пачнецца ў канцы чэрвеня, каб аднесці свае дакументы для залічэння ў ГрДУ.

— Універсітэцкая алімпіяда дае магчымасць паступіць на спецыяльнасць мары, не здаючы ўступных іспытаў, а яшчэ гэта магчымасць праявіць свае веды і таленты, — рэзюмавала дзяўчына.

Інтэлектуальнае спаборніцтва

44 матываваныя і накіраваныя адзінаццацікласнікі — без пяці мінут студэнты Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

Сёлета ўніверсітэцкая алімпіяда ў МДПУ праводзілася па сямі прадметах: сусветнай гісторыі (найноўшы час), рускай літаратуры, матэматыцы, біялогіі, працоўным навучанні (абслуговая праца) і працоўным навучанні (тэхнічная праца), а яшчэ па англійскай мове. У папярэднім этапе паў­дзельнічала каля 400 адзі­нацца­цікласнікаў, да заключнага дайшлі 119, а перамаглі — 44.

— У алімпіядзе мінулага года па 6 прадметах дыпламантамі сталі 33 чалавекі, 19 з іх сёння — нашы студэнты розных факультэтаў. Адна з іх — выпускніца Парыцкай сярэдняй школы Светлагорскага раёна Вікторыя Старжынская, яна зараз вучыцца на філалагічным факультэце, — паведаміла намеснік старшыні аргкамітэта алімпіяды адказны сакратар прыёмнай камісіі МДПУ Алена Кавалёва.

Віка атрымала дыплом ІІ ступені за перамогу ў алімпіядзе па рускай літаратуры, паўдзельнічаць у якой дзяўчыне прапанавала дырэктар школы Вольга Уладзіміраўна Драздова.

— Я абрадавалася такой прапанове і вырашыла паспрабаваць свае сілы, і, як бачыце, удала. Рыхтавалася ўзмоцнена: наведвала факультатывы, стымулюючыя заняткі, шмат чытала, а таксама выкарыстоўвала інтэрнэт-рэсурсы. Канечне, я, як і ўся моладзь, марыла пра Мінск. Але калі ўпершыню прыехала ў Мазыр на ўручэнне дыпломаў пераможцам алімпіяды, то ўсе сумненні развеяліся, настолькі мне спадабаўся і гэты горад, і сам універсітэт. Хоць, напэўна, па-іншаму і быць не магло, бо я студэнтка МДПУ ў чац­вёртым пакаленні. Уся мая сям’я, пачынаючы ад прадзеда, — выпускнікі гэтай установы. А сёння і я з гордасцю магу сказаць, што з’яўляюся студэнткай Мазырскага пед­універсітэта, — дадала В.Старжынская.

Яшчэ адна пераможца алімпіяды мінулага года — Яна Шылянок. Родам дзяўчына са Слаўгарада, што ў Магілёўскім раёне. Зараз яна авалодвае спецыяльнасцю “Філалагічная адукацыя. Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійс­кая)”.

— Калі завуч маёй школы расказала пра ўніверсітэцкую алімпіяду, то я цвёрда вырашыла праверыць свае веды. Рыхтавалася да алімпіяды старанна: кожны дзень пісала канспекты, чытала кнігі, вывучала біяграфіі пісьменнікаў і паэтаў, а таксама аналізавала вершы і творы. Я хацела паступіць менавіта на філалагічны факультэт, бо мару быць філолагам. Гэтай спецыяльнасцю загарэлася ў 10 класе, калі зразумела, што мне падабаецца руская мова і літаратура, англійская мова. Ужо тады зразумела, што менавіта МДПУ стане лепшым месцам вучобы, нават нягле­дзячы на тое, што мне далёка дабірацца да яго з роднага горада. І не пашкадавала. У гэтым універсітэце я бачу выдатныя перспектывы, тут добрыя выкладчыкі і прыязная атмасфера, — прызналася Яна.

Універсітэцкая алі­м­піяда дапамагае зацікаў­леным старша­класнікам быць рэ­камендаванымі да залічэння ва ўніверсітэт у сакавіку.

— У нашым інтэлектуальным спаборніцтве кожны можа паспрабаваць свае сілы незалежна ад свайго вопыту ў алімпіядным руху. Я пераканана, што такія алімпіяды — вельмі патрэбнае пачынанне, якое, спа­дзяёмся, будзе мець працяг, — адзначыла Алена Кавалёва.

Важная траекторыя

Універсітэцкая алімпіяда ПДУ — пляцоўка, на якой старшакласнікі могуць прадэманстраваць уменне прымяняць свае веды ў вырашэнні складаных задач.

У Полацкім дзяржаўным уні­вер­сітэце імя Еўфрасінні Полацкай 23 сакавіка ў рамках адзінага дня адкрытых дзвя­рэй адбылася ўрачыстая цырымонія ўзна­гароджання пераможцаў універсітэцкай алімпіяды.

Магчымасць выпрабаваць свае сілы і веды вельмі неабходна маладым людзям на этапе іх станаўлення ў дарослым жыцці. Гэта дае разу­менне сваіх здольнасцей і сферы, у якой яны могуць быць задзейні­чаны.

У заключным этапе ўніверсітэцкай алімпіяды ПДУ прынялі ўдзел 144 абітурыенты. 62 з іх сталі ўладальнікамі не толькі дып­ломаў І, ІІ і ІІІ ступені, але і атрымалі шанс стаць студэнтам Полацкага ўніверсітэта без уступных іспытаў. Для параўнання: у мінулым годзе ў ПДУ пераможных дып­ломаў уручылі 55, дакументы падалі 30 чалавек, а ў выніку пас­тупіла толькі 18.

— Адна з важных траекторый паступлення ва УВА — удзел ва ўніверсітэцкай алімпіядзе. Мы заўсёды зацікаўлены ў тым, каб да нас прыходзілі самыя матываваныя, крэатыўныя і падрыхтаваныя абітурыенты, якія потым будуць працаваць на карысць развіцця нашага рэгіёна і краіны ў цэлым, — падкрэсліў рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі.

Колькі чалавек з 62 сёлетніх пераможцаў прыйдзе падаваць дакументы ў ПДУ — стане вядома толькі ў канцы чэрвеня.

— На жаль, спрагназаваць колькасць тых абітурыентаў з ліку дып­ламантаў, якія вернуцца да нас, пакуль немагчыма, бо ўсе яны на этапе вызначэння з УВА і спецыяльнасцю. Мы з усімі імі на сувязі, для іх право­дзяцца спецыяльныя праф­арыентацыйныя мерапрыемствы і сустрэчы. Спадзяёмся, што не страцім ніводнага, — падзяліўся думкамі адказны сакратар прыёмнай камісіі сябра аргкамітэта алімпіяды Павел Салдаценка.

Ён расказаў, што ў мінулым го­дзе тры пераможцы алімпіяды па фізіцы былі залічаны на спе­цыяльнасць “Камп’ютарная фізіка”. Па выніках першай сесіі іх сярэдні бал — 10.0, а значыць, па ўсіх прадметах яны вучацца на выдатна. Гэта яшчэ адзін паказчык іх матываванасці.

Першакурснік Савелій Кісялёў якраз і паступіў на спецыяль­насць “Камп’ютарная фізіка” як пераможца ўніверсітэцкай алімпіяды 2023 года. Рыхтаваўся да гэтага спаборніцтва як самастойна, так і разам са сваёй настаўніцай фізікі гімназіі № 1 Наваполацка Ірынай Сяргееўнай Ніканавай.

— У выніку я прайшоў алімпіяду і па фізіцы, і па матэматыцы. Дып­лом І ступені атрымаў па абодвух прадметах, але перавагу аддаў фізіцы. Заданні былі школьнага ўзроўню, хаця я чакаў больш складаных. Лічу, што ў працэсе падрыхтоўкі да такіх алімпіяд варта рашаць заданні на разуменне, бо ў школе больш нацэлены на простае завучванне матэрыялу. На ўніверсітэцкай алімпіядзе ацэньваюць тваё разуменне і ўменне рашаць заданні ў адрозненне ад ЦТ, дзе больш важны правільны адказ, — перакананы юнак. — Я вельмі рады, што паступіў у ПДУ. Тут цікава вучыцца, хоць, канечне, важна самому імкнуцца развівацца і праяўляць ініцыятыву.

Унікальны шанс

Сярод першакурснікаў БрДТУ Дар’я Нянадзік — адзіная, хто паступіў як пераможца ўніверсітэцкай алімпіяды.

— Універсітэцкая алімпіяда—2023 стала для нас свайго роду эксперыментам. Інтэлектуальнае спаборніцтва мы правялі па двух вучэбных прадметах: матэматыцы і фізіцы, пераможцы якіх мелі права быць залічанымі ў БрДТУ без уступных іспытаў на 6 спецыяльнас­цей. Да заключнага этапу па матэматыцы дайшлі 26 чалавек, перамог толькі адзін, а па фізіцы — 16 старшакласнікаў, але толькі чатыры сталі прызёрамі. Паступілі ж да нас толькі два пераможцы алімпіяды, прычым юнак пасля перадумаў і пайшоў на іншую спецыяльнасць на агульных умовах. А вось Даша, паступіўшы на спецыяль­насць “Экспертыза і кіраванне нерухомасцю”, засталася ву­чыцца на ёй, — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі і намеснік старшыні аргкамітэта алімпіяды БрДТУ Андрэй Парфіевіч.

Дар’я Нянадзік — выпускніца сярэдняй школы № 16 Брэс­та імя Героя Савецкага Саюза А.М.Карасёва. За падрыхтоўку да алімпіяды яна ўдзячна сваёй настаўніцы матэматыкі Валерыі Уладзіміраўне Швайко. З таленавітым педагогам Даша з задавальненнем займалася, удзельнічала ў рэспуб­ліканскіх алімпіядах па матэматыцы і хіміі і станавілася дыпламантам.

— Адразу я не ведала, куды паступаць. Нават здала ЦЭ і ЦТ, набрала 359 балаў. Аднак падумалі і вырашыла, калі я стала пераможцай універсітэцкай алімпіяды, то, значыць, трэба ісці туды, дзе яна праводзілася, — сказала дзяўчына. — Калі быць зацікаўленым у спецыяльнасці і своечасова выконваць усе заданні, то вучыцца ў БрДТУ не складана. Гэта добры ўніверсітэт з абсталяванымі лабараторыямі і шматлікімі практычнымі заняткамі, таму тут сапраўды практыка-арыентаванае навучанне.

Пасля першай універсітэцкай алімпіяды ў БрДТУ зрабілі высновы і выправілі недахопы. І ў гэтым годзе пайшлі іншым шляхам. Прычым першым крокам да прыцягнення матываваных і адораных абітурыентаў стала прапанова ўнесці змяненне ў пастанову Мінадукацыі аб пераліку спецыяльнасцей, на якія могуць пасту­паць пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд.

— Дзякуючы гэтаму, мы змаглі пашырыць спіс спе­цыяльнасцей да 11, дадаўшы ў яго “Лагістыку”, “Штучны інтэ­лект”, “Праграмную інжынерыю”, “Электронныя сістэмы і тэхналогіі” і “Аўтаматызацыю тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”. Да таго ж мы змянілі фармат правядзення алімпіяды. Папярэдні этап адбыўся ў дыстанцыйнай форме, каб прывабіць навучэнцаў розных рэгіёнаў. Прычым у гэтым годзе ўсе УВА право­дзілі дыстанцыйны этап у розны час, а вось заключны — у адзін дзень, каб старшакласнікі канчаткова вызначыліся з універсітэтам, — дадаў Анд­рэй Мікалаевіч.

Такім чынам у заключным этапе БрДТУ па матэматыцы ўдзельнічала 89 чалавек, з іх 6 сталі дыпламантамі, а па фізіцы — адпаведна 43 і 17. Усяго 23 старшакласнікі з Жабінкаўскага, Лунінецкага, Пінскага, Пружанскага раёнаў і нават адзін з Мінска рэкамендаваны да залічэння ў Брэсцкі тэхналагічны без экзаменаў.

— Мы спадзяёмся, што ўсе гэтыя абітурыенты скарыстаюцца дадзеным унікальным шансам і паступяць да нас, а ўніверсітэцкі алімпіядны рух будзе развівацца і прыносіць добрыя вынікі для рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі, — дадаў намеснік старшыні аргкамітэта алімпіяды.

***

Нагадаем, усе пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд рэкамендаваны да залічэння ва ўніверсітэты, у якіх яны прахо­дзілі. Пры ўмове станоўчых вынікаў цэнтралізаванага экзамену і наяўнасці стандартнага пакета дакументаў для абітурыентаў пры паступленні ва УВА юнакі і дзяўчаты змогуць стаць іх студэнтамі да пачатку асноўнага этапу ўступнай кампаніі і пазбег­нуць лішняй нервовасці.

Источник: https://nastgaz.by