РУС БЕЛ ENG 中文

Аб аказанні платных паслуг па навучанні і не толькі: рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

25.03.2024

На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

— Маю дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (скончыла Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж у 2014 годзе). У сувязі з неабходнасцю атрымання акрэдытацыі фітнес-трэнера (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 416 ад 28 чэрвеня 2023 года “Аб крытэрыях для праходжання (пацвярджэння, пазбаўлення) дзяржаўнай акрэдытацыі”) прыняла рашэнне паступаць у гэтым го­дзе на завочнае аддзяленне вышэйшай навучальнай установы фізкультурнага профілю. На падставе абноўленых Правіл прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкажыце, калі ласка, на наступныя пытанні. 1. Ці неабходны для атрымання першай вышэйшай адукацыі ў сферы фізічнай культуры стаж не меншы за 10 месяцаў на пасадзе служачага па выбраным профілі адукацыі, калі я маю будаўнічую сярэднюю спецыяльную адукацыю? 2. Ці маю я права па­даць дакументы для атрымання першай вышэйшай адукацыі па накіраванні, не звязанай з маёй сярэдняй
спецыяльнай адукацыяй?

— Прыём абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 года № 23 (далей — Правілы прыёму).

У адпаведнасці з абзацам трэцім часткі першай пункта 4 Правіл прыёму абітурыентам, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, для паступлення на завочную форму навучання неабходна мець не менш як 10 месяцаў стажу работы па выбраным профілі (напрамку) адукацыі на дату падачы дакументаў у прыёмную камісію ўстановы вышэйшай адукацыі.

У адпаведнасці з абзацамі чацвёртым і пятым часткі 1 пункта 4 Правіл прыёму абітурыентам, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, для паступлення на завочную форму навучання неабходна праца­ваць на пасадзе служачага (па прафесіі рабочага), ажыццяў­ляць прадпрымальніцкую дзейнасць або дзей­насць, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай, па выбраным профілі (напрамку) адукацыі або паступаць на спецыяльнасці адпаведнага профілю (напрамку) адукацыі. Пералік спецыяльнасцей прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія адпавядаюць профілю (напрамку) вышэйшай адукацыі, устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі.

Такім чынам, абітурыентам, якія ма­юць сярэднюю спецыяльную адукацыю, для паступлення на завочную форму навучання наяўнасць 10-месячнага стажу не патрабуецца. Для паступлення на завочную форму навучання неабходна працаваць па выбраным профілі (напрамку) адукацыі або паступаць на спецыяльнасці адпаведнага профілю (напрамку) адукацыі, вызначаныя пастановай Міністэрства адукацыі ад 15 сакавіка 2023 года № 99 “Аб спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія адпавядаюць профілю (напрамку) вышэйшай адукацыі”.

— Я скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна ў 2011 годзе па спецыяльнасці “Англійская мова. Нямецкая мова”. Мне была прысвоена кваліфікацыя “выкладчык”. Таксама маю пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі ў вочнай форме, з’яўляюся настаўнікам другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Вопыт работы — 8 гадоў. Планую стаць індывідуальным прадпрымальнікам і аказваць платныя паслугі па навучанні англійскай мове — як з нуля, так і тым, хто мае пэўную падрыхтоўку, у групах і індывідуальна. Па заканчэнні навучання дыплом дзяржаўнага ўзору выдавацца не будзе. Ці патрэбна мне ліцэнзія для правядзення заняткаў па англійскай мове для дзяцей школьнага ўзросту і дарослых?

— Віды адукацыйных праграм пэўнага ўзроўню асноўнай адукацыі або пэўнага віду дадатковай адукацыі, а таксама спецыяльнай адукацыі, патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры іх рэалізацыі вызначаны Кодэксам Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі, зацверджаным Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 студзеня 2022 года № 154-3 (далей — Кодэкс аб адукацыі), іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы адукацыі.

Віды дзейнасці, названыя ў вашым звароце, могуць быць аднесены да дадатковай адукацыі дарослых (раздзел XV Кодэкса аб адукацыі), да дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі (раздзел XIII Кодэкса аб адукацыі).

Звяртаем вашу ўвагу, што пунктам 3 артыкула 26 Кодэкса аб адукацыі ўстаноўлена, што індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць, могуць рэалізоўваць толькі:

адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі;

адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі;

адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых.

Такім чынам, індывідуальны прадпрымальнік не мае права рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 252 Кодэкса аб адукацыі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць, могуць рэалізоўваць наступныя адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых:

адукацыйную праграму вучэбных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў, афіцэрскіх курсаў і іншых вучэбных курсаў);

адукацыйную праграму курсаў мэтавага прызначэння;

адукацыйную праграму ўдасканалення магчымасцей і здольнасцей асобы.

Названыя вышэй адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых не ўваходзяць у пералік ліцэнзуемых паслуг.

Для даведкі: згодна з пунктам 2 артыкула 212 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 2022 года № 213-3 “Аб ліцэнзаванні” (далей — Закон) Міністэрства адукацыі ажыццяўляе ліцэнзаванне паслуг, якія складаюць ліцэнзуемы від дзейнасці, названых у падпунктах 2.1—2.5 пункта 2 артыкула 213 Закона. Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) і раённыя выканаўчыя камітэты ажыццяўляюць ліцэнзаванне паслуг, якія складаюць ліцэнзуемы від дзейнасці і названы ў падпунк­тах 2.6—2.13 пункта 2 артыкула 213 Закона.

Арганізуючы адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дарослых, неабходна кіравацца:

Палажэннем аб заснаванні дадатковай адукацыі дарослых, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2022 года № 379.

Для даведкі: гэтае палажэнне вызначае парадак дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых. У частцы вызначэння парадку прыёму (залічэння) асоб для атрымання дадатковай адукацыі дарослых нормы гэтага палажэння распаўсюджваюцца на іншую арганізацыю, індывідуальнага прадпрымальніка, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць;

Палажэннем аб вучэбных курсах дадатковай адукацыі дарослых, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2022 года № 296.

Для даведкі: арганізацыя адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы вучэбных курсаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з вучэбна-праграмнай дакументацыяй, пералік, парадак распрацоўкі і зацвярджэння якой вызначаны пунктам 8 артыкула 260 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Вучэбна-праграмная дакументацыя адукацыйнай праграмы вучэбных курсаў распрацоўваецца ўстановамі адукацыі, іншымі арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўля­юць адукацыйную дзейнасць, рэалізуюць адукацыйную праграму вучэбных курсаў, і зацвярджаецца іх кіраўнікамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі. Узгаднення з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь не патрабуецца.

Іншыя арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць, у адпаведнасці з часткай 2 пункта 4 артыкула 26 Кодэкса аб адукацыі паведамляюць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якія ажыццяўляюць кантроль за забеспячэннем якасці адукацыі, па месцы іх знахо­джання аб ажыццяўленні і спыненні ажыццяўлення імі адукацыйнай дзейнасці, акрамя ліцэнзуемай дзейнасці, адукацыйнай дзейнасці пры рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, названых у падпунктах 1.2 і 1.3 пунк­та 1 артыкула 252 Кодэкса аб адукацыі.

Інфармаванне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў ажыццяўляецца пісьмова ў адвольнай форме з указаннем назвы суб’екта гаспадарання, яго УНП (уліковага нумара плацельшчыка), віду адукацыйных праграм, якія рэалізуюцца.

Звяртаем увагу, што ў выпадку, калі суб’ект гаспадарання з мэтай пазбег­нуць ліцэнзавання называе ў якасці асноўнага віду эканамічнай дзейнасці неліцэнзуемы від дзейнасці, але пры гэтым рэалізуе, напрыклад, адукацыйную праграму дашкольнай або агульнай сярэдняй адукацыі, то яго дзейнасць з’яўляецца незаконнай (артыкул 13.3 “Незаконная прадпрымальніцкая дзей­насць” Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, артыкул 233 “Прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі)” Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Источник: https://nastgaz.by