РУС БЕЛ ENG 中文

Мінадукацыі: асноўную фазу рэвізіі УВА краіны плануецца завяршыць да пачатку ўступнай кампаніі — 2024

21.03.2024

Развіццё вышэйшай школы, экспарт адукацыйных паслуг і выхаваўчую работу ва ўніверсітэтах абмеркавалі на Рэспубліканскім савеце рэктараў УВА, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Практычна месяц прайшоў пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы, на якой падрабязна былі разгледжаны праблемныя моманты, што накапіліся ў нацыянальнай сістэме вышэйшай школы. Сёння па пяці асноўных напрамках пачалі дзейнасць рабочыя групы і падгрупы. Яны прааналізуюць практычна ўвесь спектр пытанняў вышэйшай школы: змест адукацыйных праграм, падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, патрабаванні заказчыкаў кадраў да якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, якіх выпускаюць нашы ўніверсітэты, а таксама пытанні выхаваўчай і ідэалагічнай работы.

— На пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі мы заслухалі першыя вынікі комплекснай работы, якую правёў кожны рэктар у сваім універсітэце. Акрамя рабочых груп, задзейнічаны і знешнія міністэрствы і ведамствы, якія маюць прамое дачыненне да названых пытанняў. Хутка будуць выпрацаваны канкрэтныя прапановы, якія ў найбліжэйшы час мы разгледзім у Міністэрстве адукацыі, — паведаміў Андрэй Іванавіч.

Ён падкрэсліў, што асноўную фазу маштабнай рэвізіі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны плануецца завяршыць да пачатку ўступнай кампаніі — 2024:

— Сёлета ўступная кампанія адбудзецца значна раней, бо правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання сумешчана з правядзеннем цэнтралізаванага экзамену, а здача ЦТ па трэцім прадмеце адбудзецца 3 і 6 чэрвеня. Мы будзем праводзіць маніторынг як уступнай кампаніі, так і вынікаў размеркавання выпускнікоў гэтага года. Вось гэтыя два пытанні — адны з асноўных у рэвізіі эфектыўнасці дзейнасці нашых універсітэтаў.

Да таго ж на савеце рэктараў былі падведзены пэўныя вынікі выканання задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы перад вышэйшай школай, сярод якіх адно з ключавых — выхаваўчая работа.

— Навучанне і выхаванне — два непарыўныя працэсы, якія грунтуюцца на фарміраванні базавых каштоўнасцей патрыятызму ўсіх грамадзян Беларусі. Адназначна важна, каб усе разумелі грамадска-палітычныя працэсы. Палітычная дзейнасць вызначаецца і нарматыўнай базай, і культурнымі асаблівасцямі беларускага народа, менавіта таму асаблівая ўвага звернута на моманты, звязаныя з падрыхтоўкай, арганізацыяй і правядзеннем Усебеларускага народнага сходу. Прычым размова тут ідзе і пра пастаянную актуалізацыю зместу адукацыі, бо нават у падрыхтоўцы інжынераў ёсць блокі, якія тычацца палітычнай дзейнасці, — расказаў старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў УВА рэктар БДУІР Вадзім Богуш.

У сваю чаргу міністр адукацыі таксама акцэнтаваў увагу, што працэсы навучання і выхавання непадзельныя:

— Выхаваўчая работа сярод моладзі павінна праводзіцца кожны дзень ад моманту, калі выкладчык заходзіць ва аўдыторыю. Ён бачыць вочы студэнтаў, выстройвае з імі размову не толькі як прафесіянал, але і як чалавек, які карыстаецца аўтарытэтам у навучэнцаў. Таму, канечне, мы сёння абсалютна не падзяляем працэс навучання і працэс выхавання — гэта адзінае цэлае. Упэўнены, што патэнцыял у нашых УВА, у прафесарска-выкладчыцкага складу ёсць дастатковы для таго, каб адэкватна вырашыць гэтую задачу.

Яшчэ была звернута ўвага і на тое, што кантрольныя лічбы прыёму ў айчынныя ўніверсітэты стануць вядомыя да 1 красавіка.

— Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам эканомікі праводзіцца вельмі скрупулёзная работа па фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Да 1 красавіка яны будуць абнародаваны. Сёлета падыходы да іх фарміравання істотна дапрацаваны, менавіта зыходзячы з пазіцый падрыхтоўкі тых кадраў, якія патрэбны не толькі нашым рэгіёнам, але і ў цэлым эканоміцы краіны, — праінфармаваў Андрэй Іванец.

Ён адзначыў, што прынцыповы акцэнт робіцца на падрыхтоўцы інжынерна-тэхнічных спецыялістаў, неабходных прамысловасці, медыкаў і педагогаў:

— Яны складаюць асноўную кагорту ў структуры агульнай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Акрамя таго, пад кіраўніцтвам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама сумесна з заказчыкамі кадраў праводзіцца поўная рэвізія зместу адукацыйных праграм — правяраецца, наколькі сёння яны актуальныя з пункту гледжання не толькі ведаў, але і кампетэнцый, навыкаў, якія атрымлівае выпускнік установы вышэйшай адукацыі.

Яшчэ адзін не менш важны аспект — вынікі другога сезона ўніверсітэцкіх алімпіяд, якія ўсё больш і больш набываюць папулярнасць у старшакласнікаў.

— У гэтым годзе мы ўбачылі істотны рост колькасці 11-класнікаў, якія вырашылі паўдзельнічаць у такім спаборніцтве, што паўплывала і на колькасць пераможцаў. Нагадаю: патрабаванні ў нас адзіныя — не больш за 15% месцаў ад кантрольных лічбаў прыёму могуць займаць пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд. Безумоўна, яны павінны быць па-сапраўднаму дастойнымі таго, каб без экзаменаў стаць першакурснікамі, — рэзюмаваў Андрэй Іванец.

Источник: https://nastgaz.by