РУС БЕЛ ENG 中文

У спецыяльнай школе-інтэрнаце Навагрудка рэалізуецца праекта да 215-годдзя з дня нараджэння М.В.Гогаля

20.03.2024

Педагогі ўстановы далучыліся да міжнароднага культурна­адукацыйнага праекта і распрацавалі свой праект “Гогалеўскі юбілейны год на Навагрудчыне, прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння М.В.Гогаля”. 

Магчымасць паглыбіцца ў магію свету Гогаля, ад­крыць пісьменніка з іншага боку, перанесціся ў эпоху, адлюстраваную на старонках яго твораў, атрымаюць педагогі і школьнікі Навагрудскага, Дзятлаўскага і Карэліцкага раёнаў. Аўтары праекта вырашылі выйсці за межы адной установы адукацыі і запрасілі да ўдзелу ў праекце калег са свайго, а таксама суседніх раё­наў.

— Сёння ва ўсім свеце рэалізуецца мноства цікавых праектаў, накіраваных на захаванне культурнай спадчыны. Беларусь і Расія маюць агульную шматвяковую гісторыю і валодаюць велізарным культурным патэнцыялам, — лічыць аўтар праек­та педагог спецыяльнай школы-інтэрната Навагрудка Алена Скварада. — Сама я ў праектнай дзейнасці ўжо шмат гадоў.

Алена Мікалаеўна таксама падкрэсліла, што тэматыка праекта была выбрана невыпадкова: цікавасць да творчасці М.В.Гогаля з гадамі не слабее. І гэта не дзіўна, бо класіка невычэрпная.

— Кожная эпоха адкрывае ў вялікай спадчыне мінулага раней не заўважаныя грані і знаходзіць у ім нешта важнае для сучаснікаў. Многае ў мастацкім, маральным і духоўным вопыце Гогаля сёння можа быць цікавым і павучальным для падрастаючага пакалення, — адзначыла педагог.

Мікалай Васільевіч Гогаль быў адметным майстрам мастацкага слова. У яго творах адлюстраваны глыбокія праблемы чалавечай душы, унікальны гумар і яркае апісанне жыцця людзей. Твор­часць вялікага пісьменніка, сюжэты яго твораў, яго непаўторная мова хвалююць многія пакаленні чытачоў.

— Гогалеўскі юбілейны год на Навагрудчыне, мы ўпэўнены, стане яркай і незабыўнай па­дзеяй, якая дазволіць паглыбіцца ў свет пісьменніцкага таленту Мікалая Васільевіча і ацаніць яго значэнне для сучаснасці, — падкрэсліў дырэктар спецшколы-інтэрната кіраўнік праекта Алег Анікевіч. — Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць начальніку ўпраўлення адукацыі райвыканкама Л.В.Мароз за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі праекта. Запрашаем усіх аматараў літаратуры і мастацтва прыняць удзел у мерапрыемствах праекта: пазнаёміцца з Гогалем бліжэй і адкрыць для сябе новыя грані яго геніяльнасці.

У рамках праекта плануецца правядзенне фестывалю тэатральных мініяцюр дзіцячых калектываў “Гогалеўскія вечары каля Навагрудчыны”, навукова-практычнай канферэнцыі для педагогаў “Сучаснае прачытанне класічных твораў М.В.Гогаля”, стварэнне адукацыйнага сайта для школьнікаў сярэдняга і старшага звяна “Загадкавы свет гогалеўскага слова” і іншыя мерапрыемствы. Цікавай для школьнікаў абяцае быць паездка ў Санкт-Пецярбург.

Источник: https://nastgaz.by