РУС БЕЛ ENG 中文

Код нацыі: настаўніцкая скарбонка Паўла Богдана

20.03.2024

Працу ў школе часцей выбіраюць жанчыны. Мужчын сярод выкладчыкаў некаторых прадметаў увогуле цяжка сустрэць. Вось і Павел Богдан – адзіны ў Гродзенскім раёне настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Тры філолагі ў хаце

Нарадзіўся Павел у Рацічах у сям’і механізатара і прадаўца. Вучыўся ў мясцовай школе. Больш за ўсё захапляўся біялогіяй, хіміяй і мовамі. Асабліва беларускай (яна заўсёды дамінавала ў трасянцы заходняга аграгарадка і была неяк бліжэй да сэрца). Філалагічныя і літаратурныя веды хлапец правяраў на раённых алімпіядах. А калі настаў час выбіраць прафесію, бачыў сябе памежнікам або настаўнікам. Вызначыцца з канчатковым варыянтам малодшаму з трох дзяцей-пагодкаў дапамаглі яго сёстры. Яны расхвальвалі свае заняткі на філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы і знаёмствы з яскравымі асобамі.
Дзякуючы блізкім Павел добра разумеў, што чакае ва ўніверсітэце. Неўзабаве ён апынуўся ў сапраўдным кветніку ВНУ: на 18 дзяўчат толькі 2 хлопцы! Падабалася атрымліваць шмат увагі і просьбаў. Спатрэбіліся і акцёрскія, і іншыя здольнасці для ўдзелу ў розных мерапрыемствах. Актыўнасць праявіў будучы спецыяліст непасрэдна ў вучобе, бо хацелася стаць не горшым за тых, хто выкладаў яму. Размаўляў выключна па-беларуску, каб дасягнуць дасканалага ўзроўню.
– Ніхто з нашай сям’і не шкадуе аб аднолькавых дыпломах і прафесійным шляху, – кажа Павел Богдан. – Мая сястра Бажэна цяпер намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Раціцкай сярэдняй школе. А Юлія – выхавальнік групы падоўжанага дня і лабарант. Яна завочна атрымлівае веды па выкладанню ў пачатковых класах, бо больш палюбіла займацца з маленькімі дзеткамі.

Хвалюючая практыка

Засталася ў памяці апошняя практыка у гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта, што ў абласным цэнтры. Адразу накіравалі да старшакласнікаў, было хвалююча. Як данесці тэмы? Практыкант прыслухоўваўся да парад кіраўніка, даваў незвычайныя заданні, бачыў задаволеныя іскрыстыя вочы падлеткаў. Думаў прымяніць вопыт пасля размеркавання ў Парэччы. Але за дзень да канчатковага накіравання на працу атрымаў прапанову ад СШ №3 г. Скідзеля імя Е. М. Шаўчэнка. Пагадзіўся без разважанняў.
– Пра моц скідзельскіх школ хадзілі чуткі. Таму я меў вялікія спадзяванні, – прызнаўся малады настаўнік. – Добра пачаць самастойнае жыццё з таго, што зняць кватэру ва ўтульным гарадку і пайсці на працу, дзе з табой падзеляцца вопытам і дапамогуць раскрыць сябе. Да новай абстаноўкі прызвычаіўся за месяц. Клапаціўся аб тым, каб на кожным уроку дзеці мяне ўспрымалі пазітыўна. Праяўляў да іх дабрыню, спакой і лаяльнасць, добра ведаў маладзёжны слэнг, таму хутка атрымаў давер. Цяпер да мяне часта прыходзяць за парадай, або жадаюць падзяліцца чымсьці.
Павел Андрэевіч зараз выкладае ў сёмым і восьмых классах. Ужо пайшоў трэці «адпрацовачны» год. На пачаткоўцаў звычайна не накладаюць значную нагрузку, каб была магчымасць набрацца вопыту без рызыку эмацыйнага выгарання. Але грашовае пытанне не на апошнім месцы. Таму час паказаў, што статус маладога спецыяліста не лішні, бо гарантуе даплаты і невялікія падаткавыя прэферэнцыі. 

Радок, агаляючы нервы

Літаратура трошкі больш даспадобы Паўлу Андрэевічу: цікава паслухаць, якія сэнсы знаходзяць дзеці і што ўразіла ў творы. Моцна ў іх адклікаецца тэма вайны. «Знак бяды» Васіля Быкава, «Балада аб чатырох заложніках» Аркадзя Куляшова і іншыя тэксты радок за радком агаляюць нервы. Найбольшае здзіўленне ў дзяцей выклівае адсутнасць у беларускай літаратуры твораў цалкам пра прыроду. Маўляў, нават калі аўтары апісваюць поле, лес, раку, то пад вобразамі маюцца на ўвазе людзі, іх праблемы і адносіны.
На ўроках мовы настаўнік расказвае
не толькі правілы, але і як іх лепш запомніць, выкарыстоўвае прэзентаціі і анімацыю, каб прыцягнуць увагу. Найлепшым вынікам працы лічыць тое, што дзеці насамрэч разбіраюцца ў матэрыяле і маюць жаданне зноў прыйсці на заняткі. Некаторыя просяць дадатковае заданне і хочуць падрыхтавацца да школьнай алімпіяды.
– Часам вучні смяюцца з такіх словаў, як жарынка, твар і пыска. Але ўсё роўна дрыгатліва ставяцца да мовы. Ім падабаецца, напрыклад, як вобразна мы называем шматпавярхоўку хмарачосам, – адзначыў Павел Богдан. – Дзеці адчуваюць код нацыі. Разумеюць, што беларус шчодры і гасцінны, пры гэтым адважны патрыёт, які гатовы ахвяраваць дзеля блізкіх і краіны. Я стаў кіраўніком па ваенна-патрыятычнаму выхаванню адразу, калі такая пасада з’явілася ў школах. Таму паспеў адзначыць агульную добрую рысу нашай моладзі: яна неабыякавая да чужога болю і імкнецца дапамагаць. Значыць, мы правільна іх гадуем.

Важная роля

Хобі ў Паўла Андрэевіча адпавядае земляробскаму духу яго бацькі. Хоць не на палях, але лёгкая рука знаходзіць справу – вырошчванне хатніх раслін у гаршках. Таксама па-мужчынску дапамагае маці садзіць агарод, каб усходы добра раслі. Малады настаўнік у час адпачынку можа ўключыць «Драздоў», свой любімы музычны гурт з ліку беларускіх. Апошнім часам вельмі падабаюцца песні «Беларуская мова» і «Хата бацькоў».
 
Галоўным у жыцці Павел Богдан лічыць сям’ю, сяброў і кар’еру. Пакуль ацэньвае неабходнасць адвучыцца ў магістратуры. І стаць татам плануе абавязкова. Кажа, гэта самая каштоўная роля. А жанчыну, якая падорыць сына або дачку, магчыма кахаць ячшэ мацней. Як у вершах.
 
Источник: https://proregion24.by