РУС БЕЛ ENG 中文

Спецыялісты РІПА расказваюць пра тры мадэлі эфектыўнай прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў

20.03.2024

Увядзенне прафесійнай падрыхтоўкі ў 10—11(12) класах устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі нашай краіны ў першую чаргу прадугледжвае пашырэнне і ўдасканаленне прафарыентацыйнай работы са старшакласнікамі, якія не вучацца ў профільных класах і яшчэ не вырашылі, чым будуць займацца пасля заканчэння вучобы. 

Злева направа: Нэла Шахрай, Алена Дыро, Вольга Кулік

Менавіта прафесійная падрыхтоўка дазваляе ім зрабіць свядомы выбар будучай прафесіі і гарантуе ў далейшым працаўладкаванне. Тэма працоўнага навучання школьнікаў была закранута яшчэ на Рэспубліканскім педагагічным савеце ў жніўні 2017 года, калі А.Р.Лукашэнка звярнуў увагу кіраўнікоў і педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі на неабходнасць павышэння якасці працоўнага навучання і выхавання навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Аб значнасці прафесійнай падрыхтоўкі гаварыў на нядаўняй нарадзе ў кіраўніка краіны і міністр адукацыі Андрэй Іванец. Ён адзначыў, што сёлета навучанне па рабочых прафесіях прахо­дзяць 30 тысяч школьнікаў. Высокі вынік гэтай работы пацвярджаецца тым, што з кожным годам расце колькасць навучэнцаў, якія пасля заканчэння школы атрымліваюць дакумент аб навучанні з прысваеннем разраду па прафесіі рабочага або пасады служачага і ўжо маюць магчы­масць па­чаць прафесійную дзейнасць.

Міністэрства адукацыі зацвердзіла шэраг дакументаў па арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, што дало магчымасць выбудаваць сістэму работы ў гэтым напрамку. Комплексную метадычную падтрымку забяспечвае Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Як гэта адбываецца, расказваюць супрацоўнікі цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі РІПА.

Станоўчая матывацыя

— Закранаючы перадгісторыю развіцця прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, трэба адзна­чыць, што прадмет “Працоўнае навучанне” быў уведзены ў вучэбны працэс з 2018/2019 навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі для навучэнцаў 10-х класаў, якія вывучаюць усе вучэбныя прадметы на базавым узроўні, — расказала Вольга Кулік, начальнік цэнтра. — У яго рамках — 6 га­дзін у тыдзень (420 гадзін за два гады) — рэалізуецца адукацыйная праграма прафесійнай пад­рыхтоўкі рабочых (служачых), накіраваная на асваенне навучэнцамі прафесій рабочых (пасад служачых), павышэнне іх сацыяльнай абароненасці на рынку працы, фарміраванне станоўчай матывацыі да працягу прафесійнай адукацыі.

Начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў РІПА Алена Дыро адзначыла, што асноўнай мэтай працоўнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца прадастаўленне навучэнцам магчымасці атры­маць прафесійныя ўменні і навыкі, асвоіць пэўную прафесію. На выхадзе яны атрымліваюць пасведчанне дзяржаўнага ўзору аб падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі рабочага (служачага) — дакумент, які выдаецца пры засваенні асобных адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых. Гэта азначае, што выпускнік мае магчымасць пры неабходнасці працаўладкавацца адразу пасля заканчэння школы або паступіць ва ўстанову, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) уключа­юць тэарэтычнае і вытворчае навучанне. Тэарэтычнае ­навучанне накіравана на атрыманне навучэнцамі ведаў, неабходных для фарміравання ўменняў і навыкаў па прафесіі рабочага (пасады служачага), вытворчае навучанне прадугледжвае адпрацоўку практычных уменняў і навыкаў.

На любы густ

Штогод загадам міністра адукацыі вызначаецца пералік прафесій рабочых (пасад служачых) для прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў 10(11)—11(12) класаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, сфарміраваны на падставе Пераліку прафесій для падрыхтоўкі рабочых, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 30 студзеня 2018 года № 7/14.

Каб стварыць пералік прафесій для прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, папярэдне была праведзена вялікая і карпатлівая сумесная работа Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Пры яго распрацоўцы ўлічваліся меркаванні і прапановы ўсіх зацікаўленых бакоў. Вывучаліся запыты школьнікаў, іх патрэбы ў асваенні той ці іншай прафесіі рабочага (пасады служачага). Праводзіўся аналіз патрэбы рынку працы рэгіёнаў і сталіцы ў работніках пэўных прафесій (пасад), вывучаліся магчымасці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, наяўнасць неабходнага кадравага рэсурсу. Штогод пералік абнаўляецца: дабаўляюцца прафесіі рабочых, актуальныя для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў нашай краіны, выключаюцца незапатрабаваныя.

— Такім чынам, сёння мы маем найбольш аптымальны пералік прафесій, не дагматычны, а мабільны, які ўвесь час ­карэкціруецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Ён дастаткова разнастайны і ахоплівае многія галіны эканомікі і сацыяльнай сферы, — адзначыла Алена Фёдараўна. — У гэтым навучальным годзе школьнікам прапануецца 87 прафесій рабочых і 4 пасады служачых. Сярод іх прадавец, кухар, швачка, аператар электронна-вылічальных машын, а таксама справавод, агент рэкламны і шэраг іншых прафесій, якія запатрабаваны моладдзю. У адпаведнасці з запытамі эканомікі, для ўзмацнення практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі кадраў у гэтым годзе плануецца дапаўненне пераліку тымі прафесіямі рабочых, якія маюць сельскагаспадарчы профіль.

Тры мадэлі

Вольга Кулік расказала, што кожны год Міністэрствам адукацыі зацвярджаецца прыкладны вучэбны план прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) для распрацоўкі вучэбных планаў устаноў адукацыі, якія рэалізу­юць адукацыйныя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) для навучэнцаў 10(11)—11(12) класаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

Сумесна з РІПА рыхтуецца Інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі “Аб арганізацыі прафесійнай пад­рыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. У дапамогу інстытутам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі і правядзенні кваліфікацыйнага экзамену па выніках засваення навучэнцамі 10(11)—11(12) класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльных школ, ­спецыяльных школ-інтэрнатаў адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі.

— З мэтай арганізацыі эфектыўнай прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў і з улікам магчымасцей устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ім прапануецца выбраць адну з трох мадэлей арганізацыі навучання, — удакладніла Вольга Мікалаеўна. — Першая мадэль прадугледжвае арганізацыю заняткаў па асваенні прафесіі непасрэдна ў агульнаадукацыйных і спецыяльных навучальных установах. Другая мадэль падразумявае арганізацыю заняткаў для школьнікаў некалькіх адукацыйных устаноў на базе адной установы па прынцыпе міжшкольных факультатываў. Па трэцяй мадэлі заняткі арганізуюцца на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, а таксама ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў дадатковай адукацыі дарослых.

Нэла Шахрай, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі РІПА, расказала, як рэалізуюцца ма­дэлі на практыцы ва ўстановах адукацыі краіны. Напрыклад, першая ма­дэль прымяняецца ў Камсамольскай сярэдняй школе Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці па прафесіі агароднік. На тэрыторыі ўстановы адукацыі знахо­дзяцца пры­школьны ўчастак, цяпліца, сад. На ўроках вытворчага навучання і вытворчай практыкі навучэнцы адпрацоўваюць тэмы вучэбнай праграмы: разбіва­юць участкі для пасадкі агародных культур (агародніны), вырошчваюць расаду і высаджваюць у цяпліцу, ажыццяўляюць паліў і праполку раслін, вучацца высаджваць расаду ў грунт. У выніку адбываецца патанненне школьнага харчавання за кошт выкарыстання вырашчанай агародніны ў школьнай сталовай, а таксама яе рэалізацыі мясцоваму насельніцтву. Пасля заканчэння школы некаторыя навучэнцы працягваюць вучобу ў Палескім дзяржаўным аграрным каледжы імя У.Ф.Міцкевіча, Буда-Кашалёўскім аграрна-тэхнічным каледжы. Другая мадэль менш запатрабавана (каля 10%) і прымяняецца ў тым выпадку, калі школы не маюць магчымасці арганізаваць навучанне на сваёй тэрыторыі з-за адсутнасці неабходнай матэрыяльнай базы і выкладчыкаў адпаведнай кваліфікацыі.

Па словах метадыста, трэцяя мадэль адназначна лічыцца найбольш эфектыўнай, асабліва ў тым выпадку, калі прафесійная падрыхтоўка школьнікаў у поўным аб’ёме арганізавана на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта звязана з тым, што каледжы першапачаткова накіраваны на атрыманне высокага ўзроўню ведаў і ўменняў па пэўных прафесіях рабочых, таму аснашчаны сучасным абсталяваннем, неабходным інструментам. Навучанне праводзяць кваліфікаваныя майстры вытворчага навучання і выкладчыкі спецыяльных вучэбных дысцыплін. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці ў прафесійнай падрыхтоўцы школьнікаў задзейнічаны ўсе ўстановы, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Маніторынг мадэльных пераваг

У 2023 годзе РІПА праводзіў маніторынг па вызначэнні найбольш эфектыўнай мадэлі арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў. Часцей за ўсё навучальныя ўстановы выкарыстоўваюць трэцюю мадэль. Установы адукацыі адзначаюць, што першыя дзве мадэлі прымяняюць толькі ў тым выпадку, калі не маюць магчымасці арганіза­ваць навучанне на базе прафесійных навучальных устаноў з-за іх адсутнасці ў населеным пункце або пры немагчымасці арганізаваць падвоз дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Што тычыцца Мінска, то адметнасцю арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў 10(11)—11(12) класаў сталічных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца наяўнасць аддзяленняў прафесійнай падрыхтоўкі на базе каледжаў, якія ахопліваюць усіх сталічных школьнікаў, што вывучаюць вучэбныя прадметы на базавым узроўні. Прафесійная падрыхтоўка на базе такіх аддзяленняў мае шэраг пераваг. Так, на кожным аддзяленні прафесійнай падрыхтоўкі прадстаўлены шырокі спектр прафесій, што дазваляе рэалізоўваць асобасна арыентаваны падыход да кожнага вучня з улікам яго інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей. Да таго ж забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжаў, якая адпавядае патрабаванням адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” пры арганізацыі як тэарэтычнага, так і вытворчага навучання. Яшчэ адна перавага ў тым, што аддзяленнямі прафесійнай падрыхтоўкі ўстаноўлены цесныя сувязі з прадпрыемствамі і арганізацыямі горада. Напрыклад, у Мінскім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі вытворчае навучанне і вытворчую практыку школьнікі праходзяць непасрэдна на прадпрыемствах і ў арганізацыях Мінска, сярод якіх ААТ “Мотавелазавод”, КУП “КШХ горада Мінска”, ААТ “Алеся”, РУП “Прэзідэнт-атэль”, “Планета”, вытворча-гандлёвы і гасцінічны комплекс “Кастрычніцкі”, ААТ “Белстандартінвест”, ААТ “Белмаркеткампані”, ЗАТ “Універсам Байкальскі”, УП “Універмаг Беларусь”, ААТ “Санта Рытэйл” і іншыя, што садзейнічае максімальнай адаптацыі вучняў да рэальных вытворчых умоў.

У ходзе эксперымента

Алена Дыро адзначыла, што інстытут вядзе работу па вывучэнні магчымасці павышэння выніковасці прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, арганізоўвае курсы павышэння кваліфікацыі для загадчыкаў аддзяленняў, выкладчыкаў, метадыстаў, майстроў вытворчага навучання па тэме “Арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі”. Ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць.

У перыяд з 2019 па 2023 год РІПА сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі рэалізоўваў эксперыментальны праект “Распрацоўка і апрабацыя мадэлі рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па IT-прафесіях у рамках працоўнага навучання школьнікаў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій”. Пачаўся праект з удзелу дзвюх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Оршы, а потым да праекта далучыліся яшчэ 14 устаноў краіны.

У ходзе эксперымента распрацаваны праект прафесійнага стандарту “Наладка апаратнага і праграмнага забеспячэння”, які прайшоў прафесійнае абмеркаванне і атрымаў высокую ацэнку Сектаральнага савета кваліфікацый у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і сувязі пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі. У выніку ў Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік работ і прафесій рабочых і, адпаведна, у пералік прафесій рабочых, а таксама ў пералік прафесій для навучання школьнікаў унесена новая прафесія — наладчык апаратнага і праграмнага забеспячэння. Пры паспяховым яе асваенні школьнікам прысвойваецца 5-ы разрад.

Была распрацавана неабходная вучэбна-праграмная дакументацыя, створаны вучэбны кантэнт для правядзення заняткаў у дыстанцыйным фармаце, праведзена навучанне настаўнікаў па праграме павышэння кваліфікацыі “Тэхналогіі электроннага навучання” і арганізаваны факультатыўныя заняткі з навучэнцамі 9-х класаў, накіраваныя на фарміраванне цікавасці да IT-прафесій і павышэнне вучэбнай матывацыі школьнікаў.

Акцэнт на якасці

Вольга Кулік падкрэсліла, што выбар будучай прафесіі — няпростая задача як для навучэнцаў, так і для іх бацькоў.

Сучаснае разуменне прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў заключаецца ў яе накіраванасці не толькі на выбар канкрэтнай прафесіі кожным навучэнцам, але і на фарміраванне ў іх якасцей асобы, прафесійна важных кампетэнцый, якія дазваляюць не толькі ажыццяўляць свядомы, самастойны і адэкватны прафесійны выбар, але і быць адказнымі за гэты выбар, быць прафесійна мабільнымі, што дазволіць ім рэалізаваць сябе як у прафесійным, так і ў сацыяльным плане.

У 2024 годзе зроблены асаблівы акцэнт на якасці. У гэтым выпадку вырашэнне задачы непасрэдна звязана з удасканаленнем зместу, форм і метадаў навучання, з пашырэннем магчымасцей прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі на базе розных устаноў адукацыі пры іх сеткавым узаемадзеянні, з падрыхтоўкай кадравага рэсурсу, задзейнічанага ў навучанні школьнікаў рабочым прафесіям.

Источник: https://nastgaz.by