РУС БЕЛ ENG 中文

Тэхналогіі навучання педагогаў дзіцячага сада № 2 Дзятлава адзначаюць на ўзроўні рэспублікі

11.03.2024

Аўтарскія дыдактычныя гульні і практыкаванні, праблемна-гульнявыя сітуацыі, відэаролікі, ЭАР, сродкі візуалізацыі і іншыя адукацыйныя рэсурсы выкарыстоўваюць у сваёй рабоце выхавальнікі дзіцячага сада № 2 Дзятлава.

Калі трапляеш на тэрыторыю дзіцячага сада, заўважаеш маляўніча аформленыя дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, аб’яднаныя агульнай тэмай «Пазнай Беларусь». На сценах пад навесамі, дзе гуляюць і адпачываюць дзеці, творчыя педагогі адлюстравалі ў выглядзе шасцівугольнікаў памятныя мясціны горада, прыродныя сімвалы краіны, элементы беларускага арнаменту, прадставілі нашу краіну з яе гарадамі і мясцовую легенду пра Дзятліцу — дзяўчынку-канюшынку, якая стагоддзямі расце на берагах старажытнага возера Зьята — адсюль і пайшла назва гэтай зямлі. Такім чынам, падчас штодзённых прагулак дзеці вывучаюць карысную для сябе інфармацыю. 

— Дзіцячы сад № 2 Дзятлава па выніках 2022 г. быў прызнаны лепшым сярод гарадскіх дзіцячых садоў у Гродзенскай вобласці, — дзеліцца загадчыца Святлана Ус. — Сакрэт поспеху бачыцца ў тым, што ў калектыве ідзе пастаянная работа над павышэннем адукацыйнага ўзроўню кожнага педагога праз перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, удзел у конкурсах, укараненне інавацый. Нават калі аднаго чалавека мы сарыентуем на самаразвіццё, падцягваюцца і іншыя. 70 % нашых педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, трое з’яўляюцца кіраўнікамі раённых метадычных фарміраванняў, усе выхавальнікі з  профільнай дашкольнай адукацыяй — гэта сапраўдная каманда!

З кастрычніка 2023 г. у садзе рэалізуецца праграма аб’яднання па інтарэсах «Інфарматыка без разеткі». І ўжо чацвёрты год ідзе работа над інавацыйным праектам «Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту». Сярод яго ўдзельнікаў выхавальніца Ларыса Анатольеўна Балбунова:

— Веды па эканоміцы мы даём праз гульнявую дзейнасць. Наша галоўная дзеючая гераіня — «Залатая манетка» — мяккая цацка, якую я пашыла сама і ўключаю ў сцэнарыі сваіх аўтарскіх настольна-друкаваных гульняў «Падарожжа залатой манеткі», «Супермаркет» і сюжэтна-ролевай гульні «Сям’я», канспекты заняткаў і мерапрыемстваў па тэме праекта. У іх даступна расказваю пра тое, адкуль бяруцца грошы, хто іх у сям’і зарабляе, як правільна рабіць пакупкі ў магазіне, што нельга набыць за грошы і г. д.

Педагогі-наватары стварылі каталог ЭАР па знаёмстве дзяцей з прыроднымі аб’ектамі роднай краіны, асаблівасцямі народных промыслаў, правіламі прыродакарыстання, вырабілі кластары (аб даходах і расходах, аб уласцівасцях грашовых купюр, вады і паветра, дрэва, паперы і пластмасы), з дапамогай якіх замацоўваюць уласцівасці гэтых аб’ектаў і правілы абыходжання з імі. Выхоўваць у малых беражлівасць, працавітасць, акуратнасць, эканомнасць дапамагае выкарыстанне асноў алгарытмікі. Акрамя таго, з 4 гадоў дзеці наведваюць гурток па экалогіі, удзельнічаюць у дабрачынным сацыяльна-экалагічным праекце «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі!» пад дэвізам #закрутимдоброедело.

Установу сёння наведваюць 180 выхаванцаў. Тут функцыянуюць 8 груп для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, група інтэграванага навучання і выхавання, рознаўзроставая санаторная група, спецыяльная — для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, група вячэрняга знаходжання і прагулачная група кароткачасовага знаходжання для тых малышоў, якія пакуль не наведваюць установу, дзейнічае мацярынская школа. 40 выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця займаюцца на пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Каб дапамагчы сфарміраваць элементарныя матэматычныя ўяўленні ў старшых дашкольнікаў з цяжкімі парушэннямі маўлення, выхавальнікі Святлана Духоўнік, Вольга Лашкоўская і настаўнік-дэфектолаг Святлана Некрашэвіч распрацавалі ЭАР «Матэматычны паравозік» і былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені на XIII Рэспубліканскім конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт».

Работа Святланы Духоўнік «Сістэма гульнявых сітуацый для актывізацыі маўленчага пераймання ў дзяцей 3—4 гадоў з агульным недаразвіццём маўлення (1-ы ўзровень маўленчага развіцця)» была прызнана лепшай на VII Рэспубліканскім конкурсе «Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі» ў намінацыі «Інтэрактыўнае навучанне». У абласным этапе восьмага конкурсу сучасных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі педагог адзначана дыпломам ІІ ступені за работу «Фарміраванне складовай структуры слова на падрыхтоўчым этапе ў дзяцей ад 3 да 5 гадоў з агульным недаразвіццём маўлення (1-ы — 2-і ўзроўні маўленчага развіцця) з дапамогай выкарыстання спецыяльна распрацаваных сюжэтна-дыдактычных комплексаў».

Святлана Некрашэвіч і Таццяна Зенава стварылі ЭАР «Хвілінка з Васілінкай» для таго, каб дапамагчы малышам у вывучэнні беларускай мовы, і былі адзначаны дыпломам ІІ ступені абласнога конкурсу «ІТ-майстар» у намінацыі «Гейміфікацыя ў адукацыі».

Створана скарбонка ЭАР па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні з прэзентацыямі, відэаролікамі, мультфільмамі, інтэрактыўнымі гульнямі і віртуальнымі экскурсіямі. Выхавальнікі Алена Капковіч, Галіна Хрышчановіч і музычны кіраўнік Вольга Палухіна ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені на абласным фестывалі педагагічнага майстэрства «Крок у будучыню» за лепшую метадычную распрацоўку па тэме «Выхаванне грамадзяніна і патрыёта» — сцэнарыя літаратурна-музычнай забавы для дзяцей старшай групы «Ручнік тканы, вышываны».

Заяўляюць пра сябе на высокім узроўні і выхаванцы ўстановы. Дыпломам ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту ў намінацыі «Незвычайнае ў звычайным» адзначана выхаванка Паліна Гранкоўская за работу «Як лічыць крокамер?». У Дзятлаўскім раёне праводзіцца і свой інтэлектуальны конкурс для выхаванцаў «Любазнайка».

Дзіцячы сад № 2 Дзятлава прызнаны пераможцам адкрытага дыстанцыйнага культурна-асветніцкага марафону НІА «Час вымяраецца памяццю», скіраванага на захаванне і папулярызацыю гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі. Падчас марафону 28 выхаванцаў 4—6 гадоў атрымалі дыпломы. Пры падтрымцы педагогаў яны дэкламавалі вершы, выконвалі песні, малявалі, майстравалі вырабы з лазы і драўляных палачак.   

Источник: https://nastgaz.by